Вечарам да брата прыехаў начальнік акадэміі. Напрамілы бог прасіў выступіць перад вучонымі і студэнтамі.
— Я ўжо выступаў і ў заапарку, і ў спартзале — хопіць! — катэгарычна адмовіўся.
— Вы толькі адкажаце на пытанні, — маліў начальнік, — падпішаце аўтографы.
Я глянуў на брата. «Згаджайся!» — хітнуў ён галавой.
— Як табе ў нас падабаецца? — спытаў Праўдзін пасля таго, як начальнік акадэміі пакінуў нас. — Нябось хочаш застацца назаўсёды?
Эх, каб ведаў ён, як душа ў мяне шчымела, ірвалася на волю. Лепш год пажыць у Чурылаве з варварамі, чым дзесяць на Прывідусе з мазгавікамі. Сёння дзівяцца з белай вароны, а заўтра скубці яе пачнуць. Баба там замучылася адна з гаспадаркай ды і, чаго добрага, пакуль я тут таблеткі-гузікі глытаю, усю каўбасу ўмяла. Ой, трэба вастрыць лыжы!
Сем дурняў за дзівака
Шар нагадвае галоўку мака. Людзі — зярняты. Дык вось, на сустрэчу са мной у гэты шар набілася прывідусцаў, як зярнят у макаўку. I ўсе на адзін твар. Аж чырвана ўваччу ад чырвоных кашуль.
Пасадзілі мяне за пластмасавы стол, мікрафонаў панастаўлялі.
— Сёння ў нас свята, — загаварыў начальнік акадэміі, — праз сто гадоў вярнуўся на родную планету вось гэты сімпатычны малады чалавек. Аб яго жыцці і прыгодах на Зямлі вы ўсе, канечне, чыталі ў кнізе «Дзед Манюкін не салжэ». Там ён ваяваў з нячыстай сілай, ратаваўся ад ваўкоў, вадзіў па вёсках вучонага мядзведзя, шчасліва рыбачыў. Ды і самі мы пераканаліся, які гэта незвычайны чалавек: без боязі імчаў на кані па горадзе, а ў спартзале паказаў свой спрыт. Спадзяёмся, што і на гэты раз дзед Манюкін не зманіць, праўдзіва адкажа на пытанні.
Давайце прывітаем нашага госця з Зямлі. Тут, вядома, апладысменты, свіст.
— А цяпер спадар Манюкін адкажа на пытанні. Задавайце, калі ласка. Цішыня. Ніхто не хоча першым высунуцца наперад. Я выняў з кішэні люльку, набіў самасадам, стукнуў камень аб камень, пасыпаліся іскры, задыміўся трут. Прыкурыў, дым праз ноздры пускаю.
Усе ўсталі, у ладкі ляпаюць, быццам не закурыў я, а хвокус паказаў.
— Я думаў, прывідусцы смелыя, — выгукнуў у мікрафон, — раз у сто год да іх чалавек з іншай планеты прыляцеў, а яны баяцца спытаць у яго пра што-небудзь.
Узяло-такі за жывое. Наіўнае дзяўчо паднялося.
— Скажыце, спадар Манюкін, за што вы сваю бабулю пакахалі? Яна ж і дурнем вас называе, і вашым былям не верыць. Няўжо на ўсёй Зямлі не знайшлося іншай жанчыны для такога гжэчнага кавалера?
Вось дык пытанне. Трэба ж прыдумаць такое. Мусіць, дзяўчаці не работа, а любошчы на ўме. Лягчэй паўдня цэпам снапы лупіць, чым вымучыць адказ. Ды раз ужо упрогся ў гуж, то цягні.
— Вы ўсе аднолькава апрануты, — кажу, — усе на адзін твар. Можа, і добра гэта, вунь і вароны ўсе чорныя, ваўкі шэрыя, а лісіцы рыжыя. I ўсё ж сваю кашулю-вышыванку я не памяняю на вашы кумачовыя рубашкі. А мая баба Аўдоля вышывае лепш за ўсіх і песні спявае лепш за ўсіх. Праўда, даў ёй Бог язык доўгі, любіць пасварыцца. Тут ужо нідзе не дзенешся: хто каго любіць, той таго і чубіць.
— Я чуў, — падняўся з месца самавіты мужчына, — у вас вучоныя палічылі ўсіх мядзведзяў, ваўкоў і нават зайцоў. Вы, як вядома, спецыяліст па нячыстай сіле. Калі не сакрэт, колькі ў беларускіх балотах засталося чарцей і ведзьмаў?
— 132 546, — усміхнуўся я, — акурат як жыхароў у вашым горадзе. — Зала аж здрыганулася ад рогату. Мужчына-жартаўнік схаваўся за спіну суседа, трэба ж так плюхнуцца тварам у гразь. Вось табе і варвар.
Пытанні сыпаліся адно за адным:
— У вас там на Зямлі ўсё ваююць: то Ірак, то Чэчня… Калі вы апошні раз ваявалі?
— Паўгода назад, зімой. Чарэнь на печы не маглі з бабай падзяліць.
— А праўда, што ў вас дурняў не саджаюць, самі растуць?
— I не саджаюць, і самі не растуць: у іншапланецян купляем. Дурняў (хай брат даруе мне) пакідаюць на Прывідусе, а разумных на Зямлю высылаюць. А якое ж жыццё без дурняў?! Думаю, з урадам Прывідуса дамову заключым. Мы вам аднаго дзівака, а вы нам сем дурняў!
Усе зноў у рогат. Смяяліся вучоныя, студэнт, мой брат, а пляменнік ледзь з крэсла не зваліўся. Бачу, сімпатыі на маім баку. Давай ужо сур'ёзна расказваць пра Зямлю, яе прыроду, насельнікаў. Я, каласочкі-красачкі, не прахвесар, але па слова ў кішэню не лез. На кожнае пытанне меў адказ. Хаця адкуль мне ведаць, колькі акул у Ціхім акіяне ці пігмеяў у Аўстраліі? Хітрыць давялося. Маўляў, адны вучоныя кажуць столькі і столькі, а па падліках іншых крыху больш. Аж лоб узмакрэў ад тых хітрыкаў. Не прывык Манюкін маніць.
Нарэшце апошняе пытанне. Задаў яго карэспандэнт той самай газеты, што двойчы назвала мяне варварам.
— Ці думаеце вы, спадар Манюкін, вярнуцца дадому? Там вам засталося жыць не больш як трыццаць гадоў, а на Прывідусе ажно дзвесце. Што вы выбераце, кароткі век з каўбасой ці доўгі з таблеткамі?
Глянуў я на брата, на пляменнікаў, абвёў вачыма залу. Усе прыціхлі. Няпростае пытанне. Тут не пра любошчы пытаюць і не пра чарцей-ведзьмаў.
— Выберу, — кажу, — каўбасу. Пах яе мне нават у сне ноздры казыча. Глытайце свае таблеткі самі. Люблю я траву касіць, рыбу лавіць, песні з бабай Аўдоляй спяваць, казкі ўнукам баяць, На жаль, не жыць мне дзвесце год! Каб і застаўся на Прывідусе, то памёр бы ад нэндзы. Так што не памінайце ліхам!