- Я тут курыць не буду, я пайду на двор... Дзе гэта там Віця забавіўся?
У хаце было прытульна, чыста, прыбрана, але цішыня і спакой былі страшнейшымі за ўсялякія варожыя навальніцы. Сястра глядзела на яго вострым зіркам. І яму, мусіць, шмат чаго хацелася сказаць ёй; губы ў яго трохі падзьмуліся, цераз увесь твар лягла вельмі выразная для адчування і невыразная для слоў рыса. Куткі рота ў яго затрэсліся і вочы пачырванелі. Але ён цвёрда і паважна, як стары, выйшаў з хаты. І калі ён выходзіў, яна прачытала ў вачах і на твары яго: «Усё можна. Заставайся і надалей тут. Не можа быць нядобра там за тое табе, што пасля гэтага тыдня не з'явішся туды служыць... Перад смерцю мацеры ўсё можна. Усё можна!»
* * *
Над зямлёю стаялі засцілы марозлівага паветра.
Віця нагрэўся пры рабоце, але зверху сухім холадам хапала за плечы. Цямнела. Віця ішоў у хату па траскучым снезе. Вострыя плечы яго варушыліся пад тонкім фрэнчам.
Быў ён сам занадта тонкі паводле росту, белатвары, з жоўтымі кропелькамі рабаціння на высокім ілбе. Цыбатымі нагамі ён сцібаў шырока, шмат займаў імі, ішоў подбегам. Схаваў рукі ў кішэні портак і падтуліў плечы, угнуўшыся ўперад. На ганку стаў абіваць з падэшваў прымёрзлы снег.
Ружавеў захад і з другога боку ў чорных дрэвах бялеў месяц. За адкіненымі весніцамі звінела пустая цішыня вуліцы. Сінявокі Якуб моўчкі выйшаў з сянец, паслізнуўся на ганку, траха не ўпаў, але адзержаўся і падаўся на вуліцу.
- Куды ты?
- Нікуды.
На вуліцы Якуб шпарка пераступаў з нагі на нагу, біў ботам аб бот. Віця не ўцерпеў з ганка:
- Нашто ты боты рвеш?
- Ногі мерзнуць.
- Дык няхай бы сядзеў у хаце.
- У цябе не папытаю. Вельмі бацька знайшоўся! Прыганяты!
- Дурань, чаго ты агыркваешся!
- Бо чаго ты заўсёды чэпішся!
- Ідзі ў хату!
- Чаму?
- Не мерзні.
- А сам? Я цяплей за цябе апранены. Гэта ты ідзі, не мерзні ў гэтым летнім фрэнчы.
Віця смешна нахмурыў свае белабрысыя бровы і адчыніў дзверы ў сенцы.
У кухні было змрочна. Бялела акно над сталом. Віця пацягнуў носам і буркліва сказаў:
- Зноў накурыў поўную хату.
Прытуліўся плячыма да печы і грэўся. Адагрэтыя пальцы на нагах вельмі засвярбелі. Дык ён сцягнуў бот і з асалодаю пачаў церці пальцы анучаю. Усё ў хаце маўчала. Раптам ён апусціў рукі і стаў думаць.
«Нашто я пусціў Маргарыту ісці, яна і так колькі ўжо ночаў не спала. Як яна і так цягне... Перабыў гэтулькі часу без адзежыны, дык і яшчэ б з лішні дзень пачакаў бы... Цяпер ёй гэтыя дні лягчэй будзе, пакуль Маня зноў паедзе...»
Усё нястрыманым віхрам імчалася ў галаве.
Сядзеў моўчкі доўга. Пасля шпарка ўсцягнуў бот і ўвайшоў у хату. Глянуў у акно ад вуліцы. Якуб стаяў на тым жа ўсё месцы.
«Стаіць як прыкуты, яшчэ захалодзіцца».
Замілаванне да Якуба панавала ў ім, назаўсёды кладучы сляды на душу, у гэты час пераходу дзяцінства ў першае юнацтва. Само жыццё выхоўвала ў ім вялікую чалавечую чуласць для замілавання і нянавісці.
Сястра папрасіла яго запаліць агонь. Ён прынёс лямпу. Сястра зняла шкло і стала выціраць. А ён стаяў перад ёю - высокі, худы, з дзяціным яшчэ рухам твару. Але не дзяцінае было ў сціснутых тонкіх губах.