— Чаму памёр? — разводзячы ў бакі рукі, пацягнуўся Людвік Перуноўскі. — Проста ў божым садзе нехта залаты яблык збіў.
Усе засмяяліся.
— Ці не ты гэта богаву яблыню трос? — пакпіў Яўхім Сцепанюга, бо быў сёння злосны на Людвіка.
Той не паспеў адказаць, таму што Мішка Сырамалот раптам падскочыў з бервяна:
— Ну і нарабіліся мы сёння, хлопцы, — казаў Мішка, і твар ягоны бялеў, здавалася, свяціўся ў цемры.
— Ні на Незабітоўскага, ні на Гайкевіча ніколі я так не рабіў. А зараз яшчэ б рабіў. Весела рабіць у грамадзе. Хочацца рабіць. Так, Андрэй, і пры камуніі будзе?
— Так, — адказаў Бацюта. — Усё так. Але за чалавека машына рабіць будзе.
— Значыць, добрае дзела — камунія...
Мішка хвілінку памаўчаў, потым шпурнуў шапку сабе пад ногі.
— Мужыкі, Андрэй, давайце нашый Чмялі Чырвонай Камунай назавём. Будзе вёска Чырвоная Камуна. Арку зробім, на ёй шыльду залатую павесім. Хай усе бачаць!
Колькі хвілін стаяла цішыня. Было чутно, як у студні ля флігеля б'ецца аб лёд цяжкое драўлянае вядро.
— Ну і Мішка! — загаманілі адразу ўсе. — Трэба ж прыдумаць!
Мужыкі і хлопцы дружна пачалі закурваць, прыцмокваць языкамі, ляпаць адзін аднаго па плячах.
І ўсе згадзіліся: разумны чорт, гэты Мішка, усё ён прыдумае!
— А як ты, Андрэй, мяркуеш? — павярнуліся галовы да Бацюты.
Бацюта ўстаў, глянуў туды, дзе бледна і квола свяціліся вокны вёскі. І ўсе паглядзелі туды.
— Нядрэнна прыдумаў Мішка, — сказаў Бацюта. — Прыгожа прыдумаў. Вучоная ў яго галава. Але падумайце, мужчыны, а няўжо благая назва — Чмялі? Сярод лугоў зялёных мы жывём, сярод травы шаўковай. У хатах сваіх сядзім, як чмялі ў купінах. І спяваем, і працуем, і баронімся разам, як чмялі. Адзін у нас рой, працоўны, сялянскі. І камуну пабудуем разам. Жыць у ёй будзем. А Чмялі хай застануцца, дзецям нашым хай застануцца.
Ён змоўк, зняў шапку, падставіў ветру валасы. Потым павярнуўся да ўсіх, спытаўся ціха:
— Дык ці згодны вы са мной, хлопцы?
XIX
Назаўтра пад вечар, парабіўшы кожны на сваёй гаспадарцы ўсе справы, сабраліся чмялёўскія дружыннікі ў маёнтку. Прыйшлі Яўхім Сцепанюга, Людвік Перуноўскі з двума сынамі — Жэнем і Косцем, Павел Макароў, Рыгор Крыванос; Пятро Чыжэвіч з Запольцаў прывёў чатырох чалавек. Ну, вядома ж, не абышлося без Мішкі Сырамалота з яго «арцістамі» — Мікітам Сцепанюгам, Іванам Міхейчыкам і яшчэ трыма хлопцамі, пэўна, парабкамі з маёнтка, якіх Кузьма не ведаў. Васемнаццаць чалавек стаяла на пляцы перад флігелем, курчачыся ад марозу. Прычыкільгікаў і Сямён-артылерыст, гэты раз у нейкай старой зашмальцаванай шапцы. У строй ён не стаў, хадзіў побач з Кузьмой, пасмейваўся:
— Раўняйся, лапцюжнае войска. Лапці абулі, каб лягчэй уцякаць было?
Сапраўды, усе, як глянуў Кузьма, былі ў лапцях. Панакручвалі ануч, і ногі былі тоўстыя, як у сланоў. Кожны пашкадаваў абуць боты — мала дзе давядзецца хадзіць ці бегаць: па снезе, па балоце...
Кузьма хваляваўся. Ён прынёс з сабой тонкую шэрую кніжачку — рускі статут палявой службы 1912 года. Але ж кніжачка не ўмее гаварыць, трэба гаварыць самому.
Кузьма адкашляўся, спытаўся:
— Хто служыў у войску?
Аказалася, служылі пяцёра! Чыжэвіч, Крыванос, Макароў і два дзядзькі з Запольцаў. Чыжэвіч пахваліўся :
— Я з генералам Брусілавым усю Галіцыю прайшоў.
Астатнія былі або зялёныя моладзь, або белабілетнікі.
«Не густа», — падумаў Кузьма. Са зброі было пяць рускіх вінтовак, дзве аўстрыйскія, тры драгунскія карабіны і тры бярданкі. Патронаў было таксама мала.