- Iдзi сабе.
Ах, каб ён не гаварыў гэтага "сабе"!
З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзiць дзе-небудзь на пенчуку цi на вывернутым дрэве.
Край лесу, перад iмi поле - цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, iх ледзьве вiдаць - з гэтага, аднаго толькi боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмi. Межавыя палявыя слупы залезлi аж на яе - ледзьве з драбiнамi льга прасунуцца.
Амiля кладзе рукi на Бушмарава плячо:
- Чаму ты гэтакi, Лявон?
- Што? - гаворыць ён адразу, - што ты сказала?
(Часамi ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)
- Чаго ты на мяне сярдуеш?
- Iдзi туды, - паказвае ён пальцам на вёску. - Iдзi, адно прыходзь хутка.
Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавiцца там доўга.
Андрэй спатыкае яе жартлiвым смехам:
- Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лiшне эксплаатуе цябе?
Яна вымушана смяяцца.
У акне з двара вiдаць дзецi. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамi ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькiя, як вугельчыкi, аднагодкi - Амiлiн i Андрэеў.
- Iдзiце, сынкi, я вам тварыкi памыю, - гаворыць Амiля, калi ўвойдзе ў хату.
Бярэ iх абодвух на рукi i нясе ў мыцельнiк да вядра з вадою. Хлапчукi ў захапленнi пiшчаць.
- Сыночак, - тулiць яна да сябе свайго малога. - Можа, табе балiць што?
- Каб балела што, дык плакаў бы, - аскiрзаецца пакрыўджаная Андрэiха. Разам жа з маiм i ядуць i спяць.
- От пасварыцеся нечага, - рагоча на ўсю хату Андрэй.
- Я так гавару, мала што мацi скажа, - апраўдваецца Амiля, - цi гэта што я скажу, дык...
Яна гладзiць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзiць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзiць Амiлi ўслед:
- Пабыла б калi больш... Эксплаатуе цябе твой гаспадар.
Ён раптам кiдае жартаваць. Тон яго робiцца сталым:
- Табе i нядзелi няма?
Амiля ўжо выходзiць з двара.
Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просiць яго:
- Я не бавiлася, праўда?
Яны iдуць назад ужо разам. Калi край лесу губiцца за востраю павароткаю лясной сцежкi, Бушмар тулiць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслiвая, глядзiць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамiнае тое, на што ён раней не адказаў:
- Чаму ты гэтакi... Нейкi...