-- Ну, от, пачынаеш лаяцца! Што-ж тут лаяцца!? Калгасы -- справа не абыякая! Пасядзіш пад тымі Дубнікамі з годзік, дый шапку тую яшчэ зьдзенеш: прыміце, калі ласка, раба божага Мацея Матузка да кумпаніі... Ашукаўся быў!
Мацей падымаецца і зноў ідзе ў гумно, каб нічога ня бачыць і ня чуць. Садзіцца там на старую падгніўшую калоду й глядзіць удалеч, дзе сінее сьцяна пушчаў за балотам. А словы старшыні стаяць у галаве, і сэрца, здаецца яму, зараз вырвецца з грудзей. «Ашукаўся быў!? Шапку зьдзенеш! Бярозавай кары й па-за калгасам можна знайсьці!» -- шэпча.
Ганна знайшла яго тут.
-- Хадзі, там нешта пра цябе добрае напісана, кажуць людзі!
Дзяцюк чытае раённы лісток «Шлях камуны». Зноў тое самае. «Бядняк, але зарваўся, упёрся!.. Калгасьнікі пастанавілі дапамагчы яму -- перавозяць усю ягоную гаспадарку на новае мейсца за свой кошт...»
Дах хаты разбураны. Бяруцца за зруб. Ганна выносіць з хаты астатнія рэчы. Дзяжу беражна ставіць на зялёную мураўку. Накрывае кажухом, каб не сапсулася цеста, і садзіцца. Мацею ўспамінаецца тое лета, прыемнае, ціхае... Коні скачуць па вуліцы, вязуць Ганну -- на той самай дзяжы -- да двара Матузка. Грае музыка. Дружкі сьпяваюць шлюбныя песьні. Маці Мацея выходзіць на ганак спаткаць нявестку. Ад варотаў да ганку раскручана трубка палатна. Мацей бярэць Ганну подручкі й вядзець яе па палатну ў хату -- у новую, яшчэ пахнучую жывіцай... «Ці тая клямка была тады ўжо на дзьвярох, ці я прыладзіў яе пазьней? -- думае Мацей. -- Ганак то так, праз два гады пасьля вясельля дабудаваў... І палец тады быў дужа пакалечыў...»
Выпрастаў палец, мацае пазногаць.
Грукат... Тлум... Ляціць з грукатам бярвеньне. Рыпяць колы. Матузок сядзіць ціха, нібы ня чуе й ня бача нічога. Раптам падыходзяць і кажуць:
-- Жыта тваё коні стравілі...
-- Маё жыта? Хіба ёсьць у мяне жыта? А-а-а! Праўда, кавалачак яшчэ заставаўся, ня зжала Ганна...
-- Што-ж ты сядзіш, схадзіў-бы паглядзеў! Можа, яшчэ што-небудзь уцалела?
Матузок падымаецца, выходзіць за сядзібы. Сонца пячэць страшэнна, і ў паветры стаіць гарачыня, нібы ў напаленай печы. Мацею няма чым дыхаць -- сьціснула ў грудзёх. Легчы-б, паляжаць, бяз руху, бяз думак...
Па жыце ўздоўж і поперак сьцежкі. Конскія логавы. Гурт коняў начаваў у жыце. «Наўмысна!.. Зразумела, наўмысна... -- думаў Мацей. -- Пацяшаюцца! Паднесьлі падаруначак...» Здрантаванае жыта мітусіцца ў ягоных вачох. «Добра!.. Добра!.. Мы, Матузкі, цегавітыя! Яшчэ пабачым?.. Яшчэ пабачым!..» Ходзіць па жыту, зрывае каласкі, бярэць іх у жменю. Успамінаецца Рыгор. «Задушаць! Не ўстаяць табе супроць іхнае хэўры...»
Пячэць сонца. Абрыдла гэтая сьпякота! Хоць-бы на хвілінку пацягнула халадком. Згортвае сарваныя каласкі ў пучок і ўтыкае яго ў сваю шапку, каля казырка. «Задушаць! От, паваліцца-б тут і заснуць... назаўсёды... Што? Ня дам, маё! Ня руш майго!»
Бяжыць у вёску. Не па мерцы купленыя ў Прамгасе штаны зь вялікай ластавіцай торбамі боўтаюцца вакол ног. Вочы блукаюць па прасторы. Прыбягае. Хата ўжо раскінута, ляжаць толькі груды бярвеньня. Ганна сядзіць на дзяжы, пакрытай кажухом. Мацей глядзіць на яе й усьміхаецца -- хваравіта, ненатуральна. «Зноў хіба вясельле?!» -- кажа. Ганна бача: хворы чалавек, і маўчыць. Матузок украдаецца ў натоўп. Вочы блукаюць, твар перакрыўлены ўсьмешкай...
-- Хата раскінута, гаспадарка панішчана, жыта здрантавана -- вазьміце вось і гэта! -- працягвае ім каласкі. -- Вашым дзеткам на забаву!.. Ня хочаце? Але -- вазьміце! Што-ж тут? Падбіраў снапкі на чужых нівах -- вазьміце й гэта! Ага, праз газэцінку?! Падкулачнік я! Падкулачнік! Хай ужо будзе й гэтак...
Раптам хапаецца за галаву, хістаецца. Здымае шапку й кідае яе вобземлю.
Вясельле! Будзем скакаць! Грайце, музыкі! А ты тут сядзіш на дзяжы, Ганна? Наша з табой вясельле! Юрачку! Мяцеліцу! Мікіту! Не, Мацея! Мацея!..
Менск, 1942
Нью-Ёрк, 1972
Дзікі вецер
Гойдаюцца сосны над хутарам, шумяць, гамоняць. Вецер сьвішча, гоне з поля хвалі сьнегу, кідае яго на сосны, круце ля галамнёў. І страшна на хутары: ходзяць галодныя людзі, забіваюць, рэжуць, рабуюць... «Надоечы ў Апчаку выразалі ўсю сям’ю... На хутары ў Сідаравых пакралі авечак...»
Хто гэтыя людзі? Адкуль яны наплываюць? Якая сіла кідае іх хмарамі ў балацяныя прасторы Палесься?
-- Людцы, ратуйце! З галадухі мрэм! Усё паатабралі, пазабіралі! Мрэм, як мухі!..
... Мільёны памершых ад галадухі на Ўкраіне!
На хутары ў Гарася паблісквае сьветлячок: «Ня сьпім, пільнуем, бо йдуць хмарамі галодныя ўкраінцы. І разам з тым, ідуць нядобрыя чуткі: раскулачваюць, высылаюць, зганяюць зь зямлі роднай...
Гарась прыслухоўваецца. Вецер ходзіць за хатай, мацае сьцены мяккім вобмацкам, сьвішча пад кроквамі. Вароты на добрым запоры, на ланцугу, цераз увесь двор -- злосны Баян, але хто ведае, што можа здарыцца за ноч. Падкапаюцца й пад сьцяну, атруцяць і сабаку -- тут трымай вуха востра! І Гарась схіляе галаву, падрэмле й зноў усхопіцца. Думкі тузаюць яго -- неадчэпныя, цяжкія! «Д’яблы іх ведаюць зь іхнымі парадкамі! Нешта гавораць і пра яго? Нейкія чуткі ходзяць... Праўда, працай нажытае... Зямлі тры гэктары толькі! Але хіба ёсьць у іх што-небудзь пэўнае, станоўкае? Пяць пятніц на тыдні...» Гарась пакручваецца, стогне. «І гэты Зьмітрачок! Тады, як Марынка яму адмовіла, уваччу была злосьць. Заўсёды ў яго злосьць! Як клянуць яго людзі! Зразумела, Марынка, а ня я -- я тут зусім збоку прыпёку... Не ляжыць у дзяўчыны сэрца да хлапца, дык прычым тут бацька?! Учора, казаў Міхалка, Зьмітрачок езьдзіў з новымі «прапазыцыямі» ў раён, -- успамінае Гарась. -- Якія там у сабакі прапазыцыі!?»
Устае, падыходзе да абразоў, доўга стаіць перад імі моўчкі, потым шэпча пацеры. Раптам зьявілася думка: не заплаціў ён, здаецца, страхоўку? Падаходны заплаціў, самаабкладаньне таксама -- яшчэ пад дождж тады патрапіў, -- а от страхоўку... Становіцца каленкамі на тапчан і мацае рукою за абразамі -- тут у яго квіткі, уся «канцылярыя». І паперы шамацяць у нязграбных запрацаваных рукох. Перастаўляе сьветлячок на край стала, раскладае паперы: самаабкладаньне, падаходны, цягла (гужавая павіннасьць), культурны збор... «Падаткаў шмат, дык перайначылі на культурны збор!» Ухмыльнуўся. «А вось і страхоўка -- чырвоны квіток, каб ім усё стала чырвоным уваччу! Але, хвала Богу, ня будзе да чаго ім прычапіцца! Усё ў парадку!» Гарась загортвае квіткі ў газэціну й кладзе іх зноў «за пазуху сьвятым».
Але спакой да яго ўсё-ж не вяртаецца: насядаюць іншыя думкі. «Каб ціха, дык-ба й ня думалася! А то такое ліхалецьце! Сапхнулі нас на край жыцьця!» Ён ідзе па хаце. Падыходзе да ўслончыка, на якім стаіць вядро з вадой, і смачна, нібы то каляды, а не піліпаўка, п’е ваду. Потым з грукатам апускае зноў на ўслончык вядро.
Агата прачнулася й пытаецца: