— Сёння вы з паштальёнкай на вуліцы размаўлялі, яна вам часам ад стрыечнага брата Радзівіла тэлеграфму не прынесла?
— Яснавяльможны князь, — кажу абыякава, — тры дні як вылецеў з Лёндана. У папуасаў зараз гасцюе, а там астравы, з поштай кепска.
Даўся бабе ў знакі гэты Радзівіл. Хоча тэлеграму ўбачыць, што ж — некалі ўбачыць.
А час ішоў. Я ўжо забыўся на той выпадак з пеўнем. Сяджу неяк раз каля расчыненага акна, сетку вяжу. Мільгае ў руках пруток, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя вочкі. Думы-помыслы мае далёка ад сеткі і рыбы. Вясна на дварэ, праз дзень-два бульбу саджаць, а насенне кволае. Летась неўраджай быў, картоплі-карміліцы сабралі мала, ды і тая дробная. От дзіва, вырадзіўся яе гатунак. Штогод саджалі бульбу на адным і тым жа месцы, адзін і той жа сорт. Нават яблыкі і грушы выраджаюцца, а тут бульба. Спяць у шапку вучоныя ў тых Самахвалавічах ці ў карты гуляюць.
Заплюшчыў, гэта, вочы, уявіў бульбяное поле, блакітныя, белыя, ружовыя кветкі. Цвіце бульба. Эх, каласочкі-красачкі, гэтак наша шчасце квітнее.
— Вур-вур! — чую.
Расплюшчыў вочы. На падаконніку вуркуе голуб. Прыгожы, вялікі турман чыстай вады. Белы як снег. Жыццё пражыў, а такой прыўкраснай птушкі не бачыў. Дзюбка маленькая, крылы моцныя, ножкі тоненькія — не хадзіць птушка прывыкла — лятаць.
Зіркнуў голуб на мяне і паляцеў да грушы. Сеў ля яе і давай лапкамі зямлю грэбаць, як звычайная курыца. Дзіва, дый годзе. Не разумею, чаго птушка хоча… Ды голуб зноў прыляцеў на падаконнік, бліснуў вочкамі і скіраваў пад грушу.
Мне, як вядома, розуму не пазычаць. Іншы б не здагадаўся, на што намякае птушка, я ж адразу скумекаў: не проста так голуб грабецца. Выскачыў з хаты, схапіў рыдлёўку і давай шчыраваць каля грушы. Праз паўгадзіны выкапаў вялізны чыгун. Узрадаваўся, аж сэрца ёкнула. Нябось золата ці серабро. Зняў з чыгунка накрыўку, а там… бульба. Белая. Шкарлупінне тоненькае. Памыў такую, і абіраць не трэба. Клубні не надта каб вялікія — з курынае яйцо. Прараслі. Кожны пусціў сем-восем расткоў. Сама садзіць. Рашыў не цягнуць ката за хвост. У мяне на полі, за гаражом, ёсць доследная дзяляначка. Мая, манюкінская. Доследы там праводжу. Спрабую, напрыклад, бульбу з капустай парадніць, хачу, каб у зямлі раслі клубні, а наверсе капуста. Не атрымліваецца з мяне Мічурына, але я не здаюся. Баба адраклася ад гэтай дзялянкі. Так што тры соткі зямлі, можна сказаць, мае прыватныя. Грады ў мяне на іх заўсёды ўгноены, ускапаны.
«Дай, — думаю, — гэтую самую бульбу пасаджу на доследным участку…»
Узяў я сцізорык і кожную картоплю разрэзаў на некалькі частак. Расткоў хапае, так што павінна ўзысці бульбачка.
Паўдня шчыраваў я на агародзе. Бабуля клікала абедаць — не пайшоў.
— А Манюкін стары ачумеў, — смяяліся суседкі каля студні, — яшчэ авёс не пасеялі, а ён ужо бульбу саджае. — Дажыві і ты да ста гадоў — гарох пражаны, ха-ха-ха, будзеш сеяць…
Хай смяюцца, абы не плакалі. Такі ўжо мой лёс: смяшыць людзей, каб і ў горы з іх воч не каціліся слёзы-гарошыны. А Манюкіну горш не будзе: людская радасць — яго радасць. Вось так, каласочкі-красачкі.
Пасадзіў я бульбу. Стаміўся, быццам гектар канюшыны скасіў. Лёг спаць не павячэраўшы. Прысніўся мне белы голуб, чыгун з бульбай. І ў сне гадаў, хто закапаў гэты чыгун пад грушу-дзічку, чаму турман так настойліва запрашаў мяне капаць пад грушай.
Назаўтра, ледзь прачнуўся, пабег на сваё поле, Глянуў — і аж прысеў ад нечаканкі: бульба не толькі прарасла з зямлі, а ўжо кусцілася. Я хутчэй дахаты, схапіў у варыўні матыгу і давай акучваць кусты. Не разгінаў сваей старэчай спіны, пакуль не скончыў абсыпаць кожны кусцік. Можа, і дзівак Манюкін, як баба Аўдоля кажа, але калі ён ужо ўпрогся-ўнурыўся ў работу, то яго ад яе за вушы не адцягнеш.
Праз дзень бульба… цвіла. Поле было белым ад кветак, быццам снег выпаў на мой маленькі ўчастак. Суседкі прыкусілі языкі, толькі галовамі круцілі: маўляў, нешта тут нячыстае.
Мяне таксама тачыў чарвяк сумнення. Кожнай гародніне свой час. Ды, пэўна, рана радавацца. Куранят восенню лічаць. Невядома яшчэ, які ўраджай будзе.
За два дні бульба адцвіла, а яшчэ праз два дні бацвінне пачало жухнуць.
— Пайдзём, баба, — кажу Аўдолі, — ураджай здымаць, Адзін баюся! Узялі мы кошык лазовы, рыдлёўку. Трэба ж, суседкі высачылі. Рукі ў бокі, пацвельваюцца, ім весела:
— Малайчына, дзед, за тыдзень бульбу вырасціў. Стогадовыя — яны хітрыя — ім трэба спяшацца, няма калі чакаць…
Баба не змоўчала, ляпнула рукамі па кумпяках, шпурнула кош і кінулася з кулакамі да тых разумніц. Яны, вядома, не чакалі ад рахманай Аўдолі такога імпэту і ганебна адступілі. Мая баба яшчэ доўга задаволена бурчэла, кідаючы раз-пораз пераможныя позіркі ў бок студні.
Я выбраў самы маленькі корч. Капнуў. О, святая Дзева Марыя, бульбіны пад тым карчом з дзіцячую галаву. Адна, другая, пятая… дзесятая. Ці не пустыя ўсярэдзіне? Распалавініў сцізорыкам — чысты крухмал.
Тыдні два шчыравалі мы з бабой на тых трох сотках. Уся бульба ў варыўню не памясцілася, раздавалі суседзям на насенне. Я не злаваў на кабет за іх кепікі, адразу адпусціўся, а бабу Аўдолю яны не раз перапрошвалі, усё не магла старая дараваць, што нагадалі пра яе ўзрост.
Пасля дакопак спаў я тры дні і тры ночы. I кожную ноч сніўся мне белы певень, той самы, якога выратаваў я ад смерці. Стаяў ён на адной назе і падміргваў мне: «Ну як, дзед, бульбачка, урадзіла? Не шкадуеш, што рыбалку прапусціў?» — «Дзякуй, Пеця, кажу, не шкадую!»
I пазней ужо здагадаўся я: дык вось гэта хто ў голуба перакінуўся. Хочаце верце, хочаце не верце, а ўсе так было.
Красналюдак
Было гэта, казельчыкі-верабейчыкі, у сярэдзіне жніўня. З бульбай (дзякуй беламу пеўню) мы не мелі ніякай марокі. Па тры ўраджаі за год збіралі. Як на дражджах расла. Вучоныя з інстытута прыязджалі. Дзівіліся. Хіталі галовамі, Усё прасілі, каб паведаў ім, як вывеў такі хвайны гатунак. Шмат захацелі, Скажы ім, дык яшчэ папросяць пеўня белага злавіць і ў інстытут ім прывезці. Паслала ж баба дзеда па залатую рыбку для паслуг.
Бульба бульбай, але і без жыта ў гаспадарцы ні туды ні сюды. Што селяніну трэба? Міска капусты і хлеба луста. А мы ўжо з бабай каторы год без хлеба сядзелі. Да Каляд яно хапала, а там хоць торбу ў рукі і разам з жабракамі спявай на хлеб.
I летась хадзіў я па полі чарней за чорную хмару, і сёлета. Жыта рэдкае. Колас ад коласа — не чуваць голаса. Больш пасеялі, чым збяром. Ні збожжа, ні саломы, каб гавяду падаслаць ці хлеў накрыць, Быццам і зямля неблагая, і гною не пашкадавалі, а ўраджай — адной мышы на зуб. Так падумаў я па дарозе ў лес. Ці варта казаць: настрой хоць падай хоць стой. Адным словам — паганы. Не па сваёй волі ў лес ішоў — баба выправіла. Недзе прачула, што апенькі высыпалі. Маўляў, процьма іх, хоць касой касі, людзі не дрэмлюць, і косяць, і носяць.