— ЛагічнаІ — засмяяўся Барыс Рыгоравіч.— Дый часта бывае, што дупло размешчана нізка, пры самай зямлі, і вядзе пад зямлю, так што яму, можа, і капаць не давялося. Толькі што гадаць? Зараз пра ўсё даведаемся. Давай, Міхал, з Богам...
Міхал асцярожна, акуратна, упрытык з пнём, па сантыметрах пачаў пратыкаць зямлю, стараючыся ўганяць востры прэнт на ўсю даўжыню. Настаўнік з Кацяю моўчкі сачылі за ім, Змітрок даваў парады:
— Не спяшайся... Акуратней... Адступіся далей ад пня, чаго ты да яго прыліп...
— Не вучы вучонага. Карані перашкаджаюць...
— Правер пад каранямі.
Раптам Міхалава рука застыла. Седзячы на кукішках, хлопец знізу ўверх зірнуў на Барыса Рыгоравіча, сказаў здзіўлена:
— Тут. Барыс Рыгоравіч, далібог, тут!
— Асцярожней, толькі асцярожней, Міхась,— яшчэ больш расхваляваўся настаўнік.— Пасудзіна можа быць гліняная, даставай вельмі акуратна, па міліметры, каб не пашкодзіць!
Міхал хутка разгроб мяккую зямлю, поўную парахні і трэсачак. Вось ухапіўся за штосьці пальцамі, пакалываў, каб лягчэй выйшла. Зпад гнілога, спарахнелага кораня, чвякнуўшы, нібы развітваючыся з гэтай зямлёю, у якой правяла столькі дзесяцігоддзяў, выкалупнулася невялікая пасудзіна з вузкім гарлячыкам.
— Ваза!
Міхал падаў вазу настаўніку, сам, не падымаючыся, пачаў шнырыць у ямцы пальцамі, паглыбляць яе, пароць прэнтам. Ён спадзяваўся, што гэта толькі пачатак і тут, пад пнём, яшчэ поўна каштоўнасцей.
Барыс Рыгоравіч аднёс вазу да мяжы, вырваў пук травы, беражліва счысціў з пасудзіны зямлю.
— Ух ты! — выдыхнуў Зміцер.
У Каці таксама ад захаплення свяціліся вочы. Яна працягнула руку і злёгку пастукала па вазе пазногцем. Ці толькі пачулася, ці сапраўды ваза раптам зазвінела — ледзь чутным, тонкім, чыстым звонам, бы перадала цяперашнім сваім гаспадарам вітанне з самых глыбіняў далёкай мінуўшчыны...
Падышоў Міхал, выціраючы рукі аб штаны.
— Няма нічога больш,— і таксама застыў, уражаны.
Здалося, нават пасвятлела вакол ад прыгажосці гэтага стварэння звычайных рук чалавечых. Ваза мякка адлівала колерам сіняй парцаляны, па сіні — дробныя залатыя зорачкі. Звычайны авальны падыспад і тонкая шыйка, расшыраная ўверсе. Але было ў гэтай прастаце формы і звычайнасці колеру штосьці загадкавае, нават велічнае, як бывае загадкавым і велічным звыклае неба, калі яно пасля яснага дня пачынае сінець і расквечвацца залатымі зоркамі. Кім гэтая ваза зроблена? Чые палаты ўпрыгожвала? Якія рукі краналі яе, якія кветкі ў яе ставілі?..
Раздзел 68. СУСТРЭЧА
— Міхал, падай, калі ласка, прэнт,— сказаў настаўнік, калі ўсе налюбаваліся знаходкаю.— Усё так, як мы і думалі — гарлячык заліты воскам. У вазе павінен быць план сапраўднага скарбу.
Перавярнуўшы вазу ўверх донцам, ён асцярожна выкалупаў чорны крохкі воск з шыйкі. Трасянуў, пастукаў па донцы. З вазы высунуўся жоўты скрутачак. Зміцер ухапіў, выцягнуў:
— Глядзіце, таксама воскам пакрыты! Зусім цэлы, толькі склізкі нейкі,— перадаў настаўніку.
Той беражліва разгарнуў скрутачак. Папера, і праўда, пры такой «кансервацыі» захавалася выдатна, амаль не пацярпела ад вільгаці, адно была тоўстая, пакарабачаная і нагадвала пергамент.
— Ну, што там, Барыс Рыгоравіч? — Міхал зазіраў настаўніку праз плячо. — О, вось гэта сапраўдны план, акурат такі, як цяпер малююць! — усклікнуў ён.
— Словы, аднак, расплыліся... Нічога не разабраць. Ды і пафранцузску тут...
— Ну і што? Затое паглядзіце, Барыс Рыгоравіч: вось рака, вось лес, вось нейкае паселішча — тут і без слоў здагадацца можна!
— Пень мы ўсяго па адным слове знайшлі,— сказала Каця.
— Вось іменна!
— Не, давайце не спяшацца... Схаваем пакуль... Дождж ідзе, я баюся, папера намокне, распаўзецца,— Барыс Рыгоравіч, не падымаючы ні на кога вачэй, скруціў «пергамент», уставіў назад у вазу, паклаў пасудзіну ў рукзак.
— Усё, сябры мае, — пара дамоў, — і ўскінуў рукзак на плячо. — Дома я вам усё растлумачу.
Міхал з Кацяю пераглянуліся. Яны нічога не разумелі. Што здарылася?! Чаму настаўнік хавае ад іх вочы? Чаму ў яго нават голас зрабіўся нейкі вінаваты, стомлены?