А ў вершы “Тут, над Шчарай” Алег Лойка марыць:
Слонімшчыны прысутнічала ўжо ў першым зборніку паэта “На юначым шляху” (Мн., 1959). Вершы “Няхай славяцца”, “Дзед Ігнат”, “Ледзь скрыпнуў журавель”, “Бацькі”, “Юнак быў з-пад Слоніма родам” і іншыя з’яўляюцца доказам таго, што паэзія Алега Лойка ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад, жывілася сокамі роднай зямлі, пачынала расці на ўрадлівай глебе народнай творчасці. І калі б ён больш нічога не напісаў, а толькі адну баладу “Юнак быў з-пад Слоніма родам”, гэтага хапіла б, каб майго земляка называць Паэтам з вялікай літары і друкаваць яго баладу ў розных хрэстаматыях. Дарэчы, балад, прысвечаных Слонімшчыне, у паэта шмат. Усе яны ўвайшлі ў зборнік “Балады вайны і міру” (Мн., 1988). Галоўная тэматычная аснова іх — асуджэнне вайны, насілля, сцвярджэнне гераізму, пачуццё Бацькаўшчыны і палымяная любоў да Слонімшчыны і яе гісторыі, а таксама да людзей. Гэта “Балада аб выратавальным”, “ Балада Дзеда Мароза”, “Балада пра Шчару”, “Балада шаснаццаці год”, “Балада пра неўзарваную гранату”. А “Баладу Сынковіцкай царквы” Алег Лойка прысвяціў нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863 года. У канцы 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск, Кастусь Каліноўскі раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Трапілі гэтыя нумары і да жыхароў Сынковіч (вёска знаходзіцца якраз па дарозе):
У трыпціху “Роднае” (Выбраныя творы ў 2-х тамах. Мн., 1992. Т.2. С.336), Алег Лойка сказаў: “Мае першыя святло, прастор і любоў — Слонім”. Тут паэт на Татарскай вуліцы нарадзіўся, на Зялёнай вуліцы жыў, на Чырвонаармескай — хадзіў у першую беларускую школу. І пра ўсе гэтыя вуліцы ў паэта напісаны вершы:
На Чырвонаармейскай вуліцы (былой 3 Мая) да вайны ў невялікай хатцы жыў слынны беларускі паэт Гальяш Леўчык. Да яго ў 1939 годзе, едучы з Беластока ў Мінск, заязджаў Янка Купала. Ён, дарэчы, быў рэдактарам першай кніжкі Гальяша Леўчыка “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). Старыя сябры сустрэліся, паабедалі ў Першым беларускім рэстаране і Купала на сваім “шаўрале” паехаў па вуліцы Маставой на Мінск. Цяпер вуліца Маставая носіць імя Янкі Купалы. Алег Лойка так і назваў свой верш “На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме”. А пачынаецца ён радкамі, у якіх любоў да роднага горада шчыра асветлена памяццю пра вялікага паэта:
Гальяш Леўчык загінуў у 1944 годзе ў Варшаве. Разам з паэтам вайна знішчыла і яго варшаўскую кватэру і вялікі беларускі архіў, які ён збіраў усё сваё жыццё. Нібы працягам верша пра вуліцу Янкі Купалы ў Слоніме з’яўляецца верша Алега Лойкі “На Маршалкоўскай пад Аркадамі”. Ён прысвечаны былым слонімцам, цяпер — варшавякам, якія раз у месяц — у сераду — збіраюцца ў Варшаве на Маршалкоўскай вуліцы і ўспамінаюць Слонім.
Родны горад і слонімцы гняздзяцца ў кожным паэтычным зборніку Алега Лойкі. Напісаны дзесяткі вершаў-прысвячэнняў землякам: Анатолю Іверсу, Валянціну Таўлаю, Янку Саламевічу, Міколу Арочку, скульптару Івану Міско, старшыні калгаса Антону Дабрэнку, настаўнікам, аднакласнікам. Сам Слонім ва ўяўленні і выяве паэта ў кожным вершы заўсёды раствараецца ў прыродзе, зліваецца ў гістарычных і экалагічных усведамленнях паэта. Гэта вершы шчырыя, добрыя, запамінальныя А інакш ён пра родны горад і пісаць не ўмее:
Паэт, які заўсёды жыў песняй
Напярэдадні 100-годдзя (27 жніўня 2006 года) беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна дастаў з паліц свайго хатняга архіва цэлую папку яго пісем, выразак з газет, паштовак, лістоў з вершамі. Яшчэ раз усё перачытаў, пераглядзеў, успомніў гэтага мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур’ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на “вы”, а пры сустрэчах — на “ты” і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана “Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн г. Мінск”, а на трэцяй —былі словы “Сяргей Новік-Пяюн”. Вось некалькі радкоў з яго пісем: “25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрогу, я стварыў песню “Мандаліначка” і “запісаў” яе ў памяці…” (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); “Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка “Беларускае тэлебачанне і радыё”, каб звярталіся да чытачоў па-беларуску “добры дзень”, а не па-польску “дзень добры”! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша — імя, а пасля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць “раніцой”, хаця па-беларуску трэба “раніцай”. Ужываюць польскае слова “мажліва” замест беларускага “магчыма”, “па крайняй меры” замест беларускага слова “прынамсі”. Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…” (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года).
Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Мінску — забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: “Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.”. Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа.
Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачалі выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) “Газету Слонімскую”. Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года…
Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Мінск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах. “Гэта мой сталінскі касцюм”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя “Зорачкі”:
З вачэй у паэта пакаціліся слёзы. Гэты выпадак памятаецца мне да сённяшніх дзён. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх ён бываў. Бо лёс яго не песціў. Пры Польшчы сядзеў у турме ў Баранавічах, у чэрвені 1941 года быў паранены, у 1943 годзе — арыштаваны слонімскім СД і асуджаны да пакарання смерцю. У турме захварэў на тыф. Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва, дзе крыху раней загінула яго жонка. А цешча з дзвюма ягонымі дочкамі ўцякла ў Польшчу, пасля чаго дзяцей сваіх Сяргей Міхайлавіч больш ніколі ў жыцці не бачыў.
4 ліпеня 1944 года немцы вялі вязняў на расстрэл. Сярод усіх быў і беларускі паэт. У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць. А калі 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Слонім, Сяргей Новік-Пяюн пачаў працаваць тут дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. Але і гэта шчасце было нядоўгім. Вясною 1945 года без прад’яўлення яму ніякіх афіцыйных абвінавачванняў, паэт быў зноў арыштаваны органамі НКУС на 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам яго адправілі ў пасёлак Нэлькан у Якуцію:
У Беларусь Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ажно ў 1959 годзе. За плячыма ўжо былі 53 пражытыя гады, але трэба было пачынаць усё спачатку. Яго рэабілітавалі, а ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме ў Мінску на вуліцы Купрыянава, 9 і датэрмінова прызначылі пенсію, залічыўшы год Калымы за два…
Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна 27 жніўня 1906 года. Скончыў мясцовую рускую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У 1926 годзе ў роднай вёсцы стварыў беларускі народны хор, які існуе да сённяшніх дзён. Як сказаў Алег Лойка ва ўступным слове да зборніка вершаў паэта “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984. С. 4): “Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі”. Але заглушыць не змаглі. Бо паэт Сяргей Новік-Пяюн пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходне-беларускіх выданнях “Сын беларуса”, “Студэнцкая думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Шлях моладзі”, Беларуская крыніца”, “Заранка” і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходіць яго драматычныя і вершаваныя творы “Ёлка Дзеда Мароза” (Вільня, 1927), “Пакой у наймы” (Вільня, 1927), “Цудоўная ноч” (Вільня, 1927), “Прадка пад крыжам” (Вільня, 1939), “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984), “Зорачкі ясныя” (Мн., 1986), “Песні з-за кратаў” (Мн., 1993). У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, пра што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень:
У 1966 годзе Сяргей Новік-Пяюн наладзіў цесныя літаратурныя сувязі з беларускім тыднёвікам “Ніва” у Беластоку, якія працягваліся аж да самай смерці паэта (памёр у 1994 годзе). У студзені і ліпені гэтага года ён друкуе вершы для дзяцей “Дзед Мароз”, “Вожык”, “Верабейчыкі” і апавяданне “Цешка”. Асабліва шмат паэтычных радкоў Сяргей Новік-Пяюн апублікаваў у “Ніве” у 1980-х гадах. Найперш гэта былі вершы пра родную прыроду, лясных і хатніх жывёл, а таксама ўспаміны пра гісторыка Язэпа Стаброўскага, паэта Гальяша Леўчыка і пра Ядвісю — гераіню Якуба Коласа, якая жыла ў Слоніме.
2006 год — гэта не толькі 100-годдзе з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пеюна, але і 80-годдзе Лявонавіцкага народнага хору, які ён арганізаваў, і 85-годдзе яго літаратурнай творчасці. Таму памяць пра паэта ў народзе яшчэ жыве.
2006
Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)
У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса.
24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Альбярцін на той час быў пасёлкам і знаходзіўся недалёка ад Слоніма. Цяпер гэта — гарадскі мікрараён.
У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў.