Салдат адступіў ад Нявады, і Няваду павялі праз цёмныя і асветленыя свечкамі пакоі і калідоры. Многа прайшлі дзвярэй і нарэшце спыніліся ў вялікім пакоі, акно ў якім, высокае і шырокае, было адчынена. Было відно, як на небе патухалі апошнія праменні яснага захаду. Няваду паставілі ў кут каля дзвярэй і пачалі выварочваць яму кішэні, шукаць запазухай і мацаць па ўсей яго адзежы. У гэты момант адчыніліся дзверы, тыя, праз якія Нявада яшчэ не праходзіў, і двое людзей выйшлі адтуль і, штосьці ўзбуджана гаворачы па-нямецку, пайшлі поплеч праз пакой да выхада. Тыя, што выварочвалі Нявадавы кішэні, павыцягваліся, як пруты. Адзін з тых двух быў высокі і ўжо стары і ў цывільнай адзежы, другі сярэдні і ростам і гадамі і ў форме нямецкага афіцэра. У дзвярах яны паціснулі адзін аднаму рукі, і вайсковец выйшаў, а высокі цывільны астаўся, і раптам адбылася дзіўная Няваду з’ява: яго выпусцілі з рук і пакінулі шукаць у яго чагосьці, а самі зніклі следам за вайсковым, і высокі цывільны вярнуўся ў свой пакой. Нявада астаўся адзін. Ён схілен быў радавацца гэтаму. Адразу ён стаў увішны і рухавы. Прыгнуўся і мацнуў месца, дзе ў вопратцы падшэўка сшыта з верхам. Аж у галаве яго закружылася: яны яшчэ не дайшлі былі да гэтага месца, і тое, што ён нёс Паліводскаму, было пры ім. Узбуджаны і з наплывам надзеі, ён зазірнуў у акно і ўбачыў, як той вайсковец сеў у машыну і як той салдат, што запыніў быў яго на двары, палез у грузавік, дзе сядзелі больш салдаты. І машыны адразу паехалі. На двары стала адразу пуста, і з-за дрэў чулася, як нехта вучыўся граць на дудцы. Падобна было, што як толькі паехаў, а з ім і салдаты з аўтаматамі, дык тут не асталося ніякай варты. Праўда, два паліцаі падышлі аднекуль, узлеглі грудзьмі на плот і сталі курыць, але Няваду яны здаваліся чымсьці як бы не вельмі жорсткім. Яны хоць не гаўкаюць так па-нямецку. Пустэча, цішыня і дудка з-за дрэў запоўнілі час Нявадавага чакання. Так адзін ён стаяў, можа, з паўгадзіны. Зноў трывога і ўтрапенне пачалі авалодваць ім. Раптам адчыніліся дзверы, за якімі знік высокі цывільны, і паліцэйскі выйшаў адтуль і беларускаю моваю (відаць, быў тутэйшы) сказаў да Нявады:
— Гэта ты той самы, што нешта прынёс?
— Я, — устрапянуўся Нявада.
— Дык увайдзі. Цябе, здаецца, глядзелі і абмацвалі?
— Абмацвалі.
— Дык ідзі, ідзі туды. — Ён паказаў на дзверы, з якіх сам выйшаў, і сеў на цвёрдае крэсла ў паставе такой, у якой ён тут маецца сядзець доўга, можа нават цэлую ноч. Нявада ўвайшоў у наступны пакой і ўбачыў таго самага высокага цывільнага. Ён стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў яго губы.
— Стой, стой, — шпарка сказаў ён, як толькі Нявада зрабіў крок ад дзвярэй. — Ты быў на той вайне?
— Быў.
— Ты аграбіў раненага афіцэра?
— Не я, а немец. А як той немец трапіў у палон і ляжаў хворы ў маёй хаце, дык за добры догляд пакінуў усё тое маім дзецям. Усё захавалася як ёсць. Я прынёс пану Паліводскаму.
— Гэта я Паліводскі, — нецярпліва сказаў высокі.
Няваду быццам праняло электрычным токам. Перад ім стаяў стары чалавек, хударлявы, з тварам такім, што, здавалася, да яго прысохла вечнае чаканне. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Паліводскі не спускаў з яго вачэй, і губы яго перасмыкваліся часцей, ужо дробна і бесперастанку. Было маўчанне і цішыня. Угнуты Нявада пацягнуў за канец суровае ніткі, і пачуўся сухі трэск, і насупраць акна льга было ўбачыць, як з таго месца вопраткі, дзе рванулася нітка, пайшоў пыл. Не адгінаючыся, Нявада ўсадзіў пальцы пад адпораную падшэўку і абмацваў там. Тут пачуўся яго голас. Ён гаварыў:
— Мой ласкавец, я праз дваццаць, а можа, і праз усе трыццаць год хаваў, не пускаў куды, трымаў, а нёс і шукаў вас, і прапытваў у людзей больш як… не лічыў дзён, але больш як месяц. Я ў балотных закутках і ў сабачых норах хаваўся і туляўся, абы каб не напаткаць каго і каб цэлае данесці… Божа мой. Каб жа льга было верыць у чалавечае сэрца і каб пранялі яго пакуты дзіцяці, яшчэ зусім недарослая дзяўчынка… (Тут ён абмацаў і дастаў з-пад падшэўкі гадзіннікі. Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе так.) Яна там без ратунку і без… без… без жыцця можа ўжо! (Ён павысіў голас і дастаў з-пад падшэўкі звязаныя пярсцёнкі.) Вам жа гэта слова сказаць, і пакіне яна мучыцца…
— Пра каго ты гаворыш! — крыкнуў нецярпліва Паліводскі, не маючы сіл адарваць вочы ад Нявадавых пальцаў.
— Ласкавенькі мой, любенькі мой, дарагі мой, душою і целам прашу, дастаньце яе з лагера і аддайце мне, каб я мог хоць пачуць, як пахне яе галава — ці пылам, ці мылам, як калі бывала ў яе. Ратуйце яе і мяне цераз гэта… Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло… Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам… Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся…
Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.
— Нявіннае дзіця… Можа там яна дрыжыць ад крыку тоўстага салдата…
Нявада прыдумляў словы, ён не ведаў, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям’і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, магло быць мэтай, Паліводскаму было нічым. Нарэшце і Нявада змоўк, і маўчанне гэтае, здаецца, навалілася нязносным цяжарам на ўвесь свет. Паліводскі раптам падпёр твар рукамі і прамыляў губамі так, што Нявада ледзь пачуў:
— Позна ўжо… няма… і не трэба! — апошняе слова ён выгукнуў мацней і зноў замыляў губамі. — Жыццё пражыта чорт ведае як… І нічога не ўдалося…
Губы яго зноў пачалі перасмыквацца, і ён стаў у ранейшай паставе, з рукамі за спіной. Нявада з жахам уздрыгануўся, спазма здушыла яму горла, і ён прахрыпеў:
— Позна? Яе расстралялі? — І ён закалаціўся, як прыгавораны к смерці.
Паліводскі закрычаў:
— Прынёс позна! Трэба было дваццаць год таму назад! — Паліцэйскі з’явіўся ў дзвярах, падазрона зірнуў на Няваду і ціха сказаў да Паліводскага:
— Яшчэ просіцца… там увесь час сядзіць. Гаворыць, што яго ўспомняць, каб сказаць, што ён сын Стафана Акаловіча.
Паліводскі разоў дзесяць засаб перасмыкнуў губамі і ўсім тварам і сказаў:
— Няхай увойдзе.
Твар яго як быццам праясніўся. Здавалася, што з думак яго сышло ўжо ўсё, апроч таго, што папрасіўся сюды. Ён падышоў да дзвярэй, каб сустрэць сына Стафана Акаловіча. Нявада трымаўся, каб не застагнаць, так ціснула яму ў грудзі і горла. Ён аж хістануўся ўбок ад жаху, убачыўшы, што ў дзвярах з’явіўся той самы малады і абарваны, якога ён тады, даўно ўжо, траха не забіў жалезам па галаве. Цяпер ён быў яшчэ больш абарваны і больш быў падобны да абцягненага скурай шкілета, як да чалавека. Паліводскі працягнуў яму руку, а той дзіка азіраўся каля сябе.
— Я сын таго Акаловіча, які меў знаёмства з вамі многа год і да якога, пад Клецак, вы заязджалі…
— Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх…
— Майго бацьку немцы павесілі, — сказаў з узнятасцю Акаловіч. — Я не маю дзе галаву прытуліць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто ні сустрэў мяне… Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялікая Польшча? І малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..