– Гэты, – указаў той пальцам.
Гляджу – зусім худы пан. Можа, нават з рабочых выкараскаўся, прадаючы сваіх братоў. Такія найгоршыя. Пытаюся я ў яго:
– Ты тут камандзір?
– Я, – адказвае ён. – У чым справа?
Злосць мяне разабрала, але не меў я часу як след з ім расправіцца. Растлумачыў толькі:
– Скончылася тваё панаванне і канец вашай панскай Польшчы! Досыць папілі чалавечай крыві! Настаў час і сваёй захлынуцца!
Належала б па справядлівасці і яго, і тых усіх адурманеных капіталістычных паслугачоў расстраляць, хаця і шкада куляў на гэтых буржуйскіх сцерваў. Але мы мелі дакладны загад: “Палонных адсылаць у тыл”. Таму пакінулі ахову і пайшлі далей. Там з імі нашы арлы з НКВД расправяцца. А нам часу шкада. Мы павінны выканаць важнае баявое заданне.
Далей пайшлі прама дарогай. У кірунку на Маладзечна. Ціха… Нідзе ані святла, ані чалавека. Гэта мяне нават здзівіла. Столькі чытаў аб хітрасці польскіх паноў. А тым часам мы ж іх і перахітрылі. Як снег на галаву ім упалі.
Эх, каб толькі мая Дуня пабачыла, як з гонарам і смела крочыў я на чале ўсёй Чырвонай Арміі як абаронца пралетарыяту і ягоны збаўца! Але яна, пэўна, спала і не снілася ёй нават, што я, Мішка Зубаў, стаў той ноччу героем Савецкага Саюзу. Не ведала таго, што каб яна магла спакойна, радасна і ў дабрабыце жыць і працаваць, я ішоў у крывавую пашчу буржуазнага звера. Але я гэтым толькі ганаруся. Разумею, што прынёс у Польшчу, для маіх зняволеных панамі братоў і сёстраў, святло нязнанай імі вольнасці і нашу вялікую, адзіную ў свеце, праўдзівую, савецкую культуру. Уласна пра тое і клопат: пра культуру, вашу маць! Няхай пераканаюцца, што без паноў і капіталістаў стануць вольнымі, шчаслівымі людзьмі і будаўнікамі супольнай сацыялістычнай айчыны пралетарыяту. Няхай удыхнуць вольнасці! Няхай убачаць нашыя дасягненні! Няхай зразумеюць, што толькі Расія, вялікая МАЦЬ зняволеных народаў, можа пазбавіць чалавецтва голаду, няволі і эксплуатацыі! Вось.
Толькі праз сем кіламетраў ад мяжы мы напаткалі зверскі супраціў крывавых капіталістаў. Напэўна, нехта з польскай заставы здолеў уцячы, выкарыстаўшы цемру, і паведаміў буржуазіі, што ідзе непераможная армія пралетарыяту. Нехта крыкнуў нам нешта на сабачай польскай мове. Мы не зразумелі што, толькі адказалі гучна і пагрозліва, ажно рэха лесам пайшло:
– Здавайся, фашыст, а не то знішчым!
Перад намі толькі загуло. Мы, значыцца, па хмызах, па равах: як вайсковая тактыка раіць – схованкі шукаць. Потым падцягнулі машынкі і давай сыпаць чэргамі. Толькі лес заенчыў. З дзве гадзіны білі мы так з кулямётаў. Ніхто не адгукнуўся. Але заўсёды трэба асцярожна. Вораг хітры: можа стаіўся і чакае.
Тым часам развіднела. Бачым: на дарозе перад намі наладаваны сенам воз стаіць, а пры ім забіты конь ляжыць. Больш нікога… Тады мы рушылі наперад асцярожна, каб у засаду не трапіць. Але ўсё скончылася шчасліва. Несумненна, што вораг зразумеў, з якой сілай дачыненне мае, і ганебна ўцёк.
Такім вось чынам я, малодшы лейтэнант непераможнай Чырвонай Арміі, пакрочыў на чале майго ўзводу ў буржуазную Польшчу. А адбылося тое ўночы 17 верасня 1939 года. Ура! ура! ура!
Запіскі гэтыя я пачаў у горадзе Вільнюсе. Пішу іх у гонар нашай магутнай Чырвонай Арміі і – перадусім – яе ВЯЛІКАГА правадыра, таварыша Сталіна. Яму таксама, натуральна, прысвячаю іх. Добра разумею, што пяро маё бяссільнае, калі хачу апісаць вялікасць нашага правадыра і маё каханне да яго. Дзеля гэтага патрэбна пяро Пушкіна альбо Маякоўскага. Я ж магу толькі дакладна занатаваць тое, што бачыў і чуў у тыя вялікія гістарычныя дні, якія вызвалілі некалькі прыгнечаных народаў з капіталістычнай няволі.
Калі думаю аб нашым вялікім ПРАВАДЫРЫ і ВУЧЫЦЕЛІ, дык адчуваю, як мне на вочы наплываюць слёзы. Кім бы я быў без яго? Царскім вязнем, зганьбаваным і эксплуатаваным нялюдкам. А зараз я, чый бацька быў звычайным рабочым, афіцэр. Маю гонар належаць да камсамолу. Скончыў дзесяцігодку. Умею чытаць і пісаць амаль без памылак. Здолею таксама і па тэлефоне паразмаўляць. Знаю палітасвету. Ем штодзённа сапраўдны хлеб. Хаджу ў скураных чаравіках. З’яўляюся чалавекам адукаваным і культурным. Да таго ж карыстаюся найвялікшай вольнасцю, якую можа мець чалавек на зямлі. Вольны называць нават ЯГО – нашага правадыра – таварышам. Толькі падумайце сабе як след: я маю права свабодна і паўсюль называць ЯГО таварышам! Таварыш Сталін! ТАВАРЫШ СТАЛІН!… Вось гэта і ёсць мой найвялікшы гонар і радасць!… Ці можа грамадзянін капіталістычнай дзяржавы назваць свайго прэзідэнта альбо цара таварышам? Ніколі! Хіба толькі іншы крыважэрны прэзідэнт альбо азвярэлы цар. А я… Адчуваю, што слёзы радасці і гонару наплываюць мне на вочы… Мушу спыніць пісанне і перапаліць, бо не стрываю празмернага шчасця, і сэрца маё разарвецца.
Зараз я знаходжуся у Вільнюсе. Накіравалі нас сюды з Маладзечна. Прыехалі мы цягніком, бо нашы танкісты апярэдзілі пяхоту і першымі занялі горад. Але адзначу, што непрыяцеля перамаглі менавіта мы – пяхота са мною на чале, бо мы першымі перасеклі мяжу і нагналі такога страху на паноў, што тыя толькі пяткамі мігцелі.
Батальён наш стаіць у казармах па вуліцы Ваўкамірскай. Нам, афіцэрам, камендатура дала дазвол на прыватнае кватараванне паблізу казармаў. Я ўладкаваўся на вуліцы Кальварыйскай у доме нумар чатыры. Прыйшоў туды ўчора зранку з ордэрам ад камендатуры і пытаюся старшыню дамкаму. А мне сказалі, што ніякага дамавога камітэту ў іх няма і не было. Тады я спытаўся:
– Вось дык парадкі! Як жа вы тут жылі?
Мне адказваюць:
– Нармальна. А ўсялякія там справы ўладжваў дворнік.
Пайшоў я да дворніка. Паказалі мне ягонае сутарэнне. Сыходжу долу і так сабе думаю: “Нарэшце ўбачу хаця б аднаго эксплуатаванага пралетара”. Але дзе там! Бачу я, у вялікім пакоі сядзіць тлусты, добра апрануты пан. Я толькі на ногі ягоныя зірнуў і адразу ўбачыў: боты з халявамі! А ён сабе нічога так. Сядзіць і каву п’е. На стале хлеб сапраўдны ляжыць і цукар у слоіку стаіць. Нават каўбасу на талерцы заўважыў. Злосць мяне вялікая агарнула, што такі капіталіст дворнікам прыкідваецца. Але я нічога не сказаў, толькі так сабе падумаў: “Прыйдзе і на цябе час! Скончыцца тваё каўбаснае жыццё, і на боты таксама забудзешся!” А тым часам кажу:
– Дзень добры!
– Дзень добры! – прамовіў той і рукой на стул паказаў. – Сядайце, – дадаў.
Усеўся я і кладу яму на стол “ордэр” з камендатуры.
– Гэта – кажу, – датычыцца кватэры для мяне ў гэтым доме.
Узяў ён паперку ў руку. Акуляры на нос усадзіў. Зірнуў на паперу і так, і гэтак. А потым балбоча:
– Я па-расейску размаўляць умею, але літар вашых не ведаю. Прачытайце мне самі, што там пазначана.
Прачытаў я яму. А ён кажа:
– Маю ажно тры вольныя кватэры. Пяць пакояў і кухня. Гэта адна. А дзьве маюць па тры пакоі з кухняй. Бярыце, якую хочаце.