Міхал хуценька распрануўся, упаў у мяккі ложак. Нават есці не хацелася... Заснуў бы забіты.
Назаўтра з раніцы хлопцы сустрэліся каля рэчкі. У будан не палезлі — стаяла такая пагодка, што грэх было прапускаць сонца. Распрануўшыся, ляжалі на спінах на пяску, загаралі.
Сёння быў Міхалаў дзень.
— Тады Сева пытае,— расказваў ён, міжволі перабольшваючы небяспеку, якая ўчора вісела над ім:— «А з падшыванцамі што рабіць?» А лысы дастае нож... вялікі такі нож, з бліскучым лязом, доўгім, вострым...
— Як ты мог убачыць нож? — перабіў Чэсь.
— Значыць, убачыў! Не верыце — магу не расказваць.
— Ды верым, верым! Што далей?
Міхал памаўчаў, успамінаючы. Версію з нажом развіваць не стаў:
— Ладна, не важна... Галоўнае, цяпер ведаем: гэта такія ж геолагі, як мы — бойскаўты. Шукаюць яны скарб. Дзед Макар з унукам — з аднае з імі кампаніі, а галоўны ў іх — нейкі Павук. Ведаюць яны мала, гэты Павук не паказаў ім нават бяросту. Згоды між імі няма. «Геолагі» толькі і мараць знайсці золата і, ні з кім не дзелячыся, «зрабіць ногі» за мяжу.
Змітрок пасміхнуўся:
— Перш чым знайсці золата, ім патрэбна знайсці тры манеты. А манеты ўсе — у нас.
— Ну, папершае, пакуль не ўсе, а толькі дзве. Падругое, яны, «геолагі», на ўсё пойдуць, нават на злачынства, каб раздабыць Аксанін талер. Помніце, яна расказвала пра Чэрвень? Яе трэба папярэдзіць, і я сам вазьмуся за гэта.
Чэсь падняўся на ногі і сказаў хутка:
— Не, я вазьмуся за гэта!
Міхал насмешліва ўставіўся на яго:
— І як ты збіраешся гэта рабіць? Ты што, ведаеш яе адрас ці нумар тэлефона?
— А ты ведаеш?
— Для мяне прасцей простага даведацца. Пайду да бабулі і спытаю. Свае людзі. А ты зможаш пайсці і спытаць? Ды яна, глядзі, цябе яшчэ на парог не пусціць, нагадае, як «ты ўнучку тапіў тым летам!»
Чэсь, пакрыўджаны, не адказаў.
— А што з Куртам? — нагадаў Змітрок.— Трэба, відаць, знішчыць сшытак...
— Наадварот! — Міхал падзяліўся з сябрамі планам, які прыйшоў яму ў галаву яшчэ тады, уночы, калі ён хаваўся ў хлеўчыку пад сенам:— Не толькі не знішчым, а будзем рабіць запісы кожны дзень і класці сшытак на самае прыкметнае месца! Зразумелі? Мы ж можам пісаць розную лухту і так іх заблытаем, што яны не рады будуць ні гэтаму сшытку, ні свайму інфарматаруКурту!
— Сапраўды...
— Здорава прыдумана! — вымушаны быў пахваліць і Чэсь, забыўшы на крыўду.— Напрыклад, запішам: «Скарб ляжыць на могілках пад дубам». Курт прачытае...
— Не,— умяшаўся Змітрок,— лепш запішам: «Скарб на дне Бярэзіны, у глыбокім віры...»
Міхал спыніў іхнія фантазіі:
— Добра. Значыць, заўтра з раніцы я еду ў горад. Заадно спытаю ў Аксаны, чаму яна так доўга затрымліваецца. Вы круціцеся ў «геолагаў» і ў Курта на вачах, купайцеся, лавіце рыбу — як і звычайна... Толькі нікуды не ўсуньцеся самі, без мяне, старайцеся не гаварыць з імі, каб нават выпадкова не прабалтацца...
Міхал знарок сёетое з учарашняга ад сяброў утаіў. У горадзе, пасля званка Аксане, ён намерыўся схадзіць у краязнаўчы музей і любымі праўдамі і няпраўдамі выпрасіць дазволу, каб хоць краечкам вока зірнуць на копію бяросты. З галавы не ішлі словы лысага, якія той паўтарыў аж двойчы: «Можа, талеры тут ні пры чым?» І другі раз: «Ды, можа, ніякіх трох манетаў зусім не існуе?»
Міхалу таксама здавалася, што галоўнае ў гэтай гісторыі не столькі манеты, колькі таямнічая бяроста, на якой крыжык і лацінскае слова «СLAD»... Каб хоць разок глянуць на гэтую копію бяросты, патрымаць у руках! Музей на рамонце — ну і што? Там жа не адны рабочыя. Павінны быць і супрацоўнікі, трэба ж некаму хоць бы пільнаваць экспанаты.
Раздзел 26. «САМАСТОЙНАСЦЬ» ЗМІТРАКА І ЧЭСЯ
Увечары Міхал забег да Аксанінай бабулі. Павітаўся, стаў у парозе, зусім не ведаючы, што прыдумаць. Не прыдумаў лепшага, як прытворна здзівіцца: