— Не хочаш — і так абыдзецца, без подпі-саў,— задзірыста сказаў Скаражонак, але ўсё ж, мусіць, такі варыянт яго не задавальняў,— Не падпішаш?
— Не падпішу, а калі спатрэбіцца, дык скажу, што ты схлусіў. Скажу, што нічога такога не было.
— Чаму?
— Таму, што ты людзей не ведаеш, а лезеш у пісаніну.
— Я, па-першае, такіх людзей і ведаць не хачу, як і тых, што вераць у забабоны!
— Во яно як!
— А ты думаў! А па-другое, я не з тых, што вераць забабонам, а з тых, што робяць!
— Вы наробіце,— кінуў са злосцю Драздоўскі і хутчэй пайшоў, не развітваючыся, каб, чаго добрага, не пабіцца.
Ноччу Драздоўскі ляжаў у ложку і думаў. Ён успамінаў сваё ранейшае жыццё, жонку, і ўсе ўспаміны да жаніцьбы адзываліся ў ім радасцю: знаёмства з ёю, яе ўсмешка і словы: «У цябе прыгожыя валасы». Гэтыя словы яна сказала мо тры гады назад, а цяпер яны стаялі ў яго ў вушах з усёй сваёй інтанацыяй. Усе ўспаміны пасля жаніцьбы,— пачынаючы з першага дня,— выклікалі ў ім глухое раздражненне, і яму хацелася выйсці на двор і пастаяць на халодным ветры. Сваркі, кпіны, бурклівасць, гэтае не даравана, тое не там ляжыць... Хто быў вінаваты больш? Цяжка сказаць нават цяпер, а тады?.. I ўсё ж, чым больш Драздоўскі думаў, тым менш вінаваціў сябе і жонку. Вінаваты былі чужыя людзі — яго сябры, яе сяброўкі... Яе вучылі, як не трэба папускаць, яго вучылі, як трэба абдурваць... Відаць, мелі з таго асалоду, робячы чужое жыццё падобным да свайго — я гарую, а ты захацеў шчасця? I гэты цяпер, пісака! Гэты, праўда, не са зла і не з зайздрасці сунецца ў чужое жыццё, хоча зрабіць як лепш. А зробіць горш, на сто працэнтаў...
Драздоўскі ўспомніў пра забабоны і ўсміхнуўся. Таксама вучыць, Гогаля даў. Праўда — ніхто не даказаў, што Гэтае ёсць, але ніхто, ніхто яшчэ не даказаў і таго, што Гэтага — няма. I кожны чалавек у Гэтае верыць, другая справа, што не кожны хоча ці не можа з-за нейкіх прычын выносіць сваю веру на людзі.
Гэта было адно з самых цвёрдых перакананняў Рыгора Драздоўскага.
Міхась Скаражонак дапрацаваў у бібліятэцы да лета і паступіў у інстытут.
Да таго часу яны ўжо даўно памірыліся і, нібы згаварыўшыся, стараліся не ўспамінаць пра гісторыю са Стральчэнем. Толькі ў канцы лета Драздоўскі, які прыйшоў развітацца з сябрам, не вытрымаў і сказаў, усміхаючыся:
— Помніш, як ты хацеў у газету пісаць?
Скаражонак чамусьці зазірнуў у другі пакой, дзе маці пакавала яму чамадан, і ціха сказаў:
— Калі ты думаеш, што я закінуў свой фельетон, то памыляешся. Навошта я буду пісаць у сваю раённую газетку; які з гэтага будзе рэзананс? Калі ўжо пісаць, дык у сталічныя газеты.
Драздоўскі пасміхнуўся. Скаражонак заўважыў і пакрыўдзіўся. Ён падумаў, што Драздоўскі мала яму верыць і, мабыць, прымае за пустабрэха.
— А чаму ты тады не падпісаў? — спытаўся ён.— Забабоны перашкодзілі?
— Ты што, зноў хочаш пасварыцца са мною?
— Пабаяўся, што табе могуць прырабіць,— заявіў Скаражонак,— след узяць.
— Цьфу ты, што за чалавек!
Драздоўскі плюнуў і, ляснуўшы дзвярамі, выйшаў з хаты. Але на вуліцы ён закурыў, трохі супакоіўся, вярнуўся на двор і сеў на лаўку каля ганка, вырашыўшы тут пачакаць, развітацца па-людску ды памагчы паднесці чамадан.
А ў хаце Скаражонак размаўляў з маткаю.
— Што вы тут крычыце? — спытала, выгля-нуўшы на шум, матка.
Сын павярнуўся да яе і развёў рукі:
— Мяне яшчэ й вінаватым зрабілі...
Было відаць, што ён папраўдзе нічога не разумее.
Матка не стала нават пытацца, што тут выйшла. Як гэта адзіны сын, якога яна так цяжка гадавала, адна, без чалавека, можа мець нейкую вінаватасць?
— Пабольш бяры ў галаву,— параіла яна.— Хадзі лепш глянь, ці не забылася я чаго...
У наступны момант Скаражонак ужо стаяў над расчыненым чамаданам і прыкідваў, што б яшчэ ўзяць,— дарога няблізкая.