Ролю Соф’і Іванаўны ў спектаклі выконвала артыстка Тамара Галаванава. Гэта яе быў дэбют на слонімскай сцэне. Не ўсё артыстцы ўдалося, тым не менш персанаж яе гераіні атрымаўся пераканаўчым. Артыстка Надзея Ільчанка выканала ролю Таццяны. Слонімскія гледачы даўно яе не бачылі на сцэне. Справа ў тым, што пэўны час артыстка жыла ў Расіі, і толькі нядаўна яна зноў вярнулася ў Слонім. Гадоў шэсць назад Надзея Ільчанка іграла ролю Клавы ў спектаклі “Жаніх па перапісцы”. Гэтай яе роллю, магчыма, і запомнілася аматарам слонімскай тэатральнай сцэны. Роля Таццяны прыйшлася артыстцы даспадобы. Яе гераіня — гэта шчырая і добрая жанчына, якая ўмее кахаць, перажываць і чакаць.
Спектакль значна ажываў, калі на сцэне з’яўляліся вядомыя артысты Уладзімір Навумік і Ірына Яцук. Яны цудоўна выканалі ролі Ігара і Дзіны.
“Мой герой, — казаў Уладзімір Навумік, — звычайны сучасны бухгалтар, які сочыць за здароўем і ўмее зарабляць грошы”. А Дзіна ў выкананні Ірыны Яцук атрымалася вясёлай і адначасова сумна-камічнай гераіняй…
Новая прэм’ера тады ўнесла нейкую свежасць і навізну ў калектыў тэатра, у яго рэпертуар.
Дзеці новы спектакль “Дзень нараджэння” па п’есе Наталлі Абрамцавай убачылі ў красавіку. Пастаноўку ажыццявіў Васіль Сявец.
Чым адметны быў новы спектакль для дзяцей у Слонімскім беларускім драмтэатры? Найперш тым, што ў ім заняты былі дзевяць вядучых маладых акцёраў. Для дзіцячага спектакля — гэта своеасаблівы гонар. Звычайна ў пастаноўках для дзяцей дзейнічаюць 4-5 акцёраў, а тут — палова трупы. Сярод вопытных майстроў слонімскай сцэны — былі дзве маладыя артысткі -- Юлія Сурмейка і Кацярына Дзядовіч. Юлія іграла матылька, а Кацярына — вавёрку. Гледзячы на іх, адчувалася, што артысткі вельмі хвалююцца, перажываюць, каб толькі ўсё было добра. Яно і добра было. Юлія Сурмейка і Кацярына Дзядовіч стараліся стварыць тых казачных герояў, якія ім уяўляліся: шчырых і даверлівых матылька і вавёрку, якія хочуць да 100-годдзя елкі падрыхтаваць з ляснымі сябрамі самы прыгожы і арыгінальны падарунак. Побач з больш вопытнымі майстрамі сцэны, артысткі не “выпалі” з агульнага ансамбля, а наадварот, унеслі свежы струмень у спектакль, найперш сваёй маладосцю і прыгажосцю.
Адметнасцю і відавочнай плённасцю ў пошуках знешняй характарыстыкі вызначаліся акцёрскія работы ў новым спектаклі Сяргея Фурсы (мядзведзь), Наталлі Шугай (ліса), Ірыны Яцук (варона), Сяргея Лішыка (дрозд), Надзеі Ільчанка (кікімара), Ніны Жукоўскай (елка). А ролю шэрага суму (самоты) выканаў сам рэжысёр спектакля Васіль Сявец. На маю думку, гэтую ролю можна было прапанаваць сыграць таксама маладым артысту ці артыстцы, але рэжысёр вырашыў выканаць яе сам. На жаль, яна не вельмі яму ўдалася, бо напамінала ролю жыда з “Камедыі”, якога бліскуча Васіль Сявец увасобіў на слонімскай сцэне. У ролі самоты хацелася б убачыць некага іншага.
Добры і шчыры мядзведзь Сяргея Фурсы, хітрыя і нахабныя ліса з варонаю Наталлі Шугай і Ірыны Яцук, інтэлігентны і музычны дрозд Сяргея Лішыка, спакойная і не злосная кікімара Надзеі Ільчанка, стогадовая сумленная і вопытная елка Ніны Жукоўскай зачароўвалі гледачоў сваёй казачнасцю, ігрой і, вядома ж, касцюмамі. Так, касцюмы ў спектаклі былі, на рэдкасць, яркія і самабытныя. А гэта ўжо ўдача, а таксама нейкая палёгка для артыстаў, бо нават касцюмы характарызавалі сцэнічных персанажаў.
За два гады рэжысёр Віктар Бутакоў паставіў у Слоніме 7 спектакляў. Рэжысёр працаваў плённа і шчыра.
Новай яго прэм’ерай у Слоніме была пастаноўка п’есы “Непаразуменне” лаўрэата Нобелеўскай прэміі Альбера Камю. Рэжысёр Віктар Бутакоў, узяўшы да пастаноўкі гэтую п’есу, безумоўна, ішоў на пэўную творчую рызыку. Але рэжысёр здолеў з рэалістычнай выкрывальнай драматургіі па-майстэрску дасягнуць псіхалагічнай глыбіні і філіграннай дакладнасці рэжысёрскага рашэння сцэн і адзінства пастановачнай задумы. Глядач адчуў па-сапраўднаму ўвесь трагізм, спустошанасць душ Марты, яе маці і іх слугі.
Сама п’еса Альбера Камю – гэта тэма абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Таму вялікая, у першую чаргу, заслуга была рэжысёра Віктара Бутакова, які асмеліўся ажыццявіць драму. Спектакль, сапраўды, быў складаны і з пункту рэжысуры, і з пункту акцёрскага выканання галоўных роляў. Акцёры тэатра, якіх добра ведае слонімскі глядач, на дзіва хутка і па-майстэрску ўдала памянялі сваё сцэнічнае амплуа.
Зусім іншымі гледачы ўбачылі Наталлю Шугай (Марта), Ірыну Яцук (Марыя), Аляксандра Шалахонава (Ян), Тамару Галаванаву (маці Марты). Акцёры зразумелі філасофскую глыбіню п’есы і спектакля, а таксама задумку рэжысёра. Не ўсё ў іх атрымалася выдатна, але поспех быў адчувальны. Героі артыстаў мусілі жыць і дзейнічаць так, каб адчуваць сябе шчаслівымі ў тым абсурдным свеце. Яшчэ сам аўтар п’есы Альбер Камю лічыў, што жыццё чалавека – гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
Вельмі ўдалым у спектаклі было музычнае афармленне. Тэатральны крытык Вячаслаў Іваноўскі на адным з абмеркаванняў спектакля сказаў: “Асобна трэба адзначыць арганічнае музычнае вырашэнне спектакля. Малады слонімскі кампазітар Алег Грасевіч напісаў цікавую арыгінальную музыку да спектакля, далёкую ад музычнага ілюстратарства. Шырока выкарыстоўваючы сучасныя прыёмы спалучэння ў музычным радзе элементаў сінтэзіраваных шумоў, кампазітар якраз і дасягнуў стварэння вельмі важнай для спектакля гукашумавой атмасферы, значна пашыраючы тым самым эффект дакладнага псіхалагічнага ўздзеяння на гледача”.
9 снежня ў Слонімскім беларускім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Сямейны партрэт з чужым” па п’есе рускага драматурга Сцяпана Лабазёрава. Спектакль паставіў галоўны рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў.
Падзеі ў спектаклі адбываліся ў расійскай глыбінцы ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У звычайную вясковую сям’ю Цімафея і Кацярыны, якія здаюць пакойчык пад “гасцініцу”, пасяляецца 25-гадовы Віктар. Ён прыехаў у вёску афармляць клуб. А вось спыніцца часова не было дзе. Таму і выбраў мясцовы халасцяк Міхаіл для Віктара пакойчык у доме гэтай сям’і.
У час засялення госць знаёміцца з гаспадаром, бабкай і прыгожай Таняй, а пасля пытаецца ў Міхаіла:
— Слухай, а колькі гадоў гэтай Тані?
— Навошта табе? – пытаецца Міхаіл.
— Такая дзяўчынка! А чаго ты адразу, сам з ёю, ці што? Ты ж для яе стары!
Міхаіл зазлаваў, найперш з-за таго, што Таня спадабалася Віктару. Каб неяк падстрахавацца ад будучых блізкіх узаемаадносін, якія б маглі ўзнікнуць паміж Віктарам і Таняй, Міхаіл шэпча бабцы і ўсім астатнім, што іх кватарант нядаўна вярнуўся з дурдому, і каб яны былі з ім вельмі асцярожныя. Ён нават бярэ ў бабкі распіску, што ён іх аб гэтым папярэдзіў. Адначасова кажа і Віктару, што яго падсялілі да псіхаў:
— Не выходзь, не размаўляй і наогул – маўчы. Галоўнае – з дачкою не ўздумай. А то яны такі вэрхал паднімуць...
З гэтага моманту ў сям’і, куды пасяліўся малады чалавек, пачынаюцца прыгоды і праблемы. З іх і атрымалася бытавая камедыя, якая адлюстроўвала ці не сённяшнія будні нашага аднастайнага жыцця. Галоўная гераіня спектакля ў фінале разважае: “Усе чамусьці бегаюць, крычаць, равуць, атручваць некага збіраюцца, не разумееш, хто цяпер дурань, хто разумны... Відаць, толькі кошак тапіць нам даручаюць...”.
У спектаклі “Сямейны партрэт з чужым” -- шэсць дзеючых асоб, ролі якія выконвалі Уладзімір Навумік (Цімафей), Вікторыя Міхальчык (Кацярына), Наталля Шугай (Таня), Тамара Галаванава (бабка), Васіль Сявец (Віктар), Сяргей Лішык (Міхаіл). Найбольш удала са сваімі ролямі справіліся артысты
У. Навумік, В. Сявец і С. Лішык. На іх і трымаўся ўвесь спектакль.
Віктар Бутакоў вельмі хацеў паставіць сучасную п’есу беларускага драматурга. Прапанаваў яму п’есу Уладзіміра Бутрамеева “Чужыя грошы”. П’еса рэжысёру спадабалася і ён яе паставіў. Спектакль называўся – “Па кім звоніць звон”. Назва спектакля ў пэўнай ступені прадвызначала і накірунак сцэнічнай інтэрпрытацыі бутрамееўскай п’есы.
Гэты спектакль быў паказаны ў межах конкурснай праграмы Другога фестываля беларускай нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Гэта быў першы за гады існавання выхад Слонімскага беларускага драматычнага тэатра, як прафесійнага тэатра, на імпрэзу такога ўзроўню. Для слонімскіх акцёраў гэты ўдзел стаў карысным хаця б таму, што яны, так ці інакш, атрымалі магчымасць адчуць тэатральнае жыццё Беларусі.
У канцы 2002 года Віктар Бутакоў ставіць навагоднюю казку “Белая Мышка”, якую я напісаў разам з Аляксеем Якімовічам. Галоўнымі героямі казкі былі Дзед Мароз, Снягурка, Певень, Чапялейка, Моль і вядома ж – Белая Мышка. Прыгодніцкі канфлікт у спектаклі адбываўся вакол зніклага снежаньскага гадзінніка, без якога ўсе людзі і лясныя гаспадары не змогуць сустрэць Новы год. Аказваецца, што гадзіннік прыхавалі нядобрыя Чапялейка і Моль, таму станоўчыя героі – Дзед Мароз, Снягурка, Белая Мышка і Пеўнік – усё робяць дзеля таго, каб вярнуць на ёлку гадзіннік, які працікае дванаццаць гадзін, і наступіць Новы год.
Да ўсяго сказанага пра творчае жыццё тэатра ў 2001-2002 гадах, трэба нагадаць, што 10 красавіка 2001 года ў тэатр прыйшоў новы дырэктар – Мікалай Васільевіч Лішык. Тэатрам ён кіруе ўжо 7 гадоў.
У сакавіку тэатр пакінулі рэжысёр Віктар Бутакоў і яго жонка – артыстка Тамара Галаванава. У калектыў вярнуўся Віктар Небальсін і пачаў працаваць галоўным рэжысёрам. За год ён паставіў спектаклі “Сямейны уік-энд”, “Крыштальную сняжынку” і “Пудзіла”. Дарэчы, п’есу “Пудзіла” напісаў Аляксей Якімовіч. Гэта быў сёмы спектакль пастаўлены на слонімскай сцэне паводле ягоных драматычных твораў.
Гледачам запомніўся спектакль “Пярсідскі бэз”, які паставіў малады рэжысёр, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў Дзяніс Нупрэйчык. У спектаклі было толькі дзве ролі – Ён (артыст Сяргей Лішык) і Яна (артыстка Ірына Яцук) і два супрацоўнікі міліцыі (артысты Віталь Спасюк і Сяргей Фурса. Іх ролі без слоў). Рэжысёру і акцёрам удалося паказаць жыццё ў трагічны момант лёсаў двух людзей.