У 1887 годзе ў двухпавярховым доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны па ўзоры дрэздэнскай школы для сляпых дзяцей, на грошы, сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага універсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны беларус Кандрат Фёдаравіч Лейка.
З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучай іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.
Шмат увагі наш зямляк удзяляў фізічнаму выхаванню сваіх гадаванцаў, бо лічыў, што з дапамогаю гімнастычных практыкаванняў можна пазбавіцца дэфектаў каардынацыі цела дзіцяці. На кожным пасяджэнні папячыцельскага савета Кандрат Лейка паўтараў адно і тое: “Гаспада! Прашу вас асігнаваць дадатковыя сродкі на спартыўныя снарады для вучылішча”. А яму адказвалі: “Еще чего придумали! У нас приют для слепцов или обезьяний цирк”. Але сродкі Лейка знаходзіў. І на пляцоўцы каля вучылішча з’явіліся турнікі.
Становішча навучальнай установы пагоршылася тады, калі старшыня папячыцельскага савета прафесар К.А.Андрэеў быў пераведзены на службу з Харкава ў Маскву. З ад’ездам прафесара на вучылішча пачалі менш выдаткоўваць сродкаў. Тады Кандрат Лейка вырашыў прыдбаць свой агарод. Выхаванцы самі саджалі градкі, а восенню збіралі ураджай бульбы, морквы, капусты, буракоў, цыбулі, якіх хапала на ўсю зіму.
У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў, і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва універсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.
Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.
У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Сярод педагагічных матэрыялаў на сённяшні дзень удалося адшукаць яго артыкулы “Экскурсия воспитанников и воспитанниц Харьковского училища слепых в Киев”, “Подвижник народной школы”, “Основа”, Письмо в редакцию”, “О правовом положении слепых в России”. Дарэчы, апошняя праца нашага земляка выдавалася асобнаю кнігаю ў бібліятэчцы часопіса “Слепец” у Пецярбургу ў 1906 годзе. Нядаўна яе ўдалося мне адшукаць і набыць на Украіне.
У Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы. Верш пра сабаку Рабко паэт напісаў у 1886 годзе:
Ішоў студзень 1905 года, і ў вучылішча для сляпых дзяцей уварваўся вецер рэвалюцыі ў Расіі. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі падзеі ў сваім горадзе, цікавіліся навінамі і нелегальнай літаратурай. Кандрат Фёдаравіч патураў ім. Аб гэтым даведаліся мясцовыя ўлады і звольнілі яго з пасады за “опасное вольнодумство в вопросах воспитания слепых детей”. На яго месца прыйшоў нехта Захараў — чалавек далёкі ад педагогікі і выхавання. Пры ім усе новаўвядзенні , якімі ганарыўся Лейка, хутка зніклі, а вучылішча ператварылася ў “богоугодный приют”. Аднойчы нават каля кабінета новага начальніка адбыўся пратэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрабавалі, каб у вучылішчы было ўсё, як пры Кандрату Фёдаравічу Лейку, найперш — прагулкі па горадзе, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі. Цяжка сёння адказаць: ці дабіліся былыя гадаванцы нашага земляка сваіх патрабаванняў, але Кандрат Лейка ў вучылішча больш не вярнуўся.
Гэтая навучальная ўстанова для сляпых дзяцей існуе ў Харкаве і сёння. Але называецца яна інакш. Цяпер гэта абласная спецыяльная гімназія-інтэрнат для сляпых дзяцей імя У.Г.Караленкі. У архіве вучылішча ўдалося нядаўна адшукаць кароткую характарыстыку Кандрата Лейкі на ўкраінскай мове: “Лейко Кіндрат Фёдорович керував училищем з 1892 по 1907 р. Прекрасний педагог, організатор. Разробив методику навчання для сліпих. Програми навчальних предметив наблизив до програм гімназіі, в ремісних класах ввів нові спеціальності: в’язання, виготовлення щіток, настроювання роялей. Було організовано хор, музичні гуртки. Велика увага приділялась розвитку у сліпих почуття оріентаціі у малому і великому просторі. Лейко К.Ф. висунув програму покращення становища сліпых у краіні, пропонуючи визнати за сліпими громадянські права, а саме: одержання безкоштовноі освіти, працевлаштування та гарантія пенсіі. Про своі вимоги Лейко К.Ф. писав до інстанцій, виступав зі статтями в журналі “Сліпець”. По суті Лейко К.Ф. — один із перших творців тифлопедагогіки”.
Пасля Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей Кандрат Лейка пэўны час працуе выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій.
У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. Гэта быў самы плённы і шчаслівы час для Кандрата Лейкі. Праўда, калі не лічыць смерць ягонай маладой жонкі. Яна памерла падчас родаў у 1916 годзе. Дактарам удалося толькі выратаваць сына Віталя, якога на выхаванне забрала на Палтаўшчыну Анастасія Васільеўна Пеліпенка — родная сястра жонкі Кандрата Лейкі.
У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў “Нашай ніве” — апавяданне “Успамін” і верш “Зязюлька”. На старонках “Нашай нівы” з’яўляюцца яго апавяданні “Кульгавы дзядзька Раман”, “Таклюся-сухотніца”, “Лес шуміць”, Панас Крэнт”, “Абмылка”, “Пан Трудоўскі”, верш “Навальніца” і іншыя творы. Друкуецца таксама ў “Беларускім календары на 1916 год”, у “Гомане”, “Беларускай думцы”, пазней — у “Нашай думцы”.
У сваіх апавяданнях і вершах Кандрат Лейка апісваў унутраны свет сваіх герояў, расказваў пра сацыяльныя канфлікты рэчаіснасці. Творы яго па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, а таксама разнастайныя па жанры і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаны з гумарам, з баечнай мараллю, з элементамі выкарыстання фальклору:
У 1912 годзе ў Вільні асобнаю кнігаю выходзіць з друку п’еса К.Лейкі для дзяцей “Снатворны мак”, якую ён прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павету. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.
У 1917 годзе хвароба ног, на якую захварэў у юнацтве, дала пра сябе знаць. А праз год Кандрата Лейку спаралізавала. У чэрвені 1918 года пляменнікі перавезлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана.
Пісьменнік моцна перажываў, найперш тое, што быў прыкаваны да ложка і не мог бачыцца са сваім маленькім сынам Віталем, якога часта наведваў на Палтаўшчыне. Ды і матэрыяльнае становішча стала жахлівым. Валынь перайшла пад Польшчу, і пенсію, якую Кандрат Лейка атрымліваў праз Ровенскае казначэйства, палякі адмянілі. Таму апошнія тры гады ў Здалбунаве жыў ён за кошт дапамогі сяброў з Беларусі і Беларускага камітэта ў Варшаве. Землякі клікалі Кандрата дамоў у Гародню альбо на Слонімшчыну, але сіл вяртацца ўжо не было. “Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі — о, якая б гэта была для мяне радасьць, шчасьце, але я не змагу гэтага выканаць, бо жыцьцё мяне зусім задавіла, а аб Маці-Айчыне магу цяпер толькі ў салодкіх марах успамінаць…”, — пісаў Кандрат Лейка ў адным са сваіх пісем Лявону Дубяйкоўскаму (“Наша ніва”, 1999г., № 6).
Перад самай смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй, што таварыства выдасць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам “Засеўкі”. Пра кніжку ён марыў і ў 1914 годзе, калі атрымаў ліст ад Янкі Купалы, які паведамляў, што Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні хоча выдаць асобнаю кнігаю ягоныя творы. Але вершы і апавяданні Кандрата Лейкі асобным зборнікам свет так і не пабачылі, а многія з іх проста згубіліся. Ды і сам пісьменнік памёр у верасні 1921 года ў Здалбунаве на Украіне, дзе і быў пахаваны.
Магіла нашага земляка знаходзіцца на адных са старых могілак Здалбунава. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто з беларускіх літаратараў там ніколі так і не пабываў. Магіла забытага пісьменніка ўжо зраўнялася з зямлёю і зарасла травою і кустамі. Толькі дзякуючы жалезнаму крыжу з шыльдачкаю ўдалося яе знайсці.
На крыжы на ўкраінскай мове напісаны словы:
Увесь час Кандрат Лейка хацеў вярнуцца на сваю Радзіму, памерці на роднай зямлі. Але гэта яго мара так і не збылася. А ён быў, кажучы словамі Алега Лойкі, “першы беларускі дзіцячы паэт, заснавальнік рэпертуару беларускага нацыянальнага тэатра для дзяцей, арыгінальны паэт і празаік, які сваёй шматжанравай творчасцю пачынаў і значна ўзбагаціў новую беларускую літаратуру другой паловы XIX — пачатку XX ст.” (Алег Лойка. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. 2 частка. Мн., 1989. С.409).
СЯРГЕЙ ДАРОЖНЫ
(1909-1943)
У крывавую хвалю сталінскага генацыду ў 1936 годзе трапіў і мой зямляк са Слоніма паэт Сяргей Дарожны (Серада Сяргей Міхайлавіч). Ён быў арыштаваны ў канцы жніўня ў Мінску просто на кватэры, дзе пражываў на Першым беларускім завулку 3-А. Праз год органы НКВД асудзілі паэта за тое, што ён быў “членам антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі” на 8 гадоў...
П крупінцы збіраю звесткі пра Сяргея Дарожнага. Магчыма некалі напішацца пра яго асобная кніга. У пошуках матэрыялаў пра свайго земляка мне шмат дапамагалі беларускія пісьменнікі Васіль Хомчанка, Павел Пруднікаў, Станіслаў Шушкевіч, Максім Лужанін, Сяргей Грахоўскі, якія добра ведалі паэта пры жыцці. Але цяпер ужо няма ў жывых і гэтых літаратараў. Засталіся толькі іх пісьмы да мяне, згадкі, успаміны, некаторыя здымкі. Васіль Хомчанка 8 ліпеня 1988 года пісаў мне: “Я Сяргея Дарожнага ў 1940 годзе сустрэў у лагеры (Ніжне-Амурскі лагер).З ім разам быў у калоніі, ці лагпункце да 5 красавіка 1941 года. Я вызваліўся, а ён застаўся. Сястра Дарожнага, якая жыве ў Мінску, сказала, што Сяргей памёр у 1943 годзе ў калоніі ад запалення лёгкіх — так ёй паведамілі. Але гэтаму я мала веру. Сяргей, відаць, памёр ад голаду і ад цяжкай працы...”.
Магчыма і так. Паэта не стала летам 1943 года ў Камсамольску-на-Амуры (Расія). Па хадайніцтву сястры Сяргея Надзеі Юшкевіч, ён быў рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29 снежня 1957 года і ўзноўлены ў Саюзе пісьменнікаў.
На Слонімшчыне людзі кажуць: калі нарадзіўся няшчасным, то няшчасным і памрэш. Так было і з Сяргеем Дарожным. Нарадзіўся ён у Слоніме ў сям’і вайскоўца 25 лютага 1909 года. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку забралі на фронт, скуль ён ужо ніколі не вярнуўся. А маці Сяргея з чацьвярыма дзяцьмі была эвакуіравана аж у Варонеж. Дамоў вярнуліся толькі ў 1918 годзе. Але вярнуліся не ў Слонім, а ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Маці было цяжка адной гадаваць дзяцей, таму Сяргея, Марыю і Надзею яна аформіла ў Мазырскі дзіцячы дом, а з малодшай дачкой засталася жыць у вёсцы. “Мама нам не дапамагала, бо сама хадзіла па вёсках і жабравала”, — пісала мне ў пісьме 17 ліпеня 1989 года Надзея Юшкевіч — родная сястра Сяргея Дарожнага.
У 1924 годзе Сяргей скончыў сямігодку і паступіў ў Мінскі беларускі педтэхнікум, а з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
У адзін са шчаслівых дзён 1925 года Сяргей Серада прынёс у рэдакцыю газеты “Беларуская вёска” сшытак сваіх вершаў. Загадчыкам літаратурнага аддзела газеты быў тады Кузьма Чорны, які папрасіў юнака пачытаць яму свае радкі. І Сяргей пачаў:
Калі гэтыя радкі пачуў Кузьма Чорны, то вельмі расчуліўся, бо дужа спадабаліся яны слыннаму пісьменніку. А самыя лепшыя паэтычныя творы маладога паэта ён хутка апублікаваў. З той пары вершы Сяргея Дарожнага рэгулярна пачынаюць з’яўляцца ў перыядычным друку. У 1926 годзе ён становіцца сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а потым — “Узвышша”. Каля паэту споўнілася 17 гадоў, ён (у сааўтарстве з родным братам Змітрака Бядулі — Ізраілем Плаўнікам) адным з першых сярод сваіх аднакурснікаў выдае свой паэтычны зборнік “Звон вясны”. Пасля былі асобныя паэтычныя зборнікі “Васільковы россып” (1929) і “Пракосы на памяць” (1932).
Найбольш за ўсё талент Сяргея Дарожнага раскрыўся ў лірыцы. Ды і сам ён быў вельмі прыгожым хлопцам, якога дужа любілі дзяўчаты. У адным з пісем да аўтара гэтых радкоў пісьменнік Павел Пруднікаў пісаў: “Сяргей Дарожны быў прыгожы, чарнабровы і чорнавалосы, высокі юнак. Заўсёды быў акуратна апрануты. Насіў белую сарочку з накрухмаленым каўнерыкам і чорны гальштук. Ніколі не хваліўся сваімі поспехамі. Любіў і цаніў сяброўства. Аднойчы на шклозаводзе ў Барысаве мы наладзілі літаратурны вечар. Былі я, Сяргей Дарожны, Мікола Нікановіч, Клім Грыневіч, Віктар Казлоўскі, Змітрок Астапенка. Калі ў заключэнне вечарыны выступіў наш галоўнакамандуючы — Сяргей Дарожны — і прачытаў свой верш “Белымі пялёсткамі”, зала грымела. Апладысменты не змаўкалі, яго прасілі чытаць і чытаць”. А паслухаць моладзі тады было што. І такое яна любіла: