«Лезь на гарышча, — быццам шэпча нехта на вуха, — лезь на гарышча».
Я і палез. Дзіва дзіўнае, рукі самі пацягнуліся да пучка з крапівой-жыгучкай, а там да святаянніку і каліны.
Ці так ці сяк, злез я з гарышча, наліў у каструлю вады, укінуў туды некалькі трусіных костачак і паставіў на пліту.
Парэзаў на квадрацікі бульбу, пачысціў моркву, а пасля прапусціў яе праз тарку. I так стала весела, быццам чорт дрынчыць. Схапіў я гармонік, зайграў, заспяваў:
Баба галаву высунула з запечка, дзівіцца. А я ўжо кінуў гармонік — па капусту пабег. Нездарма пра яе спявалася.
— Ці дасі ты мне, Манюкін, хоць лыжачку тваёй сёрбанкі? — пацвельвалася баба. — Смачная нябось атрымаецца. Солі дзве жмені ўсып ды перцу ложак пяць — во пойла будзе для каровы.
— Ты маёй стравы не чапай, — кажу, — умінай сваю каўбасу. Толькі наймі чалавека, каб на печ падсаджваў. На мяне не разлічвай.
Замаўчала старая. Не спадабаўся мой жарт.
Ну і маўчы, мне няма калі языком мянташыць. Дабаўляю ў варыва гародніну. Рыхтую прыправы. Костачкі з калінавых ягад дастаю. Рукі самі ведаюць, колькі чаго браць, калі класці.
Памешваю сёрбанку драўлянай лыжкай, дабаўляю прыправы, і такі пах ідзе, што аж бабуля на печы заёрзала.
Праз паўгадзіны наліў свайго варыва ў гліняную міску, даў крыху астыць перад тым, як смакаваць. Зачэрпнуў нарэшце адну лыжку, другую, а там як рассмакаваў, увачавідкі ўсю міску ўтрубіў.
— Можа, і ты, баба, хочаш сёрбанкі? — пытаю, — То не саромейся, скажы, я налью.
Маўчыць. Занаравілася. Не будзем упрошваць, не хочаш — не трэба, самі з'ядзім.
Не палез я пасля сняданка, як звычайна, на печ. Пацягнула на вуліцу. Мароз трашчыць. Снегу па плот, а на душы цёпла. Нутром адчуваю — папраўлюся. Ёсць косці — і мяса нарасце.
Гадзіны дзве хадзіў. Дапяў да замёрзлай рэчкі, пакоўзаўся з дзецьмі па лёдзе, пагуляў у снежкі. Есці захацелася.
«Пайду дахаты, — думаю, — яшчэ міску сёрбанкі апаражню».
Прыйшоў, распрануўся, зняў вечка з каструлі, а там пуста. Глянуў на бабу — пасміхаецца. Дык вось хто ўтрубіў маю сёрбанку.
Што тут скажаш, давялося зноў кухарыць. Баба ўзялася памагаць, але я адмовіўся ад яе паслуг.
Цэлы тыдзень мы са старою нічога, апрача маёй сёрбанкі, не елі. На сала і каўбасы глядзець не маглі.
Зірнуў я аднойчы ў люстэрка і ахнуў: твар круглы, поўны, нават мой дзюба-нос выпраміўся. Скінуў кашулю — ого-го, спартсмен, не худоба — мужчына ў целе. Мускулы іграюць — прыемна.
Бабу токсама не пазнаць. Дальбог, убавіла пуды на два. Ужо не сапе, а бегае, як маладзіца. Раней не выперці з хаты па ваду, а тут сама хапае вёдры і, расхрыстаная, прэ да калодзежа.
Неяк падлабуньваецца да мяне баба. Ілжэ не падсяваючы: маўляў, я самы прыгожы, самы малады…
«Тут, — думаю, — штосьці не так. Наконт прыгажосці, можа, і праўда, але каб у сто год самы малады… Ой, недарма старая лёстачкі падпускае».
I праўда. Як у ваду я глядзеў.
— Давай, дзед, — кажа, — пляменніцу маю, Клаўку, запросім у госці. Хай пажыве ў нас які тыдзень. Усё весялей нам.
Я, вядома, не супраць. Клаўка працавітая дзяўчына, паважае старэйшых. Толькі вось хлопцы на яе глядзець не хочуць. Раздабрэла, бедная. Саромеецца з хаты выйсці. Не есць па тры дні, а ўсё роўна не худзее.
— Ідзі, старая, кліч дзяўчыну, — кажу. Баба падхапілася, пабегла.
Назад прывяла за руку Клаўку. Тая адразу закасала рукавы і давай шчыраваць: мые падлогу, столь працірае.
— Гатуй, Манюкін, сёрбанку, — шапнула мне баба. Дык вось яно што! Ох, і хітрая мая Аўдоля.
Селі вячэраць — сёрбанка. Назаўтра сняданак — сёрбанка, і на абед — таксама. Можа, і не вытрымала б Клава, уцякла б ад нас ці крадком у кубелец па сала палезла, але баба прыкінулася хворай, стогне, не адпускае ад сябе дзяўчыну. А тая на вачах худзее. Ужо каптан на ёй вісіць — дзве Клаўкі ў яго ўлезуць. Павесялела дзяўчына: смяецца, спявае.