— Вячысты бор, — паведаміў Юзік, перахапіўшы ўражаны Віленаў позірк. — Мы яго Скачылясаўскай пушчай называем. Ляснік тут жыў да вайны, Скачыляс. Хадзіў як велькі пан — у ахвіцэрскіх ботах, са стрэльбай за плячыма… У саракавым годзе, узімку, выслалі некуды, разам з жонкай. А сына іхнага, Тамаша, тады не знайшлі — хаваўся недзе. У вайну Тамаш гэты да акоўцаў прыбіўся, а па вайне, у 46-м, яго пад Салечнікамі забілі. Казалі, тры гадзіны ў пуні сядзеў, адстрэльваўся.
Пасля такога аповеду лес падаўся вусцішным і таямнічым. У памкненні хутчэй прамінуць гэтую мясціну Вілен стаў неадрыўна паглядаць наперад, і лясная прасека, па якой ехалі, здавалася выратавальным тунэлем, які павінен вывесці на светлы прасцяг.
— Далей дарога трыбай ідзе, а ўжо ля самых Рычкянаў на гал выедзем, — Юзік прыўзняўся, пляснуў лейцамі Войта. Конь увесь час наравіўся і задзіраў голаў.
— У вас прасеку трыбай называюць?
Юзік моўчкі кіўнуў.
— За першымі немцамі прасеклі. Збіраліся нібыта вузкакалейку будаваць, ды штосьці не атрымалася.
Дзесьці непадалёку са жвавай упартасцю застукаў дзяцел, і Вілен, па прыкладу Войта, задзёр галаву.
— У нашай гаворцы шмат розных словаў накручана… — азваўся ў працяг перарванай размовы Юзік, — і польскіх, і расейскіх, і літоўскіх. Ведаеш, што азначае па-літоўску маё прозвішча? Жвірбля значыць верабей! Мой дзед яшчэ ведаў жамойцкую мову. Прыйдзе, памятаю, з карчмы на Каляды ды спявае: «Аш мажас вайкяліс, кайп пупу пядзяліс…» Калядка літоўская… — Юзік ізноў падагнаў каня, з сарамлівай усмешкай зірнуў на суразмоўніка. — Даўно хачу спытаць: а што гэта за імя такое… Вілен?
Суразмоўнік злёгку паморшчыўся.
— У гонар Уладзіміра Ільіча Леніна назвалі.
— Эх-х! — з ноткамі расчаравання выдыхнуў Юзік. — А мяне назвалі ў гонар Пілсудскага. Яму якраз шэсцьдзясят гадоў спраўлялі, як я нарадзіўся.
Пачуўшы прозвішча Пілсудскага, Вілен на момант знерухомеў, міжволі адсунуўся ад Юзіка. І потым, аж да самых Рычкянаў, яны не прамовілі ні слова.
Хата Часнойцева стаяла пасярод голага поля і патанала ў снезе.
— Сто гадоў таму пабудаваная, — загаварыў урэшце Юзік, калі пад’ехалі да весніц. — Мы яе кітайскай фанзой называем — бачыш, як страха прасела.
Госці гучна патупалі па ганку. Пастаялі крыху, прыслухаліся, нясмела прачынілі дзверы. У сенях было цёмна, Юзік наскочыў на пустое вядро, вылаяўся, адшукаў вобмацкам дзвярную клямку, і яны ўвайшлі ў хату.
Гаспадар стаяў ля стала і трушчыў секачом даўгія, іржавага колеру бадылі.
— Самасад?
Часнойць не азірнуўся, не падаў голасу.
— Вось яна, савецкая ўлада… Садзі хоць табаку, хоць махорку — ніхто слова не скажа. А пры паляках, браце ты мой, за гэтую справу вой як ганялі. Манаполія паньствова! Бацька мой пасадзіў употай махоркі, дык солтыс воміг угледзеў. Прыйшоў, выдзер і паліцыянтам настрашыў, — Юзік дастаў з кішэні абрывак газеціны, прыхапіў са стала каліва тытуню, — дай хоць зёлак тваіх пакаштаваць.
Казелячы вокам на жалезнае крэсіва, якое ляжала на стале, Юзік прыпаліў самакрутку, кінуў поруч пушку запалак.
— Няйначай, хочаш мяне кубаркай сярнічак купіць? — падаў нарэшце голас Часнойць.
— Ну-у, дзядзька… мы да цябе з усёй душой. Ехалі во міма з Віленам Пятровічам… дарэчы, пазнаёмцеся — наш новы дырэктар школы, — думаем, давай зазірнём…
— Е-ехалі… мі-іма… А гэта што? — гаспадар кіўнуў на чырвоную скрыню, якую госці паставілі каля дзвярэй.
— А ты не бачыш? Урна для галасавання! А мы павінны былі яе на двары пакінуць? Там жа важныя дзяржаўныя дакументы! Эх, дзядзька, няма часу языкамі лемзаць, — з гэтымі словамі Юзік выцягнуў з-за пазухі бутэльку самагонкі.
Гаспадар, як падалося, з лёгкім спалохам зірнуў на бутэльку, ні слова не сказаўшы, выйшаў у сені. Госці насцярожліва пераглянуліся, і Вілен перасмыкнуў плячамі, маўляў, халера ведае, куды пайшоў чалавек. Ды гаспадар неўзабаве вярнуўся, цягнучы перад сабой невялічкі цабэрак.
— Во… насаліў грыбоў цэлую пасачку, а есці няма каму.
— А што за грыбы? — Юзік, агледзеўшыся, зняў з паліцы тры мутныя шклянкі.
— Грышке… іх такрок было — хоць касу закладай.
— Рыжыкі, — патлумачыў Юзік, шпокнуў кіяховым коркам, нюхнуў бутэлечнае рыльца
— Бімбер? — у голасе гаспадара чулася прытоенае захапленне.