Камандуючы папрасіў ардзінарца, які стаяў каля хаты, паклікаць падпалкоўніка Камарова.
— Камароў, дзе машына?
Паручэнец — заўважыў Чарняхоўскі — збянтэжыўся, але «ўзяў сябе ў рукі» і бадзёра адрапартаваў:
— У раз'ездзе, таварыш камандуючы.
— Куды паслалі?
— У Маскву, таварыш камандуючы.
— У Маскву?! Чаго?
— Так што...— паручэнец змоўк, відаць, разважаючы, што казаць.— Дзяцішкам вашым тое-сёе, таварыш камандуючы... З трафеяў...
— Што адправілі?
— Дваццаць банак кансерваў, таварыш камандуючы... І дзесяць банак Джэма... Дзяцішкам. З трафеяў, — ухапіўся паручэнец за зачэпку. — Не з ваенторга.
— Ну, заладзіў — з трафеяў! — паморшчыўся Чарняхоўскі.— Чаму не параіўся са мной?
— Так што не хацеў непакоіць цераз такую дробязь...
— Дробязь... Вось што, Камароў, вярніце зараз жа машыну.
— Вінават...
— Што яшчэ?
— Яна далёка, таварыш камандуючы.
— Усё роўна. Паслаць «ПО-2», дагнаць і вярнуць!
Чарняхоўскі, даючы знак, што размова скончана, павярнуўся да генерала Івалгіна, які ўваходзіў на двор.
— У праціўніка выяўлена свежая дывізія,— паведаміў начальнік аперупраўлення.— Пятая танкавая дывізія,— перакінулі з-пад Ковеля...
— Зойдзем у дом,— Чарняхоўскі першым ступіў на ганак.
— З-пад Ковеля... Далёка прышлося ёй ехаць! Як вы думаеце, для чаго яе кінулі сюды?
Генерал-маёр сказаў, што каля станцыі Бобр гітлераўцы сканцэнтравалі многа танкаў і пяхоты: ён назваў, колькі там войск.
Было відаць, што немцы намерваюцца ўдарыць у фланг нашаму войску, каб перашкодзіць развіццю наступлення. Выбралі яны гэтае месца для ўдару таму, што фронт тут, у раёне магістралі, урэзаўся клінам у нашы пазіцыі.
— Так, клін... У іх клін, а што ў нас? У нас, можна сказаць, сякера. Сякера, вядома, у нас, Пётр Іванавіч... Ну, а калі яна ў нас, то мы можам выбіць іх клін, а то і проста адсекчы... Што ж, пабачым — хто каго! — прамовіў генерал арміі, быццам спрачаючыся.
Чарняхоўскі выклікаў па тэлефоне камандуючага арміяй і стаў абмяркоўваць з ім план разгрому нямецкай групіроўкі каля Бабра.
У той дзень камандуючага фронтам некалькі яго таварышаў віншавалі з днём нараджэння.
Увечары прыехаў з адной часці, якая вяла баі, член Ваеннага Савета Емяльянаў. Павіншаваўшы Чарняхоўскага, які толькі што чытаў нейкае данясенне, ён сказаў, узняўшы здзіўлена бровы над пукатымі вачыма і разводзячы рукамі:
— Штосьці я не бачу, каб імяніннік збіраўся адзначаць сваё свята. Ці вы, таварыш камандуючы, рашылі ігнарыраваць такую відную дату?..
— Не, чаму ж? — Чарняхоўскі скупа ўсміхнуўся.— Я святкую. У баях. Ваеначальніку паложана ў баях святкаваць!
— Не заўсёды, таварыш камандуючы...