Галоўны герой спектакля быў старшыня калгаса “Маяк” Уладзімір Каравай (артыст В.Шчарбакоў). Гэты вопытны, “прабіўны”, хітры, разумны чалавек, галоўны клопат якога – зямля і ўраджай.
Ва ўсіх трох дзеях камедыі – адзін звычайны рабочы дзень старшыні. Адзін дзень, які напоўнены камічнымі і драматычнымі сітуацыямі, рознымі сутыкненнямі, умяшаннем у лёс вяскоўцаў. Адначасова – барацьбой з уласнай немаччу. У Каравая шмат спраў: да яго заходзяць людзі, прыязджае прадстаўнік міністэрства, наведваюць нарыхтоўшчыкі, звоняць тэлефоны. І старшыня ўнікае ва ўсё. Ён мог бы не разбірацца ў тым, што было і чаго не было паміж Іванам Шведам (артыст В.Салтусаў) і Тамарай Смятанкінай (артыстка С.Навумавец). Але ж душэўны спакой людзей важны для вытворчасці. Нарэшце сельскай гаспадарцы патрэбны рабочыя рукі, і варта, разважае старшыня, сасватаць Івана з Тамарай. Але моладзь вёскі цягнецца ў горад. Аб гэтым нервова перажывае Каравай.
У сваіх маналогах студэнт-завочнік Юрка (артыст Ю.Крэтаў), які збіраецца ў горад, кажа: “Новы спосаб вытворчасці дыктуе заканамернасці і ў пераразмеркаванні вытворчых сіл грамадства. Вось корань міграцыі... Трэба круціць, вярцець мазгамі, а не трымаць за полы лішняга чалавека... Я ж не мяккае месца шукаю, а сваё. Каб ад мяне максімум карысці было...”.
І старшыня гаспадаркі разумеў: ні ўгаворамі, ні пагрозамі людзей не стрымаць. Толькі павышэнне культуры вёскі падзейнічае на імкненне людзей.
Але і моладзь з горада ідзе ў вёску. Пасля вучобы вяртаецца ў калгас Васіль (артыст А.Цярэнін): “Работу мне дайце па душы! Каб душа гарэла! Каб душа кіпела! Каб ні ранкам, ні вечарам спакою не было, каб дух займала, каб дня не хапала, каб папрасіў суткі падоўжыць!”. Вось з такім намерам ішоў тады ў вёску малады інжынер – герой п’есы Андрэя Макаёнка.
Быў у спектаклі, якрамя іншых дзеючых асоб, яшчэ адзін чалавек, які стаяў асабняком ад іншых персанажаў. Гэта – калгасны пенсіянер дзед Цыбулька. У ім адлюстроўвалася народная філасофія, ён адразу выклікаў сімпатыю ў гледачоў, яго жарты цёпла ўсімі ўспрымаліся. Гэта быў той камічны дзед, які існуе і ў класічнай драматургіі. Цыбулька, як персанаж, выдзяляўся сярод сваіх прататыпаў. У камедыі ён не толькі жартаваў, разважаў, а казаў патэтычныя маналогі. Ролю Цыбулькі добра выконваў артыст народнага тэатра Аляксандр Рыжкоў, якога ўсе слонімцы ведалі, паважалі і любілі.
У 1982 годзе на сцэне Слонімскага народнага тэатра адбыліся дзве яркія прэм’еры – “Навальніца будзе” па п’есе Алеся Звонака і “Гняздо глушака” па п’есе Віктара Розава. Спектаклі паставіў Мікалай Варвашэвіч.
Спектакль “Навальніца будзе” Алеся Звонака (п’есу драматург напісаў паводле трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”) пачынаўся проста і хвалююча: гасла святло і прамень высвечваў партрэт Якуба Коласа. Удумліва глядзелі на гледачоў вочы песняра і нібыта запрашалі на Палессе да Андрэя Лабановіча і Ядвісі. Ролю Лабановіча выконваў Анатоль Цярэнін, а Ядвісі – Таццяна Натарава.
Пра што расказваецца ў трылогіі “На ростанях” Якуба Коласа, бадай, няма патрэбы напамінаць. Са зместам гэтага класічнага твора беларускай літаратуры ўсе мы знаёмыя яшчэ са школы, бо трылогія – твор хрэстаматыйны. Алесь Звонак, разумеючы, што багаты, шматгранны па свайму гучанню і сацыяльнаму напаўненню матэрыял коласаўскага твора немагчыма цалкам “уціснуць” у жорсткія рамкі сцэны, пайшоў па шляху найбольш рацыянальнага выкарыстання таго асноўнага, што складае змест трылогіі. Асноўнае ж гэта было – сюжэтная лінія, звязаная з Андрэем Лабановічам, лінія, што дазваляла поўна і ўсебакова прасачыць шлях у рэвалюцыю прадстаўніка беларускай народнай інтэлігенцыі. Гэты шлях няпросты, як і няпросты працэс станаўлення маладога вясковага настаўніка. Як ён адбываецца, як вучыцца Лабановіч разумець народ і як самі людзі пераконваюцца, што ён сапраўдны выражальнік іх інтарэсаў, мар і спадзяванняў – менавіта гэта і паказваў спектакль у Слоніме.
Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч, ён жа быў і мастаком спектакля, даваў магчымасць гледачам адчуць адметнасць, своеасаблівую непаўторнасць падзей, якія адбываліся ў пачатку ХХ стагоддзя на Палессі. Подых новага часу даносіўся і туды. Лабановіч, які прыехаў на Палессе настаўнічаць, не мог не бачыць, не мог не адчуваць, якія людзі знаходзяцца вакол яго, наколькі яны душэўна багатыя і шчырыя, хоць знешне падаюцца маўклівымі, зацятымі і панурымі.
Цікавая была сюжэтная лінія спектакля, звязаная з узаемаадносінамі Андрэя Лабановіча і Аксёна Каля (артыст Уладзімір Гардзіеўскі). Здавалася б, зусім розныя і непадобныя паміж сабой гэтыя людзі. З аднаго боку – настаўнік, які скончыў семінарыю, а з другога – звычайны паляшук, межы навакольнага свету якога абмежаваныя вёскай, балотам, лесам. Але ці такі ўжо просты Аксён Каль? Гледачы ўважліва сачылі за дыялогам, які адбываўся паміж Лабановічам і Калем, прыслухоўваліся да кожнага іх слова. Спачатку больш слухаўся настаўнік, але паступова ўся ўвага скіроўвалася на Аксёна. Прыгожы ён быў у момант таго свайго духоўнага азарэння, калі па сутнасці ўпершыню пачынаў адкрываць для сябе жыццё, пазнаваў яго таямніцы. Першыя літары выводзіў ён непаслухмянай рукой пад дыктоўку Лабановіча, а адчуванне такое было, што на паперу кладуцца не звычайныя літары, а нейкімі штрышкамі, рысамі пачынае вымалёўвацца тая вялікая дарога, што павядзе Аксёна Каля і яго сяброў-палешукоў да іншага жыцця.
Спектакль слонімцаў “Навальніца будзе” у 1982 годзе быў прыкметнай з’явай у культурным жыцці Беларусі. На рэспубліканскім конкурсе народных тэатраў, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, самадзейныя артысты за яго пастаноўку былі ўдастоены дыплома і атрымалі некалькіх прызоў.
Спектакль “Навальніца будзе” адняў у слонімскіх артыстаў шмат сіл, часу і, здавалася, можна было б зрабіць перапынак, засяродзіць увагу на простым драматургічным творы з цікавым сюжэтам. Але рэжысёр Варвашэвіч і яго калектыў зноў зрабіў крок наперад, крок да найбольш поўнага ўвасаблення на сцэне глыбокіх і няпростых, як само жыццё, характараў, да паказу матываў добрых і дрэнных учынкаў людзей у адвечнай барацьбе дабра са злом. П’еса, выбраная тэатрам на гэты раз, была пабудавана на ўнутраным дзеянні, пазбаўлена знешняй авантурнасці, у ёй развіццё сюжэту было запаволена самім драматургічным матэрыялам. Такім творам стала п’еса “Гняздо глушака” Віктара Розава. І спектакль атрымаўся праўдзівы. А гледачы глядзелі яго з вялікім задавальненнем. Хаця былі ў пастаноўцы і недахопы. Гэта – несупадзенне кульмінацыйных момантаў спектакля з рэакцыяй глядзельнай залы, неакрэсленае музычнае афармленне, дэкларатэўнасць некаторых маналогаў і г.д.
Слонімцы заўсёды любілі тэатральныя пастаноўкі Мікалая Варвашэвіча, што і казаць! А глядзельныя залы заўсёды былі перапоўненыя. Аншлагамі запомніўся і спектакль “Прахадны бал” па п’есе Уладзіміра Канстанцінава і Барыса Рацэра. Праз гумар і сатыру, часам прамалінейную, характэрную аўтарам п’есы “Прахадны бал”, дзякуючы цікавым акцёрскім знаходкам, сцэнічнай культуры, адчуванню рэжысёрам і акцёрамі камедыйнага жанру, у спектаклі ўздымаліся важныя сацыяльныя, маральныя і псіхалагічныя праблемы, звязаныя з адказнасцю за лёс падлетка, за яго будучыню, як асобы, як грамадзяніна. Пераканаўчыя і арганічныя ў вырашэнні сваіх герояў былі на сцэне артысты-ветэраны тэатра – Л.Літвіненка, А.Лаўрашчук, К.Палішчук, В.Шчарбакоў і іншыя. У спектаклі вялікая роля была даручана моладзі. Маладыя выканаўцы апраўдалі давер свайго рэжысёра. Абыякавым і непасрэдным, добрым і іранічным паказаў свайго героя Сяргея Голубева артыст Пётр Струкаў. Шчырасць, пранікнёнасць, зацікаўленасць былі характэрныя для Вольгі Ражко, якая выконвала ролю Полі, сяброўку Сяргея. Змог унесці дадатковыя фарбы ў вобраз навучэнца прафтэхвучылішча Лёні артыст Ігар Падгарадзецкі...
Паведамленні па радыё і тэлебачанні ў 1984 годзе аб тым, што Слонімскі народны тэатр паставіў “Уладу цемры” Льва Талстога, здзіўлялі і ўражвалі. Такі факт зацікавіў па многіх прычынах. Пяціактовая п’еса класіка рускай літаратуры для сцэнічнага ўвасаблення нават на прафесійнай сцэне з’яўляецца досыць складанай. Гэта па-першае. І па-другое, здзіўляла ўсіх смеласць тэатра, які ўзяўся за такі складаны матэрыял. На пытанне, чаму рэжысёр узяўся за пастаноўку менавіта гэтай п’есы, Мікалай Варвашэвіч адказаў: “Работа над класічнымі творамі, асабліва над рускай класікай, лепшая школа акцёрскага майстэрства. Любы тэатральны калектыў павінен час ад часу звяртацца да класікі для таго, каб праверыць, на што ён здатны, што здолеў назапасіць за мінулыя гады. Іншым разам у пагоні за злабадзённасцю, адлюстраваннем дня сённяшняга, мы свядома пазбаўляем сябе магчымасці працаваць з першакласным літаратурным мкатэрыялам. Пры выбары п’есы для пастаноўкі рэжысёр не павінен забывацца і на вучэбна-выхаваўчыя задачы. А драма Талстога насычана выдатнымі, сакавітымі вобразамі – Матроны, Мікіты, Аніссі, Акіма, Мітрыча і іншымі. У п’есе ёсць таксама некаторыя моманты, сугучныя нашаму часу. У ёй узняты праблемы, якія не вырашаны і сёння: праблема сэнсу жыцця, сумлення, злачынства і пакарання, праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, і галоўнае – праблема бездухоўнасці існавання. Бо бездухоўнасць і ёсць сінонім той “цемры”, у якую паступова апускаюцца многія героі п’есы. Але тэатру хацелася паказаць не толькі “уладу цемры”, але і багацце душы рускага народа, яго спрадвечнае імкненне да святла, яго барацьбу супраць гэтага зла. “Душа ж патрэбная!” – гаворыць Мікіце яго бацька. Акім, адзін з тых герояў п’есы, якія з’яўляюцца промнем святла ў гэтым цёмным царстве. Нам здавалася, што нельга вялікую нацыю паказваць толькі з адмоўнага боку. У працэсе рэпетыцый мы імкнуліся да таго, каб героі спектакля былі не проста цёмнымі людзьмі, каб іх вобразы не былі адназначнымі, намаляванымі адной толькі чорнай фарбай. Яшчэ К.С.Станіслаўскі казаў пра тое, што калі ты іграеш адмоўнага героя, шукай у ім станоўчае. Героі п’есы не нарадзіліся злачынцамі. Такімі іх шмат у чым зрабілі абставіны, акалічнасці, увесь уклад жыцця, улада грошай. У Матроны, маці Мікіты, добрыя, здавалася б, намеры: яна хоча забяспечыць свайму сыну заможнае жыццё. “Гаспадаром будзеш!” – кажа яна, падштурховаўючы яго на злачынства. П’еса Талстога “абрасла” штампамі, трывала замацаваліся за ёй нялепшыя традыцыі. “Створым вобраз цемры!” – вырашалі многія рэжысёры і прыкладалі да гэтага ўсе намаганні. Тэатру хацелася паказаць, як, змагаючыся за ўласнае шчасце, за свой лёс, героі п’есы і спектакля не ацэньваюць належным чынам свае ўчынкі, не суадносяць іх з маральнай нормай. Народнаму тэатру гэтая п’еса блізкая па духу: у ёй дзейнічаюць не салонныя героі, а выхадцы з народнага асяроддзя, паказаныя на пераломе, у крытычныя моманты свайго лёсу. Нездарма рэпетыцыі спектакля доўжыліся амаль год. Сёння нельга прачытаць і ставіць п’есу так, як гэта рабілі сто ці пяцьдзесят гадоў назад. Трэба імкнуцца знайсці ў ёй тыя струны, якія і сёння гучаць свежа і сучасна. Тэатру хацелася, каб пасля спектакля глядач задумаўся: якія чалавечыя рысы, якасці, уласцівыя героям, яшчэ існуюць у наш час, каб глядач задумаўся над тым, як трэба жыць і што робіць чалавека чалавекам...” (“Літаратура і мастацтва”, 22 чэрвеня 1984 г.).
Спектакль “Улада цемры” стаў сотай прэм’ерай народнага тэатра. І першы паказ гэтага спектакля адбыўся роўна праз дваццаць пяць гадоў пасля прысваення калектыву ганаровага звання “народны”. Так што прэм’ера “Улады цемры” у гісторыі тэатра была знамянальнай.
Акрамя рускай і беларускай класікі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч не пакідаў без увагі і творчасць маладых беларускіх драматургаў. У 1987 годзе на сцэне народнага тэатра упершыню быў паказаны спектакль маладога драматурга з Віцебшчыны Уладзіміра Сауліча “Халімон камандуе парадам”. Сюжэт п’есы быў просценькі. Жыхар вёскі Цельпухоўка Халімон Капытка, яго жонка Куліна на асабістым падворку выгадавалі самага вялікага ў вобласці парсюка. Абласное тэлебачанне, даведаўшыся аб гэтым, вырашыла распаўсюдзіць “цельпухоўскі” вопыт гадоўлі свіней. У вёску прыязджаюць карэспандэнты. Урэшце ж высвятляецца, што Халімонаў парсюк узгадаваны на хлебе і малацэ. Здымкі адмяняюцца...
Уладзімір Сауліч, сапраўды, напісаў праўду. Так было ў савецкі час, калі свіней і кароў кармілі хлебам з крамы. Толькі крыўдна і балюча: як дайшлі да такога, што свінні засланілі людзей? Знакамітая рэпліка тэлеаператара Васі: “Адступіцеся, парсюка засланілі!” – трапна характарызавала камандна-адміністратыўны стыль тагачаснага кіраўніцтва народнай гаспадаркай.
П’еса і актуальнасць яе Мікалаю Варвашэвічу тады спадабаліся. Хаця камедыя мела і шэраг недахопаў. Гэта і зыход у некаторых месцах на стылістычную спрошчанасць мовы, і недастатковая кульмінацыйная насычанасць, і наіўнасць асобных эпізодаў, і слабая абумоўленасць развіцця ўзаемаадносін некаторых персанажаў. Але сацыяльна-псіхалагічная праблема, узнятая ў гэтай п’есе на той час, была надзвычай надзённая і вострая...
Спектаклем “Халімон камандуе парадам” і яшчэ некалькімі пастаноўкамі Слонімскі народны тэатр у 1987 годзе завяршыў свой 40-гадовы самадзейны тэатральны шлях. Праз народны тэатр у Слоніме прайшлі тысячы людзей. І дзякуючы ім, а таксама рэжысёрам Міхаілу Фрыдману і Мікалаю Варвашэвічу, Слонімскі народны тэатр у 1987 годзе набыў новы статут: ён стаў першым у Беларусі эксперыментальным тэатрам-студыяй на поўным гаспадарчым разліку. А ў 1990 годзе на базе тэатра-студыі быў створаны дзяржаўны Слонімскі беларускі драматычны тэатр (з 2005 года – драматычны тэатр).
“Папараць-кветка” цвіла ў Слоніме
Два гады таму ў маладзечанскай друкарні “Перамога” выйшла ў свет кніга Івана Козела “Над хвалямі Серабранкі”. Кнігу склалі п’есы драматурга, які ў беларускую літаратуру і ў наша тэатральнае мастацтва прыйшоў у канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Выданне выйшла дзякуючы фінансавай падтрымцы аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама, а таксама дапамозе супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Падрыхтаваў выданне да друку, уклаў яго і напісаў шчырую прадмову літаратуразнавец Міхась Казлоўскі.
Іван Козел (1928-1970) быў вельмі таленавітым драматургам, паэтам, празаікам і публіцыстам. Пражыў ён зусім мала – усяго 42 гады. Цяпер пра гэтага таленавітага чалавека згадваюць вельмі рэдка. А пры жыцці яго п’есы, як піша Міхась Казлоўскі ў прадмове да кнігі, ставіліся на сцэнах Беларускага тэатра юнага гледача, Брэсцкага тэатра імя Ленінскага камсамола, Краснапольскага і Целяханаўскага народных тэатраў, самадзейных калектываў. Гэта, сапраўды, было так. Але ні Міхась Казлоўскі, ні энцыклапедыя “Тэатральная Беларусь” не згадалі аб тым, што ў 1976 годзе славутую драму ў трох актах і пяці карцінах з пралогам “Папараць-кветка” Івана Козела паставіў Слонімскі народны драматычны тэатр (цяпер дзяржаўны драматычны тэатр). Пастаноўку спектакля ажыццявіў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч. Яго былі таксама сцэнаграфія спектакля і акцёрская роля Анатоля – сына Лабыша.
Пры жыцці Мікалай Варвашэвіч вельмі часта ўспамінаў гэты спектакль. Успамінаў з радасцю, з нейкім светлым настальгічным пачуццём. Ён казаў: “Гэта была моцная і самая масавая мая пастаноўка. У ёй удзельнічалі больш за 50 артыстаў народнага тэатра”.
Драма “Папараць-кветка” Івана Козела была прысвечана тэме барацьбы беларускага народа за сваё нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне. Цярністыя шляхі давялося прайсці жыхарам невялікай беларускай вёсачкі. Іншы раз героі нават расплачваліся жыццём. Але заўсёды яны былі перакананыя ў тым, што будзе і на іх вуліцы свята. Таму раскрыццё асноўнай тэмы – тэмы барацьбы – пачыналася ў спектаклі з першых сцэн. А лірычнае гучанне спектакля прадвызначала сюжэтная лінія, якая апавядала пра каханне Лявона і Яніны, Адася і Надзеі, Міхася і Любы.
Спектакль слонімцаў вабіў сваёй музычнасцю, этнаграфічнай дакладнасцю, пластычнасцю пабудовы мізансцэн масовак, ансамблевасцю пастаноўкі. Музыка, напісаная самадзейным кампазітарам Міхасём Гарабцом, у выкананні самадзейнага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава, нясла ў масы подых беларускасці. Шчырасцю і глыбінёй пачуццяў, яркасцю народных характараў вызначалася выступленне артыстаў Святланы Варвашэвіч, Ніны Куршук, Андрэя Каханоўскага, Анатоля Цярэніна, Людмілы Клімовіч, Людмілы Завадскай і іншых. Спектакль сплавіў у сабе трагізм і светлую веру, нацыянальны каларыт і мяккі лірызм.
У гэтага спектакля быў слаўны лёс. А пачаўся ён удалым дэбютам на Гродзенскім абласным фестывалі тэатральнага мастацтва, а пасля ў Таліне на Усесаюзным фестывалі мастацкай творчасці ў 1976 годзе. Тады ў Таліне ў рамках Усесаюзнага фестывалю праводзіўся трэці па ліку традыцыйны фестываль народных тэатраў чатырох рэспублік – Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі пад назовам “Рампа дружбы -76”. Дарэчы, першы фестываль быў Вільні, другі – у Рызе, трэці – у Таліне, а заключны – у Мінску. Самадзейнае тэатральнае мастацтва Беларусі ў Таліне прадстаўлялі Мазырскі і Слонімскі народныя тэатры. Мазырскі тэатр паказаў “Трыбунал” А.Макаёнка, а Слонімскі – “Папараць кветку” Івана Козела. Талінскі глядач вельмі цёпла сустрэў выступленне калектыву са Слоніма. А на заключным Усесаюзным фестывалі самадзейнай мастацкай творчасці ў Мінску спектакль слонімскіх артыстаў атрымаў дыплом і быў узнагароджаны вялікім залатым медалём. Узнагароды атрымалі многія артысты тэатра за выкананне сваіх роляў.
Спектакль Слонімскага народнага тэатра “Папараць-кветка” паказвалі па Беларускім тэлебачанні. Тэатр з ім аб’ездзіў амаль усю Беларусь.
Да спектакля “Папараць-кветка” былі выпушчаны афішы, а таксама праграмкі: адна на беларускай мове 3000-м накладам, другая да фестывалю – на рускай мове накладам 1000 экземпляраў.
Слонімскай “Пінскай шляхце” – 30 гадоў