1998-2000
Рэвізія
Раман
Частка першая
Вечар, рэдкі сухі сняжок сыплецца і не растае, а беліць вуліцы, тратуары, дрэвы, дахі дамоў — увесь гэты вялікі і, нягледзячы ні на што, прыгожы — самы лепшы ў свеце горад.
Падмарожвае, таму крокі, галасы, шум машын — усё выразнае, пазімоваму звонкае, хоць яшчэ і не зіма зусім, а восень, усяго толькі сярэдзіна кастрычніка 1989 года. І тут, у цэнтры Мінска, каля былога Губернатарскага, а цяпер чамусьці імя Горкага, парку, у будынку дзіўнай планіроўкі і архітэктуры, такім нязграбнааляпаватым звонку і такім утульным усярэдзіне, у зале на другім паверсе, дзе авальны стол і крэслы паўз усе чатыры сцяны, яшчэ толькі пачынаюць збірацца людзі. Чуваць беларускую гаворку, паўсюль маладыя, расчырванелыя пасля вуліцы твары; пакрысе зала запаўняецца, падыходзяць усё новыя і новыя, хто распранаецца ўнізе ў гардэробе, хто проста тут, у зале, дзе каля дзвярэй стаіць пара вешакоў, хто трымае куртку ці паліто ў руках; рассаджваюцца за стол, на крэслы паўз сцены, і хутка ўжо не хапае месцаў, але людзі ўсё йдуць, і вось ужо стараюцца прыляпіцца хоць дзе, хоць на падаконніку.
«Жыве Беларусь! — з’яўляючыся ў дзвярах, гучна аб'явіў рослы дзяцюк у шырокім і доўгім белым кажусе, трымаючы ў руцэ сабачую шапку з апушчанымі вушамі. Ён аббег вачыма залю. — Усе ў зборы? Ну, а цяпер сюды не хапае адной невялікай бомбы. І скончылі б з гэтай няшчаснай Беларуссю за хвіліну!»
Ён здзеў кажух і ўпэўнена пакіраваўся ў канец стала, «на покуць», дзе, відаць, і было пакінута яму месца.
Злева ад дзвярэй у глухім кутку на двух крэслах неяк месціліся трое: Нэлі Кавальская, Алесь Церашкоў і Алесь Трухан. Хлопцы сядзелі па баках, а дзяўчына, заціснутая, пасярэдзіне. Усе яны былі студэнтамі гістфаку, толькі Трухан з Нэлі вучыліся на другім курсе, а Церашкоў на трэцім. Нэлі гэтая пісала вершы, Церашкоў умеў маляваць і афармляў універсітэцкую сценгазету, абое былі тут не ўпершыню і пачуваліся як дома; што да Трухана, ён прыйшоў сюды (калі яму верыць) проста так, дзеля цікавасці, заманены расказамі Церашкова, з якім жыў у адным інтэрнаце, пра нейкіх маладых напаўзабароненых пісьменнікаў, пра тое, што яны нібыта збіраюцца разам, каб ствараць «новую літаратуру», і ўсе без выключэння размаўляюць пабеларуску. Трухану ніколі ў жыцці яшчэ не даводзілася бачыць больш за трох такіх у адным месцы.
Цяпер ён употайкі разглядваў гэтых людзей, уражаны найперш тым, як іх многа, і якія яны сапраўды ўсе маладыя! І няўжо ўсе пішуць? У яго яшчэ са школьнай парты моцна засеў у мазгах стэрэатып пісьменніка «сапраўднага» — абавязкова мужчыны, высокага, мажнага, лысага або сівога, абавязкова ў касцюме з гальштукам ці ў тоўстым ваўняным світары і ў акулярах…
Таму ён не дужа здзівіўся, калі раптам побач з сабою, праз якіх тры крэслы, такіх і ўбачыў. Адзін — лысы, у касцюме, другі — сівы, у тоўстым, прыгожай вязкі ў рознакаляровыя ромбы світары. Побач з імі сядзеў яшчэ чалавек, з нейкай сумнай, як бы вінаватай усмешкаю на маладжавым, да сіні паголеным твары. Як і Трухан, ён увесь час круціў галавою, да ўсяго прыглядаўся, прыслухоўваўся, нават, здавалася, прынюхваўся і ўсім усміхаўся сваёй сумнай усмешкаю.
«Сівы — гэта... — зашаптаў Церашкоў, заўважыўшы, кім Трухан цікавіцца. Каб быць пачутым, ён нахіліўся да Трухана бліжэй, пры гэтым абапёрся на дзявочае калена. На безыменным пальцы ў яго бліснуў залатой палоскай шлюбны пярсцёнак. — У школе праходзілі… А лысы, у касцюме — гэта сам... Вершы напамяць вучылі!»
«А той, з краю?»
«Ніхто не ведае. Ніводнага паседжання не прапускае, сам не выступае...»
«Нічога: дзе трэба, выступіць», — умяшалася Нэлі, якая ўсё чула.
У канцы стала шляхам розных перасадак стварыўся як бы прэзідыум. Справа сеў бялявы хлопец у чорнай скураной куртцы, злева — чарнявы ў светлым касцюме, пасярэдзіне — дзяцюк, які жартаваў пра бомбу. Яны ўтрох яшчэ аб нечым пашапталіся, і бялявы аб’явіў, што можна пачынаць. Чарнявы назваў прозвішча.
Усе прыціхлі. Сярод цішыні паднялася танюткая дзяўчынка з лістком паперы ў руцэ, двойчы бралася чытаць і, збіўшыся, замаўкала.
«Смялей, Ліда! — падбадзёрыў бялявы. — Уяві, што цяпер дваццатыя, ці трыццаць сёмы год, і па цябе зараз прыедуць».
Падзейнічала. Дзяўчынка справілася з сабою. Чыстым, звонкім галаском, без адзінай запіначкі яна, не гледзячы ў лісток, прадэкламавала доўгі верш на гістарычную тэму, пра князя і князёўну, у якім ці не праз слова трапляліся «дзіды» і «воі», «рамёны» і «цягліцы», «веі» і «скрыдлы»...
«Ну, хто што скажа?» — спытаў чарнявы ў светлым касцюме, калі дзяўчынка скончыла чытаць і не прысела, а стаяла, чакаючы прысуду, і зноў хвалявалася.
Першы азваўся бялявы.
«Я лічу, — сказаў ён, — такі верш далёка не кожны часопіс надрукуе. Смела, моцна! Амаль Караткевіч».
«Нарэшце мы пачалі выбірацца з лапцей», — заўважыў чарнявы.
«Гэта не паэзія, — рэзюмаваў дзяцюк пасярэдзіне. — Слабенькі верш... Але ж яна не ў афіцыйныя рэдакцыі прынесла яго, а нам. За што я цябе, Ліда, і люблю. Усё, наступны!»
Дзяўчынка з палёгкаю ўздыхнула, села і, пачырванелая, — відаць, чакала куды большага разгрому, — пачала перашэптвацца з суседзямі.
Такім, як гаворыцца, макарам пайшло і далей. Падымаўся хлопец ці дзяўчына, чыталі верш ці абразок; у вершах, як правіла, былі ўсё тыя ж «воі» — «веі», «скрыдлы» — «дзіды», «Храм» — «хам», у абразках — адзінота, непрыкаянасць, дождж за вакном, цыгарэта ў руцэ і парцалянавы кубачак кавы... Адзываўся першы чарнявы, заўсёды робячы ў сваіх ацэнках націск на тое, што, дзякаваць Богу, мы выбіраемся з лапцей, амаль знікла нарэшце ў творах вясковая тэма, не кажучы пра абрыдлую запечную псіхалогію старых дзядоў і бабуль, якія дзесяцігоддзямі не вылазілі з нашай літаратуры. Бялявы хваліў усіх падрад — на той падставе, што «такія рэчы не прыме ніводная афіцыйная рэдакцыя», а найвышэйшай пахвалой у яго было — «амаль як у Караткевіча». Падагульняў дзяцюк, у якога на ўсё была свая, таксама досыць аднастайная думка:
«Мура, калі шчыра... Лухта паўнейшая! Але ж не камусьці, а да нас на суд прынеслі. Вось за гэта — паважаю!»
І слухачы, і асабліва выступоўцы нене дый пазіралі на старэйшых пісьменнікаў. А тыя пасля кожнага новага верша ці апавядання проста святлелі тварамі, усё гучней перагаворваліся — так, што дзяцюк вымушаны быў зрабіць ім заўвагу:
«Можа, вы хочаце выступіць?»
«З вашага дазволу», — адказаў, устаючы, пісьменнік у світэры.
«Хто гэта?» — цішком папытаўся Трухан пра дзецюка, які найбольш яго цікавіў.