Собіць. Трапіцца, прыйсьці ў галаву. А дзе гэта табе собіла цераз рэчку лазіць? Акупанты.
Собскі. Уласны. Некаторыя гісторыкі выказвалі думку, што ў летапісныя часы ўсякая малая рэчка бяз собскага ймя называлася Нямізай. Летапісная Няміза.
Соўгаць. Рухацца паволі, зь цяжкасьцю. Ішоў ён да нас шырокімі крокамі, быццам нартамі соўгаў; на правым плячы дубальтоўку трымаў. Партыйны таварыш.
Спалу́чына. Сувязь. Гэта спалучына з грамадствам, з вашай функцыяй у ім... Пёрка й іншыя.
Спаць як забіты. Вельмі моцна. Ён бегаў, як юнак, ня ведаў ніякіх хваробаў, спаў як забіты... Ападкі.
Спраўнасьць навесьці. Давесьці ўсё да ладу. Трэба, кажа, раней у гаспадарцы спраўнасьць навесьці, а потым ужо пра стрэльбы думаць. Хмары над Бацькаўшчынай.
Спусьці́ць. Тут: збавіць цану. Доўга таргаваліся, урэшце ён крыху спусьціў, мы набавілі. Хмары над Бацькаўшчынай.
Стадола. Канюшня, вялікі хлеў. І ў гэты-ж мамэнт рыпнулі вароты ў стадоле. Хмары над Бацькаўшчынай.
Станоўкае. Станоўчае. Але хіба ёсьць у іх што-небудзь пэўнае, станоўкае? Дзікі вецер.
Ста́рац. Жабрак. Мы, як старцы, сталі ля парога. Курылка.
Ста́рка. Тут: старая птушка. Старка! Малых пахавала, а сама для адводу вачэй узьнялася... Хмары над Бацькаўшчынай.
Стасу́нак (польск.). Адносіны, сувязь. Ягоная зямельная палітыка ў стасунку да нашых умоў вельмі ўдалася. Хмары над Бацькаўшчынай.
Стопка. Варыўня. Невялікая гаспадарчая пабудова для захоўваньня бульбы, гародніны. Адчыні сваю стопку, трэба замкнуць гэтага чалавека, пакуль прыедзе пагранічная ахова... Ападкі.
Страві́ць. Пашкодзіць, зьнішчыць (пра пасевы). Жыта тваё коні стравілі... На межах.
Страхка́са. Каса сацыяльнага страхаваньня. Страхкаса заплаціла толькі шэсьцьдзесят працэнтаў... Пёрка й іншыя.
Струг. Тут: інструмант для апрацоўкі драўніны. Сымон адарваў вочы ад струга, які гладка й лёгка рэзаў мяккую ляшчыну, і зірнуў на ўвайшоўшага. Першыя цаглінкі.
Сувора. Сурова, строга. І потым сувора: -- Пакаж мне свае паперы. Акупанты.
Судзьдзё. Тут: кухонны посуд. Маўра «...» выцерла й параставіла на мейсца судзьдзё... Пёрка й іншыя.
Сызорак. Сьцізорык (польск.). Невялікі складаны кішэнны нож. За сызорак купіў каня, ды такога маладога?! Хмары над Бацькаўшчынай.
Сьвірэпка. Пустазельле. Што будзе тады, як замест збажыны на нівах парасьце сьвірэпка?! На межах.
Сьві́тка. Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Але вецер, здавалася, заходзіў з другога боку, забіраўся пад сьвітку, пад сарочку, як іголкамі, калоў маё цела. Курылка.
Сьціга́ць. Прасьледваць, даганяць. Я, як праўнік, мушу вам сказаць, што вы зрабілі вялікае злачынства, і ён цяпер вас усюды сьцігае... Партыйны таварыш.
Талён. Талон. Паперка, якая дае права набыць пэўную рэч, атрымаць паслугу. Мабыць, прыйшоўся й вам талён на пашыўку паліто альбо гарнітура ў атэлье? Пёрка й іншыя.
Та́мака. Там. У мяне тамака ё шчупак. Хмары над Бацькаўшчынай.
Тапча́н. Пакаёвая шырокая лаўка, звычайна са сьпінкай. Становіцца каленкамі на тапчан і мацае рукою за абразамі -- тут у яго квіткі, уся «канцылярыя». Дзікі вецер.
Таргсі́н (ад руск. торговля с іностранцамі). Назва крамаў, якія існавалі ў СССР у 30-я гг. і гандлявалі на золата і залатую валюту, пераважна з чужаземцамі. Але два срэбныя пярсьцёнкі і два такіх самых крыжыкі, за якія тое-сёе можна было набыць у «Таргсіне», падзялілі паміж сабой. У імя догмы.
Тва́нкі. Тваністы. Берагі гэтае рэчкі вельмі тванкія -- на іх і сапраўды могуць «топнуць коні»... Летапісная Няміза.
Тлу́стасьць. Тлушч. І цяпер я помню яго намазаныя нейкай тлустасьцю бліскучыя чорныя валасы... Курылка.
Тоня. Вадаём, дзе ловяць рыбу закідным невадам. Я аблюбаваў ужо некалькі год таму назад такія віры і ведаў, дзе трэба сесьці, куды й на якой тоні закідаць. Ападкі.
Траха. Трохі. -- Горача сёньня траха! -- прамовіла Марына, пазіраючы на нас зь вясёлай усьмешкай. Хмары над Бацькаўшчынай.