— Бе-э-эээ.
— Дык гэта ж Яшка, у маёй гаспадыні жыве, — жвавым голасам прамовіў Анана. — Тры дні як знік. Дзе толькі не шукалі.
Пачуўшы сваё імя, баран подбегам кінуўся да Мішкі. Пазнаў сваіх, бо Анана пару разоў частаваў яго скібкай хлеба.
— Ну і напужаў ты нас, браток, — Мішка зняў з барановых рагоў пажухлае лісце. — Гаспадыня з ног збілася, цябе шукаючы, а ты немаведама дзе цягаешся.
Баран вінавата апусціў галаву.
— Ну добра, пайшлі ўжо. Дома будзеш вінаваціцца, — Анана падхапіў з Яшкавага вуха шышку дзядоўніку і задаволена пацёр далоні. Раней гаспадыня заўсёды наракала, калі ён прыходзіў пад раніцу, а цяпер, пабачыўшы свайго гадунца, магчыма, і пляшку паставіць.
На даляглядзе пазначылася палоска няўтульнага святла. Дарога ішла ўгору, і з кожным крокам відарысы мазалёўскіх хат, якія стаялі на гары, усё яскравей адбіваліся на тле той палоскі.
Мішка зноў згадаў бібліятэкарку, ды думкі ўвесь час перабівала Яшкава бляянне. Баран убачыў родную вёску і брыкліва шыбаваў дахаты, праз кожныя дзесяць метраў спыняючыся і, павярнуўшы галаву, зычным бляяннем падганяючы спадарожнікаў. Але начныя прыгоды спадарожнікаў дарэшты змарылі, і яны з цяжкасцю перастаўлялі ногі. Каля крайняй хаты сябры парукаліся, і Васька Кончыц, панурыўшы вочы, прамармытаў:
— Ты… гэта… не кажы нікому як мы тут бегалі. А то засмяюць, паскуды.
— Ладна, — буркнуў Мішка і, расшпіліўшы ватоўку, памацаў мокрыя падпахі.
Песні ранняй вясны
Под окном у нас растёт красная смородина,
Жизнью радостной цветёт молодая Родина!
«Лірычныя прыпеўкі».
Вось жа так бывае: у сярэдзіне сакавіка, калі зямля крыху прагрэецца, калі на вярбе пачынаюць прабівацца катахі, а па праталінах шпацыруюць гракі, выглядаючы якой спажывы, раптам — звычайна сярод ночы — налятае страшная непагадзь з завірухай, сіпатым ветравеем і снежнымі заносамі. І там, дзе надоечы хадзілі гракі, такім часам паўзуць шэрыя дуйкі-вужакі, і гнуцца пад ветрам зледзянелыя галіны вярбы…
Вілен Налівайка ляжаў на тапчане, з галавой накрыўшыся ліхенькай коўдрай, і спрабаваў заснуць. Дзеля гэтага раз за разам лічыў да ста, заціскаў, каб пазбыцца дакучных думак, далонямі вушы, урэшце скідваў коўдру, хапаў свежага паветра і ўражана слухаў, як лютуе за акном сакавіцкая замятуха. Выў, то зласліва, то жаласна, вятрыска; дзынкалі кепска закітаваныя шыбы; пад вокнамі зацята біліся-лапаталі сцягі і штосьці зморана рыпела на гарышчы, усё адно як нейкі дзядок сядзеў там ды здушана крахтаў. І кожнага разу ён уяўляў таго дзядка: кудлатага, зеленатварага, з уедліва-пукатымі зекрамі, і зноўку спалохана хаваўся пад коўдру. Але там, пад коўдрай, яго апаноўвалі яшчэ больш страхаморлівыя відзежы і думкі.
«А як не прыйдуць? Чорт іх ведае, тых палякаў… А то прыйдуць, ды не ўсе… А тут яшчэ дарогі замяло — паспрабуй дабярыся з дальніх хутароў», — і ад такіх думак, а можа ад недахопу паветра, Вілену ў нейкі момант стала не па сабе і ён падхапіўся на ногі. Ціхенька, на дыбачках, падышоў да стала. Трафейны «Mauthe» з фасфарычнымі стрэлкамі паказваў палову на трэцюю. Вілен пацёр павекі, чарговым разам прыслухаўся. Дзядок на гарышчы ўжо не крахтаў, снежныя хлапякі не білі ў шыбу — вецер змяніў напрамак, — але затое штосьці бухнула знадворку, ды так хвацка, што са столі сыпанула парахня. Неўзабаве буханне паўтарылася, і Вілен, нядобрым словам згадаўшы Жвірблю, насунуў на ногі порткі.
Наглядную агітацыю прыбіваў Юзік Жвірбля — тутэйшы актывіст. Ды, відаць, скраў пару цвікоў, бо транспарант з надпісам «Усе на выбары!» з аднаго боку адарвала ветрам, і зараз ён матляўся ды біўся ў сцяну.
«Добра яшчэ, што ноччу адарвала, ніхто не бачыў», — падумаў Вілен, памацаў рукой другі транспарант, з надпісам «Заданні партыі — выканаем!», але той, на шчасце, быў прыбіты як мае быць.
Вярнуўшыся ў бакоўку, Вілен скінуў долу суконны палітон, выцягнуў абцугамі каваны цвік, на якім той вісеў. Ён узяўся раўняць цвік абцугамі — малатка пад рукой не было, — пабіў палец, вылаяўся і згадаў, што надоечы паклаў малаток ля выбарчай скрыні. Давялося адчыняць школьныя дзверы, прабірацца навобмацак у клас. У класе ён чыркнуў запалкай, запаліў газніцу. Зыбкае святло прабегла па сценах, засяродзілася на вялікім плакаце. На ім мажная цётка ў кажусе, наваліўшыся грудзямі на тын, паказвала рукою на ўквечаную сцягамі школу. Надпіс пад плакатам заклікаў аддаць галасы за кандыдатаў непарушнага блоку камуністаў і беспартыйных.
Вілен уздыхнуў, агеньчык газніцы страпянуўся, па сценах папаўзлі выгінастыя цені, і сэрца ягонае ёкнула: чырвоная скрыня, якая стаяла ў дальнім куце класа, падалася яму труною.
Летась Вілен Пятровіч Налівайка скончыў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут і быў, як выдатнік вучобы, накіраваны на працу ў Гарадзенскую вобласць. Тут яго адразу ж прынялі ў партыю ды прызначылі дырэктарам Раздзярышкаўскай школы-сямігодкі. Вёска Раздзярышкі — глухая, атачоная пракаветным лесам ды балотамі — месцілася ў трох кіламетрах ад літоўскай мяжы. Школу арганізавалі адразу па вайне, і Вілен стаў яе чацвёртым па ліку дырэктарам. Першы знік на першым жа месяцы дырэктарства, калі сюды завіталі «лясныя браты» — удзельнікі польскага падзем’я. «Браты» яго так напужалі, што бедачына збег, нават не прыхапіўшы майна. Другі быў больш увішным: пабраўся з кабетай-фінінспектарам і пераехаў жыць у райцэнтр. Ну а трэці дапіўся да белай гарачкі і кінуўся з рагачом на загадчыка РАНА, калі той прыехаў з праверкай: прыняў за нячысціка.
Вілен і дагэтуль ведаў, што тут, на Гарадзеншчыне, жыццё для настаўніка ніякае, і мог застацца ў родным Рагачове. Аднак паклікала далёкая дарога ды магчымасць займець уласную хату. Бо шмат хто з выпускнікоў інстытута, якія падаліся на захад і працавалі вясковымі настаўнікамі, атрымалі ўласнае жытло. Засяляліся ў хаты вяскоўцаў, якія з’язджалі ў Польшчу. Але апошнім часам за Буг нікога не выпускалі; у Сібір, пасля смерці бацькі-Сталіна, не дэпартавалі, і Вілену давялося пасяліцца пры школе — у цёмным катуху, дзе дагэтуль захоўваліся паламаныя, яшчэ польскага ўзору, парты, наглядныя дапаможнікі, мётлы, дзіравыя вёдры ды іншы хломазд. Праўда, у раённым аддзеле адукацыі паведамілі, што рыхтуюцца новыя спісы на выезд людзей за мяжу, і не сёння, дык заўтра ён, Вілен Налівайка, атрымае прыстойнае жытло.
Апрача дырэктарства, Вілену даводзілася выкладаць у школе алгебру з геаметрыяй, а таксама батаніку з фізкультурай. Да таго ж вёў атэістычную прапаганду сярод насельніцтва — за паўгода прачытаў восем лекцый — і кіраваў школьным драмгуртком. І вось на ягоныя плечы абрынуўся новы цяжар: Вілена Пятровіча Налівайку прызначылі старшынёй выбарчай дзяльніцы па выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета, і небарака пазбыўся сну. Некалькі разоў, на спадарожных машынах, ездзіў у раён на нарады, якія ладзіў старшыня акруговай камісіі Макаловіч, наведаў, як агітатар, ледзь не кожную хату ў Раздзярышках і суседніх Каўбасішках, уласнаручна намаляваў тры плакаты і — з вялікай цяжкасцю! — сфармаваў выбарчую камісію.
Тут, на Гарадзеншчыне, Вілен пачуваў сябе ніякавата. Першы тыдзень, як толькі прыехаў, нават не ўсё разумеў, што кажуць тутэйшыя людзі, а таму завёў слоўнік, куды ўпісваў дзеля памяці гарадзенскую лексіку: ровар — веласіпед; лонскі — леташні; катанка — палітон; загарак — гадзіннік… Ну а настаўніцу расейскай мовы і літаратуры Вілен Пятровіч напачатку зусім не разумеў. Спытае: «Ванда Данатаўна, каму вы аддалі сшыткі?» Адказвае: «Галіне Вацлаваўнай». «Каму-каму, Вацлаваўне? — Ну я ж і кажу: Вацлаваўнай». Дарэчы, Ванда Данатаўна — сакратар выбарчай камісіі. Адзіная, каго не трэба было туды цягнуць жывасілам. Сама напрасілася.
Сеўшы за стол, Вілен чарговым разам, падслепавата мружачы вочы, перагледзеў спісы выбарцаў, з пакутлівым уздыхам закінуў рукі за патыліцу.
«Усё ж у плане культурных мерапрыемстваў у нас недапрацоўка», — падумаў начны бяссоннік і сцепануўся, згадваючы: дзе ён чуў такія словы? Галава была тлумнай, таму і не адразу згадаў, што пачуў іх на нарадзе ў раёне, з вуснаў Макаловіча. Не, сёе-тое ён усё ж такі зрабіў. Развесіў наглядную агітацыю; у калідоры, на партах, паклаў леташнія падшыўкі «Гродзенскай праўды» і «Звязды», знайшоў патэфон (цётка Эліза, школьная прыбіральшчыца, абяцала прынесці кружэлкі), а Юзік Жвірбля, вядомы ў наваколлі гарманіст, атрымаў ад Вілена партыйнае заданне: развучыць колькі савецкіх патрыятычных песень. А то ж полькі Юзік грае так, што віхура ўздымаецца, а папрасі сыграць «Широка страна моя родная» — ссоўвае васільковыя мяхі і панурвае вочы. Днямі Вілен ішоў міма Юзікавай хаты і пачуў, як у адрыне пілікаў гармонік, але што там была за песня, так і не разабраў.
Першай, як заўсёды, прыйшла цётка Эліза. Цётка хоць і сталага веку, але яе таксама ўключылі ў выбарчую камісію, ад працоўнага калектыву школы. Сама яна не мясцовая, прыехала перад самай вайной аднекуль з цэнтральнай Польшчы. Як і дамаўляліся, прыбіральшчыца прынесла цэлы стос кружэлак. Вілен узяў адну з іх, паднёс да газніцы. На пацёхканай налепцы польскімі літарамі было напісана: «To ostatnia niedziela. Tango». Дрогкімі рукамі перабраў астатнія «плыты» — усе скрозь даваенныя, фірмы «Карона-Рэкорд».
«Добра, што дагледзеў, — старшыня камісіі перавёў дых, — гэта ж трэба… выбарцаў на дзяльніцы прывітае даваеннае польскае танга… За такія рэчы могуць і з партыі паперці».