— Ну, пачакай!..
Але хуткай і суровай расплаты Аксана чакаць не стала. Не паспеў Чэсь абцерці пясок з шортаў, як яна ўжо сядзела на высокім плоце,— балазе ў красоўках лёгка было ўзабрацца па гладкіх калках, падэшвы не коўзаліся.
Бы кошка, зверху дзяўчынка цікавала за Чэсем, гатовая пры першым яго падазроным руху саскочыць у двор.
— Ах! — усклікнула раптам яна і схапілася за кішэню, стараючыся затрымаць манету, што вывальвалася адтуль.
Але позна! Манета выслізнула з рукі і шпокнула недзе ў траву пад плот. Праз імгненне яна была ўжо ў кулаку ў Чэся. Чамусьці хлопчык таксама, перш чым схаваць манету, схапіўся за сваю кішэню, запусціў туды руку.
— Дзірка,— збянтэжана прамовіў ён.
— Чэсік, аддай! — узмалілася Аксана.
— Яшчэ чаго.
— Аддай, гэта не мая манета!
— Вядома, не твая, а мая.
(Яшчэ б — хто б адмовіўся ад такога трафею, здабытага ў «чэсным баі»?!)
— Чэсік, ну хочаш, я прызнаюся, што наманіла табе?
— Гм... Хачу.
— Тады аддасі?
— Аддам.
— Пакляніся!
— Ну, клянуся.
— Я нахлусіла табе пра Бразілію... Нікуды я не еду, тут буду, у Паплавах. І мы будзем сябраваць, як ты хацеў...
— Вось як? Ну, калі прыедзеш на канікулы, тады і пагаворым.
І Чэсь, спакойна пасвістваючы, павярнуўся да дзяўчынкі спіною з яўным намерам — пайсці.
У галаве ў Аксаны прамільгнула, што трэба прымаць крайнія меры,— клікаць на дапамогу бацьку (хоць яна заўсёды лічыла — апошняя гэта справа, скардзіцца бацькам...).
— Аддай! Ты ж пакляўся! — з адчаем крыкнула яна.
— Я ж цябе не прасіў прызнавацца,— Чэсь, аднак, спыніўся.— Ну, хай: я схлусіў, калі кляўся. А ты схлусіла пра Бразілію. Вось мы і квіты. Ты хлусіш, чаму і мне нельга?
Такой жорсткасці дзяўчынка нават ад яго не чакала. Яна ўсхліпнула. Выціраючыся, краем вока ўбачыла, што Чэсь як бы разгубіўся.
— Ды што ты румзаеш? Аксана! З чаго ты ўзяла, што я павінен аддаць табе сваю манету?
— Не, гэта мая! — праз слёзы выклікнула дзяўчынка.— Табе яна проста так трэба, гуляцца, а мне... Ты не ведаеш нават!..
— Ды нічога падобнага — гэта мая! Я знайшоў яе ўчора на агародзе... Ты мяне штурхнула, я ўпаў, манета выкацілася праз дзірку, ты яе схапіла — і на плот... Ды, як бачыш, не ўдалося, манета сама ведае гаспадара,— задаволена сказаў Чэсь.
— Як табе не сорамна?!
— Гэта табе павінна быць сорамна. Нарасказвала мне казак пра Бразілію, адтаптала нагу, хацела ўкрасці маю манету, а цяпер плачаш, што не ўдалося...
Аксана, не адказваючы, узіралася ў канец вуліцы. Там ехаў веласіпедам хтосьці вельмі знаёмы... Так і ёсць, гэта Міхал, і едзе да іх! Ну, цяпер можна абысціся і без дапамогі бацькі... Міхал яе ў крыўду ніколі не дасць. І бацька яго ведае, і бабуля любіць і заўсёды наказвае, каб ён глядзеў за ёю, Аксанаю, і абараняў яе. Бацькі Міхала — з той жа вёскі на Гомельшчыне, адкуль і бабуля, а пасля радыяцыі перасяліліся таксама ў Паплавы. Таму і трымаюцца разам, бы радня.