Паказаў сусед спіну, а Даніла горкімі слязьмі заліўся. Хто яму, сіраце, паможа? Вось і сусед адрокся. А хваліўся: будзеш век удзячны за ласку. Навошта казкі пра ласкі?
Шкада стала гаротнаму бабылю самога сябе. Лепш бы не ездзіў ён на той хутар, не глядзеў у сінія вочы дзявочыя. Прысушыла дзеўка чыстым паглядам, журбою светлаю. Няўжо не дачакаецца, за другога замуж выскачыць? Калі так — заставацца яму бабылём да скону. Не трэба іншых дзяўчат, не паедзе больш у сваты. Пэўна, лёс такі.
Тры дні хадзіў Даніла ў царкву, біў паклоны Дзеве Марыі, прасіў злітавацца над ім, памагчы пазбавіцца ад ведзьмінага кахання, адвадзіць ад Марыны жаніхоў.
Два дні глядзела на яго Дзева, сурова насупіўшы бровы, і толькі на трэці дзень твар яе нібыта палагоднеў.
Дзед перапыніў аповед, напіўся з драўлянага карца вады, абмыў твар, пасля нетаропка выбіў люльку, уздыхнуў. Мы церлі далонямі вочы, у Алёны нават плечы ўздрыгвалі. Шкада Данілу.
Такі добры, працавіты, а шчасця няма. I на рабоце адзін, і дома адзін. Бось і размаўляе з канём, як з чалавекам.
Глянуў я на дзеда, а ў яго вачах слязінкі. Сам перажывае, а паказаць не хоча, усміхаецца. Хітры Манюкін, але і мы не толькі адзін буквар чыталі.
— Не румзай, унучка! — пагладзіў Алёну па галоўцы дзед. — Слухай сюды.
Ну дык гэта вось сядзім мы з бабай Аўдоляй на печы, у падкіднога гуляем. На дварэ завіруха, у коміне вецер пасецца. Нам хоць бы што: утульна, цёпла. Толькі бяды той, што баба махлюе: то дзве карты разам зложыць, то не па масці паб'е. Я без акуляраў недабачу, згубіў іх, як у Піліпаўку ад ваўкоў ратаваўся. Вось і здзекуецца старая. Не ўпусціць баба свайго, калі пачуе ў гаспадара слабінку. Выйграе і крычыць, як папугай: «Дурань, Манюкін, дурань!» Яно, вядома, не заскачаш ад радасці. Я, канечне, не разумнік, але не такі ўжо дурань, каб баба раз за разам дурыла галаву.
— Мусіць, чорт табе памагае, — ляпнуў, не падумаўшы.
I тут (аж сэрца ёкнула) адчыняюцца дзверы і ў хату ўвальваецца залеплены снегам не то чалавек, не то нячысцік.
— Сабірайся, дзед Манюкін, — кажа, — паедзем на хутар далёкі. Баба ледзь з печы са страху не звалілася, а я павесялеў, пазнаў па голасе Данілу.
— I чаго я на тым тваім хутары не бачыў? — пытаю. — Калі ты думаеш, хлопча, што на печы халадней, чым на вуліцы, то памыляешся. Мне тут зусім няблага.
— Хутчэй апранайся, дзед. Паедзем у сваты!
Мне аж мову адняло ад такога нахабства. Хачу запярэчыць, а не магу. Во, моладзь пойшла: ні добры вечар табе, ні як жыццё, а з парога быка за рогі. Хаця, калі папраўдзе, і я сам такім быў.
— Ці не звар'яцеў ты, Даніла, — пазнала бабыля старая. — Які ж ён табе сват! Піхні — і разваліцца! Яму на божай пасцелі месца.
Злосць, гэта, апанавала мяне: за дурня трымае баба. Спі сама хоць на чарані, хоць пад абразамі, а баявога дзеда, можна сказаць, героя, не чэп. Я не які-небудзь папіхач. Просіць чалавек — паеду.
— Кажух нясі! — загадаў старой. — Ды буркі з бахіламі. Расселася на печы, язык распусціла. Пільнуй курэй сваіх, а не мяне.
— Дай, бацька, я табе руку пацалую, — заплакаў Даніла, — думаў, выставіш за парог, а ў мяне надзея на аднаго цябе, усе адракліся ад беднага бабыля.
Надзеў я ваенны фрэнч, галіфэ, апрануў кажух і на ўсякі выпадак пляшку свянцонай вады сунуў у кішэню: беражонага Бог беражэ.
Перажагналіся мы і ступілі за парог. Баба ўжо не лямантавала, а ціхенька падвывала, нібы ў апошнюю дарогу праводзіла.
Сабака сарваўся з ланцуга і ўчапіўся зубамі за крысо, не пускае, цягне назад у хату. Выхапіў я ў Данілы пугу і смальнуў па ім. Адскочыў убок і жаласна глянуў у вочы, хоць ты вярніся, пакуль не позна.
Эх, захацелі Манюкіна запалохаць. Хоць сівы, але маю сілы. Скочыў я ў сані. Даніла атуліў мяне мядзведжай шкурай, паднёс чарку пярцоўкі, засланіў спіной ад ветру. I памчалі мы на той хутар. Свішча вецер, снег лепіць, а мы ляцім, конь — агонь. Дальбог, на печы добра, а з добрым чалавекам у дарозе лепей, хоць і настрой у гэтага чалавека неважнецкі. Скажа слова — і макроту пускае. Дзяцюк, называецца. Не вытрымаў я.
— Цыц, жаба, — кажу, — чаго нюні распускаеш, Бога гнявіш. Ён сілу табе даў, багацце, а ты ўсё незадаволены. Тваю бяду рукамі развяду!
Сам думаю: «Можа, тая Марына ўжо сасватана? Не было сватоў, не было, а тут адбою няма. Ці не тая зязюля-ведзьма падаслала іх?»
Так ці інакш, дабраліся мы такі да таго хутара. Я, мабыць, добра б замёрз, каб не пацалаваўся разы са тры з біклагаю. Дзе карчмар Моўша дастае толькі такую пякучку? Даўно не быў у карчомцы, трэба заглянуць кольвечы, бо што гэта за мужчына, які, не раўнуючы, як дзіцё, трымаецца за бабіну спадніцу? Я ж, дзякуй Богу, не порхаўка, якую ціскані — і пасыплецца.
— Тп-п-пру! — закрычаў Даніла.
— Ру-ру! — панесла рэха.
Глянуў я і анямеў. Няйнакш паны хутар апанавалі: белыя коні, вараныя, у яблыкі! А якія сані — паглядзелі б вы самі. Жыццё пражыў, а такіх не бачыў: высокія — з панскімі гербамі, з узорамі, сядзенні мяккія, верх крыты. Грэшным дзелам падумаў, ці не ашукаў мяне Даніла, паклікаў сватаць князёўну, а не бедную дзяўчыну. Прыжмурыў вочы, агледзеўся. Хата старэнькая, нізенькі хлеў, плот з частаколу.
— Ідзі, — кажу Данілу, — у хату, пагавары з дзяўчынай, я скора буду. Ён і пайшоў. Я тым часам паадвязваў коней, залажыў пальцы ў рот і напачатку ціха, пасля працяжна і глуха завыў. Коні заржалі, захрыпелі, быццам збіраліся іх рэзаць, а там як панесліся наўскач. І смех і грэх! Я — шусь за вугал. Толькі паспеў схавацца, госці з хаты павыскаквалі. Крычаць, рукамі размахваюць, нічога зразумець не могуць. «Крычыце, — думаю, — не скора вы свае сані знойдзеце…» Сам тым часам адчыняю дзверы ў хату. Бачу — пуста, толькі Даніла з Марынай абдымаюцца, глядзяць адно на аднаго, вочы свецяцца. На мяне не зважаюць, як не бачаць. Мне гэта і трэба. Выцягнуў я з кішэні бутэльку са свянцонай вадою і давай пырскаць у кожны вугал. Не абмінуў і запечак. Лоп-лоп — вывалілася адтуль вялізная шэрая зязюля. Злосна глянула на мяне, махнула крыламі раз-другі, раскрыла дзюбу — дым з яе паваліў. Я шапчу пацеры, вады не шкадую…