Нарэшце, яна можа падняцца. Клава на коленцах дабралася да краю ямы, абаперлася аб яго рукамі, адчуўшы пад пальцамі мокрую і слізкую зямлю. Узлёгшы на край яе грудзямі, уперлася каленямі. Выбралася.
Два крокі — і яна апынулася каля варот, у якія цьмяна шарэў двор.
Тут Клава прыпынілася. Хоць ёй хацелася хутчэй, хутчэй бегчы, хоць яе адсюль быццам штурхала штосьці вялікае, нецярплівае, яна стрымалася. Можна было здзівіцца яе разважлівасці ў такі час.
Тулячыся да шурпатага вушака, яна асцярожліва выглянула.
Нікога не відаць. Цішыня...
Толькі сэрца гулка і важка б'ецца — і яго ўдары гучаць у цішыні, як грымоты. Клава прыціснула руку да грудзей, як бы стрымліваючы яго ці суцішаючы, — здавалася, што яго гул могуць пачуць...
Куды бегчы? У які бок?
Яна хацела была кінуцца ўлева, калі адтуль пачуліся недалёкія павольныя галасы немцаў.
Відаць, салдаты вярталіся.
Каб не гэтыя галасы, Клава наскочыла б на гітлераўцаў, але на шчасце, яна пачула іх у час. Забойцы самі неспадзявана для іх як бы перасцерагалі Клаву: жыццё яе залежала ад нікчэмнай выпадковасці.
Слухаючы галасы, у якіх дзяўчыне чулася пагроза, хоць гітлераўцы гаварылі зусім будзённа і ціха, яна, не марудзячы ні секунды, рашуча, без роздуму кінулася ў вароты.
Прыціснуўшыся да сценкі, як толькі было можна, яна ценем шмыгнула за вугал будынка.
Клава ледзь управілася схавацца за вуглом, калі з другога боку з'явіліся дзве постаці, што неслі ў руках поўныя пасудзіны.
Прыпыніўшыся, прыціскаючыся да бярвенняў, замёршы так, што сэрца нібы спынілася, яна прыслухалася да іх галасоў і крокаў — ці не заўважылі?! Ці не ідуць сюды? — і разам з тым насцярожана і прагна акінула позіркам месца навокал.
Яно было пустое і адкрытае: ні кусточка, ні лагчынкі, дзе б можна было прапаўзці, стаіцца ад чужых вачэй, прыхавацца. І змрок шарэў па-ранішняму рэдкаваты, здрадлівы, і цішыня панавала зманлівая, непатрэбная. Чаму цяпер не глухая, асенняя ноч, не цемра, якая хавае чалавека, не вецер, які глушыць крокі...
Справа хтосьці хадзіў, — напэўна, вартавы, якога было слаба відаць у прыцемку. Каля вартавога чарнеліся ў рад слупы, там — мільганула ў Клавінай галаве — напэўна, цягнецца агарожа. Вунь, лявей, яшчэ адна постаць.
Як тут выбрацца?
Марудзіць нельга было. Яна гэта не толькі помніла, яна гэтым жыла. Гэта было самае галоўнае ў яе душы. Як толькі дзяўчына агледзелася, яна адразу ж пачала адпаўзаць — хутчэй, хутчэй, ад гэтага страшнага месца.
Эх, чаму светла навокал! Здаецца, кожны яе рух відаць здалёк. А можа, яе ўжо заўважылі? Вунь вартавы чамусьці спыніўся...
Прыпаўшы да зямлі, не варушачыся, яна стала ўзірацца: не, гэта ён так, ён не бачыць яе, — вось ён зноў патупаў. Клава аддыхалася: тады, калі яна сачыла за вартавым, яна перастала дыхаць.
Цяпер можна прабірацца далей, асцярожней і смялей, пакуль не позна.
Шлях гэты ёй вельмі сцягнуўся. Клава яшчэ некалькі разоў прыпынялася, прыслухоўвалася, узіралася ў зморк, пакуль, нарэшце, не дабралася да агарожы, да слупа, які цяпер здаўся вельмі высокім. Тут яна зноў прыпынілася. Трэба зрабіць, мусіць, самае цяжкае, небяспечнае, а можа, і немагчымае: перабрацца праз калючую загарожу.
А што, калі яна, загарожа, так зроблена, што праз яе пралезці не можна? Ці, можа, ледзь дакранешся да яе, як яна зазвініць, загрыміць? Трывожачыся гэтымі неспакойнымі думкамі, Клава асцярожна кранула рукою дрот. Хутка адняла руку, паслухала: навокал было па-ранейшаму ціха. Узняўшы ад зямлі тугі, калючы дрот, паспрабавала падціснуць пад яго плечы.
Дрот паддаваўся неахвотна, уядаўся ў рукі.
Ёй прышлося легчы на спіну, каб можна было, трымаючы яго рукамі над сабою, прасунуцца на другі бок. Рукі дрыжалі ад вялікай натугі, калючкі моцна ўпіліся ў нагу над каленам. Але яна гэта не заўважыла. Яе затрывожыла тое, што за калючку зачапілася спадніца. Гэта было амаль няшчасце: як яе адчапіць, калючку, у такім стане, як не патрывожыць дрот, не выдаць сябе.
Клаве прышлося паваждацца, пакуль удалося яе адчапіць.
За агарожай у траве Клава некалькі хвілін ляжала, чакаючы, калі вартавы адыдзе далей. Неспадзявана яна пачула, што тут моцна, так моцна — аж кружыцца галава — пахне рамонкам.
Вычакаўшы зручны момант, яна выбралася на дарогу. Уціскаючыся ў зямлю, ловячы кожны гук у ранішняй цішыні, хутка папаўзла на другі бок. Перабраўшыся, затаілася ў затравелай разоры, пачакала, ці не заўважылі, зірнула, у які бок ідзе вартавы. Усё было ціха, і вартавы ішоў ад яе. Значыцца, можна далей.
Паўзком па роснай траве яна дацягнулася да хмызнячку.
Схаваўшыся ў ім, дзяўчына ўстала, азірнулася, паслухала і, ужо не маючы больш сілы стрымлівацца, забыўшыся на ўсё, адчуваючы толькі ззаду за сабой здань жаху, якая нібы гналася за ёй, кінулася ў бок балота ці рэчкі, мяркуючы па тым, што там бялеў туман. Задыхаючыся ад бегу, гарачкавата думала: у тумане можна пакуль што схавацца, а ў балоце яна скрые свой след, бо, можа, будзе пагоня... І нап'ецца вады.