2.
Тым часам начамі Славіку пачала сніцца яна — дзяўчына, з якой ён некалі сябраваў, якую… кахаў.
Але найчасцей тая дзяўчына снілася яму так, быццам яна з ім тут, у інтэрнаце, а не ў тым горадзе, у Гомелі, дзе яны гулялі па вуліцах, размаўлялі пра нешта неістотнае… Ён разумеў нават у сне-мроіве, што яна не можа быць побач з ім, але нічога не мог зрабіць. Прачнуўшыся, ён думаў, што яна з таго, ранейшага ягонага жыцця, а не з гэтага, бо тут такой не было дакладна. Але калі яна яму снілася і паўтаралася ў снах, то ён стаў лічыць яе рэальнай асобай.
Аднойчы ў сне ён пачуў яе імя: Люда. Пачуў ці яно проста ўсплыло побач з ейным вобразам, але менавіта так ён і пачаў называць яе ў сваіх думках. Паступова звестак пра Люду — прыгаданых і вылушчаных са сноў — рабілася ўсё болей. Ён ужо ведаў, што яна студэнтка ўніверсітэта. Але нешта турбуе яго ў сувязі з гэтым… Ён разумеў: прайшло тры гады, і наўрад ці яна цяпер у Гомелі. Пэўна, з’ехала адтуль. Ну, вядома, прайшлі гады і яна адвучылася. Але куды яна з’ехала? Дзе яна можа быць? У якім іншым горадзе? Ці мо вёсцы? Гэтага пакуль ён згадаць ніяк не мог. У ягоных вушах гучаў ейны голас, у вачах стаяла мілая постаць хударлявай дзяўчынкі з дробнымі, тонкімі рысамі твару, маленькім вострым носікам і светла-жытнёвымі валасамі…
Здаецца, ён адчуваў яе рукі ў сваіх руках, яе галаву на сваім плячы, пах яе валасоў… Вусны ягоныя шукалі і краналіся ейных вуснаў і шапталі «каханая»… Яна была такой блізкай і такой… недасягальнай.
Ён не ведаў, а таму бясконца сумняваўся, ці ёсць яна, Люда, недзе на белым свеце ўвогуле, ці яна не прыдумка ягоная, навеяная… Таняй альбо яшчэ якой дзяўчынай. Калі яна ёсць, дык дзе яна цяпер? Ці памятае яго, ці згадвае? А можа, і яму не варта ўспамінаць яе, бо, падобна, каханне іхняе тады неяк раптоўна абарвалася, і можна лічыць, што яны рассталіся назаўсёды… Магчыма, яны пасварыліся, раз’ехаліся ў розныя гарады і забыліся адно пра аднога.
Дзе яна ўсе гэтыя гады? Што з ёю, хто з ёю? Так, яна магла за гэты час выйсці замуж, нарадзіць дзетак... Жыве цяпер сваім жыццём, сваімі клопатамі і турботамі… Бывала, дзяўчаты і з войска хлопцаў не чакалі — нейкія там адмераныя і пэўныя два гады, а тут столькі часу прайшло, і дзе ён — ці жывы — невядома… Дык ці трэба пра яе згадваць і толькі раніць сябе? І ці трэба шукаць яе?
Трэба… Яму трэба, каб прыгадаць самога сябе. Трэба хоць бы таму, што гэтыя ўспаміны ці не найлепшыя з ягонага мінулага — светлыя і шчасныя...
3.
І ён прыгадваў далей ды патроху парадкаваў успаміны, расстаўляў мэблю ў сваім пакойчыку, як вучыў яго Станіслаў Сцяпанавіч…
Увосень пасяджэнні «Талакі», а яны так, па мінскім прыкладзе, назвалі сваю суполку, сталі больш люднымі. Вярнуліся з вакацыяў студэнты. Ага, менавіта тады, там, на адным з пасяджэнняў, ён і вылучыў для сябе дзяўчыну — тую самую Люду. Яна сарамліва трымалася збоку, але тое, што адбывалася, казалася тут, ёй, безумоўна, было цікава. Была яна першакурсніцай філфака мясцовага ўніверсітэта, спрабавала пісаць вершы. Зрэшты, у гэтай суполцы амаль усе былі людзі творчыя — мастакі, паэты, празаікі, гісторыкі... Адзін ён выглядаў «белай варонай» — спартоўцам, хай сабе і з цікавасцю да гісторыі. Ён назіраў за імі такімі рознымі (мітуслівымі і гарачымі, якія бойка адстойвалі свае думкі і перакананні; маўклівымі і зануранымі ў сябе, што за вечар не прамаўлялі ні слова). Усе яны былі шчырымі і сумленнымі. Як і іх памкненні. Ва ўсіх іх быў адзін клопат: пра родную мову ды культуру. Назіраў і думаў: а як быць з тым, пра што казаў Андрусь у першы вечар? Як жа вы будзеце змагацца за Беларусь? Вершамі? Карцінамі? Дык гэта смешна... Зборам подпісаў бацькоў дзеля стварэння беларускамоўнага класа ў заводскім раёне горада, як рабілі гэтым летам? Ну, сабралі трыццаць подпісаў з неймавернымі высілкамі, а дырэктар школы перад першай «лінейкай» за некалькі хвілінаў усіх бацькоў «разагітаваў». І толькі шасцёра не адмовіліся ад сваіх подпісаў — і ўсе не беларусы, а тыя, што некалі прыехалі на камсамольскую будоўлю «Гомсельмаш» і засталіся ў горадзе. Але дзеля шасці вучняў клас адчыняць не сталі.
Ну а стварылі б той клас — што змянілася б?
Тут ён падзяляў думку Андруся, які выказаўся пажурналісцку вобразна, супакоіў іншых, каб моцна не перажывалі за няўдачу: што такое адзін клас на паўмільённы горад — дзясятак васількоў у бязмежным калгасным полі… хатні акварыум з дэкаратыўнымі рыбкамі пасярод мора-акіяна, населенага акуламі… Так, пагаджаўся ён, беларусізацыю школаў пачынаць трэба не знізу, а зверху, з галавы. Альбо хоць бы адначасова. Адтуль і адсюль. А для гэтага трэба мець сваю ўладу. Каб не прасіць і нават не патрабаваць, а рабіць паступова і мэтанакіравана. І так, каб гэта быў не прымус, а палітыка, якая трымаецца на ўласным прыкладзе. Загаворыць па-беларуску ўрад, загаворыць і народ. Так было ў іншых краях, так будзе і ў беларусаў. Ад іўрыту засталася адна кніга, габрэі па розных краінах размаўлялі на ідыш, але з’явілася свая дзяржава і адрадзілася з нічога мова, адноўленая, дарэчы, выхадцам з Беларусі… Па-свойму, але падобна было і ў чэхаў, і ў нарвегаў, дзе напачатку дваццатага стагоддзя родная мова жыла толькі ў далёкіх вёсках ці на забытых астравах… Значыць, аснова — улада. Ці можна атрымаць яе ў нашых умовах? Ці мажліва гэта? Зразумела, нічога немагчымага няма: бальшавікі змаглі, кубінцы, побач з Амерыкай, здалелі… Усе вялікія імперыі распадаліся ў рэшце рэшт. Не вечная і савецкая. Але без змагання нішто само ў рукі не ўпадзе. І трэба разумець гэта, не забываць досведу папярэднікаў. У тым, што пазмагацца за сваё давядзецца, Славік не сумняваўся. І варта быць да гэтага гатовым, каб, калі надыдзе такі момант, не разгубіцца і не страціць шанец…
Так, Славіка пачаў цікавіць іншы супраціў. Яго зацікавілі баскі, ірландцы. Слова «змагацца» ён разумеў менавіта так, як яго разумелі ірландскія ці хоць бы ўкраінскія патрыёты. І як беларускія ў дваццатых гадах… Першай пра гэта ён сказаў Людзе. Восень стаяла цёплая — залатая, і яны зрабілі звычкай гуляць вечарамі па горадзе, па ягоных старых драўляных — дарэвалюцыйных, габрэйскіх — вуліцах. Былі гэтыя мясціны адметнымі і, пэўна, адзінымі такімі на Беларусі. Захаваліся яны амаль у цэнтры горада, трохі наводшыбе, каля рэчкі, але займалі даволі вялікую плошчу. Тут некалі жыў мясцовы «сярэдні клас». Сустракаліся дамкі проста музейныя: аздобленыя драўлянымі карункамі-ліштвамі, з каванымі металічнымі ўпрыгожваннямі. Цуды, што невядома як перажылі войны ды пажары, якія не раз пракочваліся па гэтай зямлі. Яны хадзілі па вузкіх вулках, на якіх месцамі захавалася брукаванка, і радавалі сябе шчаслівымі адкрыццямі-знаходкамі будынкаў мінулага стагоддзя: то дома купца, то, відочна, звычайнага гомельскага багатага габрэя, а то хутчэй нейкага чыгуначніка — інжынера ці майстра... Яны блукалі, забываючы, у якім стагоддзі жывуць, размаўлялі пра ўсё і ні пра што, ім было добра разам.
– Баскі, — паўтарыла Люда, — кажуць, у нас ва ўніверсітэце быў такі гурт «Баскі». Там гралі хлопцы, якія пісалі песні і спявалі па-беларуску. Адзін з іхніх сяброў чапляў пры дзвярах дыскатэкі беларускі сцяг — чырвона-зялёны — і прымушаў усіх перад уваходам цалаваць яго... Хлопцы ўжо скончылі вучобу, але такая вось легенда пра іх засталася — мне адразу распавялі яе, як толькі паступіла...
– Я ведаю гэтых хлопцаў. Заспеў некаторых тут. Але цяпер усе яны па вёсках. Па розных вёсках.
Настаўнічаюць. А хто і ў войску. Забрылі служыць, каб абламаць… «Баскамі» яны назваліся невыпадкова. Ёсць такі народ у Іспаніі, які змагаецца за сваю незалежнасць.
Часам і сапраўды тыя хлопцы з «Баскаў» прыязджалі на пасяджэнні гуртка, хоць жыццё і раскідала іх па ўсёй вобласці, сувязі між сабой яны не гублялі. Тым больш, што справа іх не знікла марна — з’явілася вось цэлая суполка аднадумцаў... Той, пра каго казала Люда, што прымушаў пры ўваходзе на дыскатэку цалаваць сцяг, працаваў у веткаўскай раённай газеце карэспандэнтам, пісаў неблагія вершы і бачыў у тым сваю будучыню. Ён у «Басках» не граў і не спяваў. Увогуле, «Баскі» — была хітрая абрэвіятура з першых літараў прозвішчаў хлопцаў, удзельнікаў гурта. «Б» цяпер быў у войску, «А» настаўнічаў у Рэчыцкім раёне, «С» — у Веткаўскім, а «К» — у Жлобінскім… Славік працягваў сустракацца з хлопцамі і дзяўчатамі з «Талакі», але яшчэ слаба і абсалютна няпэўна ўяўляў, што сам будзе рабіць далей і як. Бо разумеў, што вершаў складаць не стане — не яго гэта, што пойдзе крыху іншым шляхам, чымсьці ўсе гэтыя «пісакі». Аднак яму падабалася быць сярод іх. Асабліва цікава было, калі з выступамі прыязджалі пісьменнікі з Мінска, Полацка, барды з Оршы, Гародні. Яны чыталі свае творы, спявалі песні, проста гутарылі. Адзін з мінскіх хлопцаў запомніўся яму найболей, бо казаў не толькі пра вялікую забытую беларускую гісторыю, не менш значную культуру, як і ўсе, а пра тое, што ў сапраўднага беларуса павінна быць усё прыгожа: калі ты размаўляеш па-беларуску, ты павінен быць ва ўсім прыкладам для іншых — у паводзінах, у маральнасці, у інтэлекце, у адзенні… «Тым больш у адзенні, — падкрэсліваў ён, — до вясковасці! У нас прывыклі — раз ты размаўляеш па-беларуску, значыць ты «калхознік», да таго ж апрануты неахайна, абы-як. Не і яшчэ раз не!.. Калі я размаўляю па-беларуску, я суперінтэлігент. Ва ўсім. І прыклад іншым, як трэба сябе паводзіць, як выглядаць…»
Тая сустрэча адбылася ў тым самым знакамітым гарадскім парку, дзе яны сабраліся ўпершыню пасля таго, як іх выгналі з рэдакцыі. Ён выйшаў з парку ў горад разам з Людай, ішоў і разважаў над гэтымі словамі мінскага госця, калі раптам трохі паперадзе спынілася міліцэйская машына, з яе выскачылі двое ў шэрай форме і накіраваліся подбегам да іх. «Вашы дакументы!» — голасна выгукнуў адзін і казырнуў.
«А ў чым справа?» «Вы падобны да злачынца, якога мы шукаем…» «Калі ласка, вось дакумент», — сказаў ён, а сам падумаў, як добра, што прыхапіў з сабой пасведчанне з працы. Міліцыянт разгарнуў чырвоную кніжыцу, угледзеўся ў фотакартку. «Калі хочаце, давайце пройдзем да будынка, дзе я працую, ён тут побач… Там пацвердзяць маю асобу». «Не трэба…», — адказаў міліцыянт, нешта запісаў сабе і, не спытаўшы дакументаў у сяброўкі, развітаўся: «Да пабачэння!» — і пабег да машыны. «Не хачу я больш з вамі бачыцца», — буркнуў Славік яму ўслед, але гэты выпадак прымусіў яго задумацца, што невыпадкова пыталі дакументы міліцыянты. Відаць, за імі ўжо сачылі і проста высвятлялі, удакладнялі для нечага ці некага, хто ён.
Разгадка прыйшла неўзабаве.
4.
Пераход з рускай на беларускую мову даўся Славіку лёгка. Усё ж скончыў ён вясковую школу і да дзясятага класа ўвогуле вучыўся па беларускіх падручніках. Праўда, настаўнікі ў іх школе ўжо з пятага класа выкладалі толькі па-руску. Пачалося ўсё з новага дырэктара школы — матэматыка, якога за рускія тэрміны так і празвалі «тождество» — надта нязвыклым беларускаму вуху падалося гэтае слова, больш прывычна і куды прасцей было па-нашаму: «тоеснасць». То была змена пакаленняў у іхняй школе: старыя настаўнікі пайшлі на пенсію, а таму разам з дырэктарам прыехалі яшчэ чацвёра маладых, якія пачалі выкладаць большасць школьных прадметаў па-руску, і школа ператварылася ў рускамоўную. Усё адбылося як бы само сабой і абсалютна лагічна: настаўнікі ж у сваіх інстытутах вучыліся па-руску... Ніхто не абураўся, а ён сам перад дзясятым класам, калі ўсвядоміў, што будзе паступаць вучыцца ў інстытут, дзе ўсё таксама выкладаецца па-руску, спецыяльна з’ездзіў у райцэнтр і купіў сабе падручнікі на рускай мове.
Славік быў выдатнікам, амаль выдатнікам, і яшчэ — займаўся спортам. Настаўнік фізкультуры — самбіст — арганізаваў у школе барцоўскі гурток. Славік і там быў лепшым, стаў чэмпіёнам вобласці, прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і выканаў норму кандыдата ў майстры спорту. А таму пытанне, куды паступаць вучыцца, для яго вырашылася адразу: вядома, у інстытут фізкультуры. Так і настаўнік раіў. Для вясковага хлопца з небагатай сям’і гэта было не горшым варыянтам.
Паступіў без праблемаў. І там вучыўся выдатна. Праўда, асаблівымі спартыўнымі поспехамі не вылучаўся. На другім курсе стаў майстрам спорту і далей не пайшоў. Зразумеў: гэта не ягонае. Тым болей, «спорт высокіх дасягненняў» трымаўся на анаболіках, на спецыяльных леках, карацей. Калі, каб яму «ісці» далей, ехаць на чэмпіянат СССР, паўстала неабходнасць «калоцца» з мэтай нарасціць «мышачную масу», ён катэгарычна ад гэтага адмовіўся. І цалкам пераключыўся на навуку, хай і спартыўную.
Інстытут скончыў з чырвоным дыпломам, але на кафедры барацьбы застацца не ўдалося: не было вакансіяў. Месца вызвалялася толькі гады праз тры, і загадчык кафедры паабяцаў, што яно будзе абавязкова ягоным. «Пакуль, — сказаў, — едзь у вобласць, папрацуй, набярыся вопыту, а праз год вяртайся да нас у аспірантуру, а там і на кафедру...» На размеркаванні, са сваім чырвоным дыпломам, ён ішоў першым з курса, а таму месца выбраў сабе не самае горшае: усё ж другі па велічыні горад Беларусі, праца інструктарам у абласным упраўленні спартыўнага таварыства «Спартак», а не ў нейкай вёсцы настаўнікам фізкультуры.
Цяжэй пакуль было з бацькамі, якія не разумелі яго. Хоць вёска і была беларускамоўнай, яны, выправіўшы сына ў горад, думалі, што там ён «чалавекам стане». Напачатку не маглі нарадавацца. А потым, калі па сканчэнні пачаў прыязджаць і размаўляць з імі не па-руску, як было ўжо і цешыла іх, і нават не павясковаму, а па-беларуску — на літаратурнай мове…
– Ты што, здурнеў, сынок? — сказаў яму бацька, які працаваў калгасным брыгадзірам, цягнуўся да начальства, да мясцовай «інтэлігенцыі» і таму сам на людзях стараўся размаўляць нібыта па-руску, хоць толькі «да» і «нет» у яго і атрымлівалася амаль без акцэнту. Амаль… — Ніхто ж у горадзе так не гамоніць. Усе смяяцца з цябе будуць. «Калхознікам» за вочы зваць…
А калі ён пачаў казаць бацьку, што беларусы маюць вялікую гісторыю і трэба ганарыцца сваёй мовай і культурай, той адразу яго абсек:
– А вось у палітыку, сынок, не лезь…