Днём мы з Улянкай не сядалі за памінальны стол. Там паднесці, там падабраць – трэ было паслугаваць людзям, што прыйшлі ў апошні раз да бабулі. Такая была наша задача на хаўтурах, і яна нам даўно, настойліва і падрабязна была ёю ж, бабуляю, расталкавана. Але цяпер вечар, цяпер іншая справа. Цяпер кожная страва скінутая з трох талерак у адну, афіцыйная частка скончылася.
Толік адкаркаваў бутэльку і, на імгненне замёршы над маёй чаркай, запытальна глянуў на Улю. Яна кіўнула, і ён наліў мне. Я на такія рэчы ўжо не рэагую, прывыкла – што будзеш рабіць, алкагалічка, сабой распараджацца не можа.
Цішыня. Цямнее за акном, голая лямпачка. Кожны раз на Вялікдзень у гэтым самым пакоі мы накрывалі на стол. Бабуля ніколі не сядала на пачэснае месца – заўсёды збоку, прыціснуўшыся да каго з дзяцей, але перад першай гаварыла заўжды яна. Звычайна ў вершах – простыя думкі, дзеяслоўныя рыфмы. А цяпер цішыня, і мы маўчым, трымаючы гарэлку перад сабой.
– Дык што я хацеў сказаць? – Толік устаў, чаго я ад яго не чакала. – Мо і не мне трэ было б першаму, але што ж… Я вось што сказаць хачу: першае, што я помню ў сваім жыцці – баба Макрынька. Ды вы ж ведаеце: калі мне было чатыры гады, я на плёсе біў лёд і праваліўся, а яна мяне выцягла. Выратавала. Дык вось помню: хапаюся пальцамі за ледзяныя брылы, а яны выслізгаюць, і то чорная вада перада мной, то белы снег і сіняе неба, і вось раптам мяне хапае за каўнер моцная рука, і я ўжо ляжу на снезе, мне не хапае паветра, а з рота ідзе пара… І яна мяне на рукі, і ўбягі…
Валік раптам засмяяўся і адразу ж сумеўся недарэчнага смеху:
– Ох, цябе яна пёрла ў чатыры гады, а мяне ў пяцьдзясят чатыры…
– Як так?
– Ды з месяц таму, вяртаўся аднекуль праз Дабрацічы, бачу – баба Макрыня цягне мех на спіне, ідзе, на кульбу спіраецца. Я з возу злез, кажу – дайце памагу! А яна праз свае акуляры прыгледзелася, пазнала і кажа: «А, Валічак! Спасіба, але я шчэ цябе пацягну, не толькі мяшок!» – «Няўжэ ж?» – «А от!» – Я смехам падышоў, яна мех зваліла на зямлю, а мяне падхапіла і падняла! Я, праўда, адразу саскочыў, але ад зямлі яна мяне адарвала… Дык памянём.
– А помніце, як яна гэтага тоўстага адшыла? – працягваў Толік, калі мы выпілі.
– Не было нікога ў Дабрацічах, хто б раней за яе ўставаў.
– Мой бацька расказваў, што яна адзіная з жанчынаў магла ўпраўляцца на жняярцы.
– А як яна білася з аграномам?
– А як павесіла шалёнага ката?
– І тапіла кацянятаў, і ганяла сабак, і біла дзяцей, што лазілі ў садок…
– Хто разумее бабулю, той разумее ўсё, – сказала Улянка.
– Якія незвычайныя словы, – заўважыў Валік.
– Гэта не мае, – азвалася Улянка.
– А твой, казалі, падаўся ў выбары? – павярнуўся да мяне Толік. – Рызыкоўны. Дык ты, мусіць, зараз паедзеш у Менск, дапамагаць?
З’ехаць у Менск? Такая думка дасюль мне не прыходзіла. Антон мяне не кліча, а самой напрошвацца… Тут застаецца бабіна хата, бабін сад, бабіна гаспадарка… Я іх не кіну. Адчуваю, што маю абавязак давесці іх да ладу. Адчуваю, што мушу разабрацца з тайнай бабулінай смерці – тут у Дабрацічах, дзе ўсё і адбылося.
Я паглядзела на сястру і пабачыла, што яна мяне разумее.
Пасля другой сястра коратка расказала хлопцам, што бабуля памерла праз тое, што нехта з невядомых прычынаў падсыпаў у каву кардыёстымфортэ.
– Няясна, навошта канкрэтна, для каго, – сказала сястра. – У такой дозе гэта атрута і для Алкі, і для мяне – для любога, у каго слабае сэрца. Але ўдарыла па бабе.
Насычаны гарэлкай Толік, ды пасля другой, не вельмі паверыў:
– Ого! Дык гэта ж дэтэктыў! «Забойства ў Дабрацічах», 1-я і 2-я серыі.
Ніхто не падтрымаў няўдалы жарт.
– У міліцыю трэба паведаміць, – прапанаваў Валік.
Мы з Улянкай пераглянуліся. У міліцыю? Што яны могуць зрабіць у той міліцыі? Калі і завядуць справу па спробе забойства, то будуць млява адпрацоўваць заробак, а праз нейкі час закрыюць справу праз недахоп доказаў… Каму памагла міліцыя? Ці ёсць наогул такія людзі, за выключэннем як у дэтэктывах, што круцяцца штовечар на расейскіх каналах?
– Не, міліцыю мы нагружаць не будзем, – пахітала галавой Улянка. – Там у іх іншых справаў хапае.
– Правільна! Нашто нам міліцыя? Самі разбярэмся! – у Толіку бушаваў энтузіязм алкаголіка, і Валік супрацьпаставіў яму скептыцызм здаровага брыгадзіра:
– Як?