— Вось няймецца вам з гэтым жытам! Едзь. Хай едзе. Мне то што? Глядзіце самі. Але радня раднёю, а мяне тут не было, і не чуў, не бачыў нічога!
Усё атрымалася па Бацькавых словах, а не па Міканоравых. І з'ездзіў удала, і вярнуўся жывыздаровы, і дарога сама вяла, а разумны конь сам вёз, і нават з дажджом як падгадалі — нікога знаёмага не стрэлася на шляху. Усю дарогу туды Трухановіч прасядзеў крукам пад брызентавай накідкаю, аб якую стракатаў дожджык. Добра так было, зацішна, нават думаць не хацелася…
У Скрыгалаве адразу знайшоў, ні ў кога не пытаючы, двухпавярховы цагляны будынак паравога млына. Каля яго ўжо стаяла цугам падводаў пяць. Трухановіч прыстроіўся ў канцы. Пакуль марудна рухалася чарга, пакарміў каня з рукі сенам, потым пахадзіў між падводаў… Хутка знайшліся памочнікі — мяхі на млын аднесці і муку на воз пагрузіць, самі вызваліся, і нават пляшку самагонкі, якіх Бацька дзве даў з сабою, спярша браць не хацелі: «Свой — братокхрантавік, што ж мы, няхрышчаныя хіба?..» Збыўшы з рук адзін клопат, Трухановіч вырашыў заглянуць на млын, каб хоць трохі разабрацца, што тут да чаго, каб потым, калі яго чарга падыдзе, не выглядаць поўным невукам.
Усярэдзіне, на першым паверсе, было сапраўднае пекла. Усё калоціцца, грукочуць камяні, за белым пылам амаль нічога не відаць, у гэтай завірусе мітусяцца, як чэрці, людзі, робячы якуюсь незразумелую работу… Па драўлянай, белай, нібы засыпанай крэйдаю, лесвіцы падняўся наверх. Тут было крыху спакайней. Пастаяў, агледзеўся. Ну што ж, збольшага механіка зразумелая. Калаўрот, якім знізу падымаюць мяхі, вялізны кош, куды высыпаюць жыта. Жорны круцяцца пры дапамозе пары, і ўніз па латку ў скрыню ссыпаецца мука…
Спусціўся ўніз, трохі прывыклымі ўжо вачыма ўбачыў, што і тут, аказваецца, зусім не хаос, а прадуманыя, зразумелыя дзеянні: людзі выграбаюць саўкамі муку са скрыні і напаўняць мяхі. У кутку каля акна, дзе святлей было, і крыху менш пылу, сядзеў на адной скрынцы чалавек, другая, вышэйшая, служыла, відаць пісьмовым сталом, бо на ёй ляжаў разгорнуты сшытак. Трухановіча міжволі пацягнула туды — знаёмы занятак, папера, аловак… А калі яшчэ ўбачыў, што ў чалавека замест нагі — драўляная кульба, зусім растаў душою: «калега», такі ж, як і ён, знявечаны…
Ён падыйшоў і, сам не ведаючы, навошта робіць гэта, выцягнуў з кішэні паддзеўкі пляшку самагоні і моўчкі працягнуў чалавеку. Той не столькі ўзрадваўся, колькі здзівіўся, нават нібыта спалохаўся чагосьці. Аднак, азірнуўшыся, пляшку ўсёткі ўзяў і схаваў пад свой «стол»скрынку.
Затым змераў Трухановіча доўгім насцярожаным паглядам.
— Без чаргі трэба? — спытаўся нарэшце. — Арганізуем!
— Ды не. Спяшацца няма куды.
Чалавек памякчэў.
— А, ну тады дзякую. Змелем! Мы табе так змелем, што пірагі з тае мукі пячы можна будзе!..
Добрым сваім зрокам Трухановіч ухапіў на разгорнутай і разграфленай старонцы: учот… мяхі… пуды… мука — крупчатка… першы памол… другі гатунак…
— Вы ўчотчык? — ляпнуў ён, робячы другую пасля дачы хабару памылку. Чалавек ізноў насцярожыўся. Ты прыехаў на млын і не ведаеш, хто я? — нібы хацеў сказаць ён. Зрэшты, прыблізна так і сказаў:
— Я то ўчотчык… А вось ты хто? Нешта не згадваю. Ці не Трухановічаў меншы будзеш?
— Не… Трухановіч, але не меншы… Не той. Другі я, — адчуўшы, што заблытваецца, Трухановіч змоўк на паўслове і, поўны прыкрасці, павярнуўся і паклыпаў на двор. Навошта яму спатрэбілася хлусіць? І што за шчодрасць з гэтым самагонам?.. Як усё ж цяжка з людзьмі, як збіваешся з імі, не ведаеш, як трэба паводзіццца!
І толькі калі, змалоўшы, уладкаваўшыся, выехаў са Скрыгалава і апынуўся зноў у лесе, адзін, з канём, — палегчала трохі. Дождж перастаў. Спіну ўтульна грэў цёплы мех мукі. Толькі аднаму і можна існаваць. Гармонія… «ЛявонБушмараўшчына»…
Але на гэты раз думкі яго ўзбунтавалі. І прыкрасць, і злосць нечакана расхадзіліся ў душы. Ад таго, што такі ён непрыдатны сярод гэтых сялян — з іхнімі вечнымі праблемамі, з іхняй вечнай барацьбой за выжыванне… Чужы, усяму і ўсім чужы! І як жа абрыдла ўжо гэтае сваё «ўсёведанне»! Ад якога ні яму самому, нікому іншаму ніякае карысці!
І ён адчуў, як стаміўся ад гэтай чужацкасці, ад вечнага свайго акторства ў гэтай занадта ўжо зацягнутай п'есе.
І, як і сёння раніцай, толькі яшчэ больш востра, з яшчэ большым адчуваннем палёгкі ён зразумеў, што пара, што хутка скончыцца ўсё, што ён, сам таго не ўсведамляючы, набліжае развязку, прынамсі, хоць бы вось гэтым эпізодам на млыне… І яму хочацца, каб гэтая развязка хутчэй настала.
Чаму ім не цікавяцца?! Чаму не арыштоўваюць?! А можа — ужо? Вось пад'едзе ён зараз да хаты, а там чакаюць… Каб «узяць».
Да таго ён гэтай развязкі хацеў, да таго быў да яе падрыхтаваны, што амаль не сумняваўся — так яно і будзе.
Але «ўзялі» яго толькі праз тыдзень.
За гэты час паспеў Трухановіч развітацца і з любімай рэчкаю, і з родным лесам, і з восеньскім сонцам, якое «шчодра аддавала сваё апошняе цяпло» пустым ужо, але ад таго не менш прывабным для вачэй і для душы палеткам… Самае галоўнае — паперы яго, успаміны яго пра будучыню былі дапісаны, у снарадную гільзу ўкладзены, воскам заліты і ў надзейным месцы захаваны. Гэта было адзінае, што мог ён паслаць праз гады самому сабе — будучаму.
Больш нічога не звязвала яго з гэтым часам. Арышту ён не баяўся, не баяўся нават смерці — па вядомай прычыне; будучы допыт не так палохаў яго, колькі чакаўся ім. Яму здавалася, гэта будзе штосьці кшталту філасофскай, інтэлектуальнай гутаркі за шклянкаю гарбаты… Бо якая віна на ім? Што яму можна «прышыць»? Не прымітыўную ж контру! Мо таму і не арыштавалі дасюль, бо самі не ведаюць, за што? За бяспамяцтва, за бяскрыўдныя фантазіі — дык нібыта нават бальшавікі за такое не расстрэльваюць…
У такіх справах як ні гадай — не ўгадаеш, як ні чакай — атрымаецца нечакана. Прыехалі па яго днём, у самую рабочую пару, калі ён адзін быў дома. А мо гэта Якаў, які паказваў чэкістам дарогу, знарок такі час выбраў? Усё адбылося хутка, будзённа, без асаблівых збораў і слёзпровадаў. Нават вобыску не было. У каморку ўвайшлі двое, адзін стаў у дзвярах, другі акінуў вокам пустыя куткі, голыя сцены, падняў матрац, пад ложак зазірнуў… Трухановічу нічога не тлумачылі, а ён не пытаў нічога. Аднак паддзеўку на плечы накінуць здагадаўся.
Падвода стаяла каля варот. Сабакі брахалі, як шалёныя, — падобна, адзіныя істоты, якія не толькі шкадавалі свайго гаспадара, але і гатовы былі абараняць яго перад чужакамі. Хаця, калі падвода ўжо кранулася, і Трухановіч азірнуўся, падалося яму, што нехта ходзіць у двары, можа, тая ж Наста прыбегла з агароду на сабачы брэх…
Канваіры былі маўчуны. Абодва сядзелі спінамі да Трухановіча: адзін спераду кіраваў коньмі, другі ззаду спусціў ногі ледзь не да зямлі і курыў. Трухановічу была поўная воля. Ён глядзеў на сароку, якая трашчала і ківала хвастом на бярозе. Калі ўехалі ў бярозавы лес, вочы машынальна пачалі шнырыць па доле, шукаючы сярод жоўтага лісця грыбную шапку. А калі пайшлі пералескі, а потым абапал дарогі — палі, ён пачаў пазіраць на пустыя загоны, і знаходзіў, што яны, голыя, падзеленыя толькі ваўчкамі на межах і схіленымі сланечнікамі, яшчэ прыгажэйшыя, чым улетку, калі ўсё на іх цвіло і буяла.
Горад набліжаўся. І чым бліжэй да яго заставалася, тым больш Трухановічу хацелася расцягнуць дарогу — у прамым сэнсе, на манер гумкі, каб даўжэй было ехаць. Паказаліся першыя мазырскія хаты — украінскія мазанкі, белыя ў зялёнай вішнёвай і абрыкосавай зацені. У сваім будучым далёкім дзяцінстве ён яшчэ застане іх…
Вечар надыходзіў з кожнай хвілінай. Аднак, нягледзячы на прыцемкі, і ў горадзе Трухановіч пазнаваў сёетое. Славутыя равы і пагоркі, пакрытыя бярозамі… «Я вам пакідаю на кручах высокіх ракіты, мазырскіх бяроз беластвольны тугі карагод, каб вы, дарагія, на прыпяцкіх хвалях блакітных, ка мне прыплылі і праз нейкую тысячу год!»
Спуск. Пад'ём. Цэнтральная вуліца. Прыпяць, якую хоць і не відаць адсюль, але яна адчувалася па рачной свежасці. Плошча, яшчэ без статуі з працягнутай рукою. Будынак, той самы, у адным з пакояў якога, на другім паверсе, некалі будуць прымаць яго ў камсамол…