Бацька зірнуў на гадзіннік. Да аўтобуса яшчэ было часу.
— Не, я вас слухаю, Андрэй Адамавіч.
— Цудоўна. Дык вось, я даўно збіраўся пагаварыць з вамі, як цяпер, самнасам, ды ўсё неяк не выпадала. Разумею, што, магчыма, закрану тэму, якая непрыемная вам,— завуч паспрабаваў пальцам вастрыё алоўка,— але прашу зразумець і мяне: я не чужы чалавек, а педагог, таму пэўная доля адказнасці за паводзіны і выхаванне вашай дачкі кладзецца і на мяне таксама. Зрэшты, вы маеце поўнае права не адказваць, калі я закрану якіясьці далікатныя моманты вашага асабістага жыцця.
— Калі ласка, я вас уважліва слухаю.
— Як даўно вы развяліся з жонкаю — Аксанінаю маці?
— Пяць гадоў назад.
— Так... Выходзіць, практычна з першага класа, усе свае школьныя гады дзяўчынка без жаночай увагі.
Крэсла пад бацькам зноў жаласліва зарыпела.
— Як правіла дзеці з няпоўных сем'яў пакутуюць або ад недахопу ўвагі да іх, або ад залішняй увагі, калі іх занадта шкадуюць і песцяць,— разважаў далей Андрэй Адамавіч, не заўважаючы, што твар бацькаў мяняецца, з вінаватаветлівага робіцца ўсё больш панурым.— Іншымі словамі, такія дзеці бываюць разбэшчанымі.
— І да якога з гэтых двух варыянтаў вы адносіце Аксану?
— Вось гэта мы зараз і высветлім. Вы, калі не памыляюся, археолаг?
— Не памыляецеся. Археолаг, кандыдат гістарычных навук.
— Ці не маглі б вы коратка апісаць расклад вашага працоўнага дня?
— Ну, раніцай прачынаюся, раблю зарадку, прымаю душ, гатую сняданак, буджу Аксану, збіраю яе ў школу, еду ў Акадэмію... Вам цікава гэта? — спытаў раптам бацька.
— Вядома! Далей, калі ласка.
— У Акадэміі я працую ў лабараторыі, з экспанатамі, або ў архіве, на кафедры... У пяцьшэсць гадзін вечара вяртаюся, Аксана ўжо дома, або гуляе, ці ў сяброукі.
— Так, або гуляе, ці ў сяброўкі... А як вы праводзіце выхадныя?
— Увосень ездзім за горад у грыбы, зімою — на лыжах, ходзім гуляць у парк Чалюскінцаў, у Батанічны сад, ездзім да маёй маці — Аксанінай бабулі — у Бярэзінскі раён...
— Да якой і сёння сабраліся?
— Так.
— Скажыце, а дзе цяпер ваша былая жонка?
— Тут, у Мінску. У яе цяпер свая сям'я і свае дзеці.
— Аксана наведвае яе?
— Я не забараняю дачцэ рабіць гэта,— панура адказаў бацька.
— Зразумела, але ці часта Аксана бывае там?
— Рэдка. Ёй не падабаецца там.
Самому бацьку таксама ўсё менш і менш падабалася гэтая «педагогіка», якая нагадвала нейкі допыт. Але ён мусіў цярпець і адказваць на пытанні. Вінаватая Аксана? Вінаватая. Мае права завуч школы разабрацца ў сямейных праблемах сваёй вучаніцы, каб потым лепш яе выхоўваць? Мае і нават абавязаны.
— А як вы праводзіце лета? — дапытваўся Андрэй Адамавіч.
— Лета...— бацька сумеўся.— З летам такая сітуацыя: бачыце, мне абавязкова патрэбна хоць раз на год выязджаць са студэнтамі ў экспедыцыі і проста на раскопкі... Так што дачка кожнае лета жыве ў бабулі.
— Ага. Тады вось што мы маем,— завуч падняў аловак тупым канцом уверх,— улетку, калі найлепш наладжваюцца кантакты паміж бацькамі і дзецьмі, дзяўчынка праводзіць канікулы сама па сабе. З другога боку,— аловак перакруціўся тупым канцом уніз,— бабуля дорыць дзяўчынцы жаночую ласку, спагаду, тое, што не можа даць маці.