Гэтую вуліцу ягоным іменем збіраліся назваць яшчэ да вайны. Бальшавікі, не немцы. Але чамусьці перадумалі. І вось цяпер…
Можа, яго прывезлі, каб пакаяўся?..
У Казані ўжо змушалі пакаяцца. Нават напісалі тэкст пакаяння. "Немцы, гэтыя крывавыя дзяблы яшчэ прабуюць прыкідвацца нявіннымі авечкамі і спекуляваць сумленнымі і чыстымі імёнамі! Кажуць нават, што яны вуліцу, па якой я жыў у Мінску, назвалі маім імем."
Ён не стаў гэты тэкст зачытваць. Тады яму сказалі, што трэба ехаць у Маскву. Для чаго?.. Каб ён тупаў з кута ў кут у гэтым нумары і думаў: калі свае не захацелі вуліцу ягоным іменем назваць, а ворагі назвалі, дык хто ён цяпер для сваіх? У час, калі вайна, калі Мінск пад немцамі, а немцы пад Масквой? І невядома, колькі вайна працягнецца, калі і чым скончыцца?..
Навошта яго выклікалі ў Маскву з Казані?!.
Ніхто ж нічога не кажа! Ніхто нічога!.. Робяць выгляд, нібыта ўсё так і павінна быць. Нібы так і трэба: выклікаць з Казані, пасяліць у гатэлі і забыцца, дзеля чаго выклікалі…
І так з дня ў дзень. З ночы ў ноч. Нехта стукне ў дзверы - ён сцінаецца, баіцца спытаць: хто?.. Бо як да вайны, гэтак і ў вайну ў Маскве арышты, арышты, арышты… Шпіёны, здраднікі, ворагі народа…
У дзверы нумара пастукалі, Ганна ўскінула галаву: "Хто?.." Віктар падышоў да дзвярэй: "Хто там?.." - "Пакаёўка. Вы прасілі кашулю на сёння папрасаваць". - "Прасіў. Але ж не ўночы". - "Дык у вас святло. Падумала: можа, збіраецеся…"
Ён адчыніў дзверы - за імі, адсунуўшы ўбок пакаёўку, паўсталі двое міліцыянтаў. Адзін прайшоў у нумар: "У вашым нумары ў начны час староннія. - І ступіў да Ганны, якая як ляжала, гэтак і засталася голай ляжаць на падлозе. - Дакументы!"
Міліцыянт стаў пры таршэры каля тумбачкі, на якой ляжала чырвонае, з фотакарткай і пячаткай пасведчанне дэлегата XXVI з’езда КПСС. Зірнуўшы на фотакартку, на Віктара, міліцыянт казырнуў: "Выбачайце!" - і спінай выйшаў з нумару, акуратна зачыніўшы дзверы, з-за якіх пачулася: "Ты што!.. Падставіць нас?.. "
- Гэта простым савецкім грамадзянам простую савецкую прастытутку нельга мець, - ускінулася на ложак Ганна. - А дэлегату XXVI з’езда КПСС можна мець прастытутку з тэлескопам! - І ўхапіла яго за руку, пацягнула да сябе. - Уф!.. Ну ты й пахнеш… Як цырульнік…
Яна была нястомная ў любові… Неспатольная… А пасля балбатала абы што. Напрыклад, што яе маці ў ложку Леніна кахалася. Не з Леніным, гэтага яна не казала, але ў ягоным ложку. З Купалам. "Магчыма, што ў тым ложку я і была зачатая".
Ленінка.
У іх тут, у Маскве, не толькі ў кожнай акторкі, а ў кожнай гандляркі і цырульніцы была свая тэатральна-літаратурная гісторыя. Абавязкова амурная.
Учора Ганна завяла яго ў цырульню на плошчы Маякоўскага. Цырульня называлася "Агні Масквы", і там школьная сяброўка Ганны шчабятала, нажніцамі чыкаючы: "У гэтай цырульні яшчэ бабуля мая стрыгла, яна каханкай Маякоўскага была, ён у яе пастрыгся, потым пайшоў і застрэліўся… вы бачылі фота, на якім ён у труне… о, як пастрыжаны!.. ніхто б яго так не пастрыг, як мая бабуля… а маці стрыгла Талстога… не таго, які "Вайна і мір", а які… забылася, як кніга называецца… кіно яшчэ па ёй глядзела… але таксама, як называецца, забылася… ну, вось і ўсё… глянь, Ганна, які ў цябе прыгажун… хоць у кіно здымай… спадзяюся, не застрэліцца… зараз мы яго яшчэ й асвяжым… "Одеколон "Огни Москвы", чтобы Москвою пахли вы!.." - гэта Маякоўскі напісаў, пасля яму помнік каля нашай цырульні паставілі…" - і калі Ганна спытала: "За рэкламу адэкалона?" - сяброўка не пачула ў тым ніякага жарту. "Магчыма. А што?.." - "Нічога. Ты выпадкова не помніш, што ён яшчэ напісаў?.." - і яе знаёмая цырульніца Соня сур’ёзна адказала: "Як што?.. Паэму пра Леніна… І нешта там пра савецкі пашпарт…""
Пра Леніна паэму. І пра савецкі пашпарт нешта.
З цырульні Ганна павезла яго на пахаванне даўняга сябра яе бацькі. "Паехалі. На пахаванні будуць людзі, якія не бываюць нідзе".
Ён зразумеў, пра што яна сказала, але перапытаў: "Нідзе, апроч пахаванняў?.."
"Ён яшчэ і мой хросны, - як бы не расчула яна не надта ўдалы жарт. - Ніхто пра гэта не ведае, маці ўпотай мяне хрысціла. У Малым саборы Данского манастыра. Назвала Ганнай, бо ў нашым родзе ўсе жанчыны Ганны".
Паехалі ў Данскі манастыр. Віктара здзівіла, што там, у Першым маскоўкім крэматорыі, яшчэ гараць печы. Ён чуў, што працуе новы, Мікола-Архангельскі крэматорый, а крэматорый у Данскім манастыры зачынены. "Для ўсіх, - сказала Ганна. - Але не для тых людзей, якія там будуць. Яны могуць, калі захочуць, хоць усе ў тым крэматорыі спаліцца. - І нібы пажартала ў адказ на ягоны няўдалы жарт. - А ты не хочаш?.. У той жа печы, у якой Купалу спалілі".
Вось праз гэта, мусібыць, і ўбачыўся сон. Праз тое, што яна так сказала…
Прыснілася, нібы ён прыйшоў у крэматорый і сам лёг у печ, у якой спалілі Купалу, і сам жа, неяк аддзяліўшыся ад сябе самога, глядзеў, як ён, паэт Віктар Маргер, а не паэт Янка Купала, згарае. Як спачатку лопнулі вочы, потым праз вачніцы, праз рот, праз вушы пачала выкіпаць кроў, галава адкінулася назад, шво чэрапа разышлося і зеленаватым полымем запаліліся мазгі, і тут нейкая жанчына, не Ганна, іншая нейкая, пачала прасіць, за ягонай спінай стоячы і чамусьці Янкам яго называючы: "Не глядзі, Янка не глядзі…" - і далонькай спрабавала засланіць яму вочы, а ён адводзіў яе руку, не мог адарвацца ад жахлівага, якое магнетычна прыцягвала, відовішча, адхіснуўшыся толькі тады, калі тулава ў печы прыпаднялося, скрыжаваныя рукі раскінуліся, абнялі яго полымем, у якім ён згараў. "Гэй бэн гіном", - пачуўся аднекуль чыйсьці голас, і з гэтымі словамі ў тым полымі ён прачнуўся…
Пякельна балела ў грудзях, у якіх толькі што згарэла, попелам рассыпалася ягонае сэрца.
- Гэй бэн гіном, - прытуліў ён да грудзей Ганну. - Ты чула такое? Што гэта?
- Чула… У Ерусаліме нешта.
- Скуль ты ведаеш, што ў Ерусаліме?
- Была там. Здаецца, гэта гатэль. Ці…
- Ці што?
- Не помню. Якая розніца, што?
Калі б не сон, не голас, дык ніякай.