Купала не вяртаўся.
Бо навошта? Сказанае сказалася. А выпіць не было чаго.
Выпіць можна і не з Купалам. З Барадой. Бурам, Кручам, Шклярам, Каралевічам, Стральцом, Кавалём… З тымі, каго ён любіў.
Ён і Купалу любіў, іначай не мучыла б яго так Купалава жыццё і Купалава смерць…
Ці праз Купалу ён любіў сябе?
Думка такая ўзнікала ў ім і раней, але цьмяна, а цяпер, у чаканні Купалы, раптам падумалася пра гэта з ясным болем. І ці не сябе ён любіў праз Кручу, Бура, Шкляра, Каралевіча, Стральца, Каваля?.. І праз Ганну, якая падзялілася з ім жыццём, і праз маці з бацькам, якія далі яму жыццё, ці не любіў ён сябе?..
Калі яно так, тады гэта прычына, каб не захацець жыць.
Зрэшты, тады ты і нежывы…
Вось яно! Вось пра што казала яму недзе там, дзе Гімалаі, жанчына з іменем Дзеві-Марыя! Што ён мёртвы!..
Але калі ты мёртвы, як можна хацець жыць?..
І раптам ён не захацеў! Так не захацеў, як у дзяцінстве, калі вешаўся, узненавідзеўшы гэты свет з гэтымі людзьмі, сярод якіх у яго нікога не было! А цяпер яшчэ ён узненавідзеў і сябе разам з імі - і гэтак не захацеў жыць, што стрываць не змог! Выбег у калідор, дзе нікога не было, узбег на дзясяты паверх, дзе таксама не было нікога, з разбегу перакуліўся цераз парэнчы, паляцеў разам з сэрцам, якое гэтак ударыла пад рэбры, нібы, каб не загінуць, паспрабавала вырвацца з грудзей, але не здолела, сціснулася, падскочыла пад горла, не даючы яму, імгненна напоўненаму жахам, апошнім крыкам закрычаць - і загушкалася разам з ім на нечым мякка-спружыністым, як на свежым стозе ў скошаным лузе…
Ён упаў грудзьмі, убачыў унізе нацярушанае сена, на якім стаяў, раскінуўшы рукі, каб яго злавіць, бацька, перавярнуўся, нічога не цямячы, на спіну: над ім стаяла адміністратарка, над галавой якой вісела шыльда: 4 паверх.
Кінуўшыся з жыцця ў смерць, ён прыляцеў туды, дзе быў.
- А каб сетку не павесілі? - дапамагаючы яму выбрацца з тонкай, празрыстай, амаль нябачнай сеткі, спытала адміністратарка. - Што б вы цяпер рабілі, калі б мы не павесілі сетку?
Віктар не ведаў, што б ён цяпер рабіў. Можа быць, не калаціўся б так, гледзячы ўніз і ўяўляючы сябе на мармуровай падлозе.
"Міліцыю не выклікайце", - папрасіў ён адміністратарку, і тая сказала, праводзячы яго ў 414-ы нумар: "Я і не збіралася. Бо што здарылася? Нічога. Нейкі нешчаслівы гэты нумар. Хто ў ім ні пасяляецца - ідзе ўверх і ўніз кідаецца. Вам, можа, выпіць прынесці?"
Яму не хацелася выпіваць. Яму хацелася легчы, заплакаць і шкадаваць сябе. Можна было б і з выпіўкай, але ён не любіў п’яныя слёзы.
- Не, дзякуй.
- Не, дык не. Хоць звычайна выпіваюць, - сказала яна так, нібы ў гатэлі, у якім яна працуе, штодня нехта кідаецца ў лесвічны пралёт, а потым выпівае. - Дарэчы, вы, калі пасяляліся, пакінулі на стойцы ключы ад машыны. Вось, вазьміце…
Ніякія ключы Віктар не пакідаў, машыны ў яго не было, але адміністратарка не стала пытаць, ці ёсць у яго машына, паклала ключы на стол і пайшла.
Ён лёг.
Не плакалася.
І не шкадавалася.
За што сябе такога, які ён ёсць, шкадаваць? За тое, што жыў не так, як мог бы жыць?
А як?..
Чым даўжэй думаў, як бы мог жыць іначай, тым больш шкадаваў не сябе, а маці і бацьку, Ганну, Кручу і Бура, Шкляра і Каралевіча, Стральца, Каваля… Яны з ім жылі не з такім, якім ён быў насамрэч, і выходзіць, што іх падмануў? Абхітрыў, надурыў?.. Яны думалі, што ён жывы, а ён…
І што з гэтым рабіць?
Дзеві-Марыя казала, што ён можа ажыць. Толькі яна не ведала, як. І Віктар не ведаў. Але цяпер яму здалося, што ведае.
Ён сеў і доўга глядзеў на ключы ад машыны, якой у яго не было… Узяў іх, сунуў у кішэнь разам са сцізорыкам Купалы, яшчэ раз агледзеў нумар. Чамусьці вока зачапілася за найдрабнейшае, за адарваны гузік на падлозе, і ён падняў яго, таксама паклаў у кішэнь. Зірнуў на дзверы з лапезнай пазалочанай ручкай і ўспомніў, дзе іх бачыў: у антыкварнай краме 300-й секцыі.
Віктар торгнуў ручку - замкнёна. Уставіў у замок ключ з нумарам 414, які даў яму Вензель, крутнуў - дзверы адчыніліся ў прыёмную дырэктара крамы, дзе сядзела жанчына ў зялёнай блузцы з доўгімі і чорнымі, як смала, валасамі і жаўтаватымі, нібы ў савы, вачамі. Сюзана. "Пачакайце, не зачыняйце, мяне папрасілі паставіць на стол шампанскае, - занесла яна ў нумар дзве поўныя бутэлькі, вярнулася з дзвюма пустымі і расчыніла дзверы ў кабінет дырэктара. - Вас чакаюць".