— Бацьку мае дачкі.
— Значыцца — вас?
Яна ўстала і з сумнай усмешкай глядзела на яго.
— З тае хаты едзеш у гэтую?
— У гэтую.
— Бацьку бачыла ўжо?
— Ужо мы пазнаёміліся.
— То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, і шафёр падвязе аж да месца.
— Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла на шашы цэлае ранне.
— То чаго ж вы ўсталі? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялікая.
Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, і вочы яе сталі такімі даверлівым.
— Я вырасла без бацькі. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзін без аднаго былі. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроіў, і добра ён зрабіў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замілаванасцю ведаць і каго трэба ненавідзець.
— Ненавідзець? Вы такая маладая і гаворыце аб нянавісці?
— Аб чым жа мне гаварыць, калі жыццё майму бацьку скалечылі, і маё маленства…
Яна недагаварыла і як бы засаромелася свае ўспышкі перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.
Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.
«Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.
— А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?
— Я вучылася і на лета еду.
— А як жа вы завецеся?
— Лізавета.
— Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.
— Ой! — крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, відны былі праз трапяткое лісце зараснікаў, якія шчыльнай сцяной купчасціліся паабапал рова. Лісце шумела і траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам і, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве і пад нахіленым нізка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногі, абутыя ў боты з вялікімі абцасамі. Абцас аднаго бота быў у жвірыстай зямлі. Гэты абцас і стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова і беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць і разважыў думкамі сам сябе: «Падарожны нейкі спіць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вільгаць? Калі тут трава сухая? Мала што, — душыў у сабе трывогу Нявада. — Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца».
— А чаго ж вы самі так устрывожыліся?
— Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.
— То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.
Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:
— Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.
— Можа і не будзе. А можа будзе.
— Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, — раптам устрапянуўся ён. — Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з’іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.