Малы Хуан раптам пачаў крычаць. Ён выкручваў рукi, малiў:
- Я не хачу памiраць, я не хачу памiраць!
Ён пачаў кiдацца па склепе, ускiдваючы рукi ў паветра, потым упаў на матрац i зарыдаў. Том глядзеў на яго згаслымi вачыма i цяпер ужо зусiм не хацеў супакойваць. Дый гэта наўрад цi было патрэбна: малы больш за нас рабiў шуму, але пакутаваў меней - ён быў як хворы, якому гарачка дапамагае змагацца з немаччу. Калi ж няма нават гарачкi - гэта намнога горай.
Ён плакаў, i я бачыў, што яму проста шкада сябе; пра смерць ён не думаў. На адно iмгненне, усяго на адно iмгненне мне захацелася таксама заплакаць i пашкадаваць самога сябе. Але здарылася якраз наадварот: я зiрнуў на малога, убачыў яго худыя плечы, што пацепвалiся ў плачы, i адчуў, што нiчога чалавечага ўва мне больш няма, - я быў няздольны шкадаваць нi другiх, нi сябе. Я сказаў сабе: "Я хачу памерцi дастойна".
Том устаў, падышоў пад самую адтулiну ў столi i пачаў пiльнаваць дзень. У галаве ў мяне ўпарта круцiлася адна думка, я хацеў памерцi дастойна i думаў толькi пра гэта. Але пасля таго як доктар сказаў, каторая цяпер гадзiна, я мiмаволi пачаў адчуваць час: ён цёк, сачыўся кропля за кропляй.
Было яшчэ цёмна, калi я пачуў Томаў голас:
- Ты iх чуеш?
- Так.
На дварэ хадзiлi нейкiя людзi.
- Якога чорта яны там робяць? Не могуць жа яны страляць у такой цемры.
Хутка ўсе гукi сцiхлi. Я сказаў Тому:
- Днее.
Пэдра, пазяхаючы, устаў i пагасiў газнiцу.
- Холадна, каб яго, - сказаў ён свайму сябру.
Склеп ахiнуўся ў шарае сутонне. Здалёк да нас данеслiся стрэлы.
- Пачынаецца, - сказаў я Тому. - Напэўна, яны робяць гэта на заднiм двары.
Том папрасiў у доктара цыгарэту. Я палiць не хацеў; мне наогул не хацелася нi цыгарэт, нi выпiць. Цяпер яны стралялi ўжо безупынку.
- Ты ўяўляеш сабе? - сказаў Том.
Ён хацеў дадаць нешта яшчэ, але змоўк; ён глядзеў на дзверы. Яны адчынiлiся, i на парозе ўзнiк лейтэнант i за iм чатыры салдаты. Том выпусцiў цыгарэту.
- Стайнбак?
Том не азваўся. Тады Пэдра паказаў на яго.
- Хуан Мiрбал?
- Гэта той вунь, што ляжыць на матрацы.
- Устаньце, - сказаў лейтэнант.
Хуан не варухнуўся. Два салдаты падышлi да яго i паднялi пад пахi. Але як толькi яны яго адпусцiлi, ён зноў упаў.
Салдаты стаялi ў нерашучасцi.
- Гэты не першы, каму зрабiлася блага, - сказаў лейтэнант. - Давядзецца вам яго туды занесцi, а там прыдумаем.
Ён павярнуўся да Тома:
- Ну, хадземце.
Абапал Тома сталi два салдаты, i яны выйшлi. Следам два iншыя салдаты пад пахi i каленi неслi малога. Ён быў не ў непрытомнасцi; вочы ў яго былi шырока расплюшчаныя, i па шчаках лiлiся буйныя слёзы. Калi я хацеў выйсцi таксама, лейтэнант мяне чамусьцi спынiў.