– Выпіць хочаш?
– Вып'ю, – пагадзіўся стары. – Тым больш, што калі баба з бальніцы лаяцца пачне, скажу, што з міліцыянерам піў. Даруе. Гэта з Цімкам ці з суседам Язэпам калі клюкнем, то яна на дыбкі, бывае, становіцца. А з вамі даруе, акурат так. Яшчэ і пахваліць: глядзі ты, і міліцыянер цябе ўважыў! Не абы хто!
Косцік нічога не гаварыў, толькі пазяхаў, шырока разяўляючы рот і дэманструючы белыя, як часнок, зубы, корпаўся ў невялічкай шафцы – неўзабаве на століку з'явілася пачатая пляшка гарэлкі, дзве чаркі, цыбуліна, некалькі яек і скрылікаў сала. Забулькаў у чаркі, загадаў Міхею:
– Куляй, дзед.
– Кульну, – стары, не раздумваючы асабліва, выпіў гарэлку – яна аказалася не з крамы, а была самаробная.
– Пайшла? – праглынуўшы пітво, папытаў у старога міліцыянер.
– Як брахня па сялу... Фу-у! Добрая. І сала смачнае.
– На халяву, дзед, і воцат салодкі. Яшчэ будзеш?
– Доза, доза! – замахаў рукамі на міліцыянера Косціка Міхей. – І за гэтае дзякуй. Колькі і жыву, а з міліцыянерамі п'ю першы раз. Не падпускалі блізка. А на канцы веку, бач ты, і пашэнціла, ядры тваю ў корань! Самасадзіку не пагрэбуеш майго, га?
– Тут не чадзі, – толькі і сказаў Косцік, выйшаў на ганачак, павагаўся на мысках чаравікаў, прычыніў за Міхеем дзверы, які прасунуўся паўзбоч яго, і больш не ўважыў таго ніводным словам.
Маўчаў і стары, толькі раз-пораз паглядаў на лес, дзе колькі часу назад знік сяржант на ягоным кані...
Пакуль не вяртаецца.
Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?
У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі - у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль – бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў – не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення – прыемнага, трэба разумець – ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.
Дзяўчына пайшла дадому ранкам, а Косцік, праводзячы яе вачыма, брыдка плюнуў:
– Прастытутка! Бервяно! Вучыцца яшчэ ды вучыцца!..
Філанчук жа, пачуўшы яго, паабяцаў:
– Навучым!
– Давядзецца-а! – зарагатаў Косцік і падказаў Філанчуку ўбіць кол з шыльдай, якая б забараняла збіраць у лесе грыбы і ягады, а то, маўляў, сам разумееш, не дзіця, пра будан шмат людзей будуць ведаць, ды і зазірнуць цікаўныя ў самы непатрэбны момант могуць – што тады? Такога нельга дапусціць! Будан – наш!
У той дзень да будана сяржант Філанчук пад'ехаў на кані, а Сцяпан Пырх, чалавек сталага веку, разважлівы і адумны, які падмеўся бацьку Сірацюка дапамагчы прывезці з лесу дроў, прытупаў на сваіх дваіх: спазніўся на грузавік. Ідучы паўз будан, Пырх убачыў каня дзеда Міхея, паклікаў старога, але замест яго з будана выглянуў сяржант Філанчук, спадылба глянуў на Пырха:
– Вон адсюль! Ну!
Пырх, хоць і не з палахлівых, але з міліцыяй вырашыў не звязвацца, нічога не адказаў, а моўчкі пашоргаў па жухлай восеньскай лістоце на тое месца, дзе павінен быць грузавік з людзьмі. Аднак яго слых, колькі ішоў, рэзаў прыцішаны дзявочы воклік, які ўхапіў ён краем вуха пры падыходзе да будана, і быццам бы яшчэ наступныя словы: "А, між іншым, ты мне згвалтаваў... Ты!.." Голас той яму здаўся знаёмы, ён недзе чуў яго, але чый - не мог даўмецца, хоць трэсні. Во каб глянуў на твар дзяўчыны – адразу б сказаў... А так заставалася толькі гадаць-думаць... Вісіць на языку, а сплюнуць не атрымліваецца. Цьфу ты!..
Усё гэта не давала спакою Пырху, і, апынуўшыся на дзялянцы, дзе звінела бензапіла і стукалі сякеры, ён адчуў, што ўзмакрэла спіна, пераняло дых - як не заслупіла.
– Фу-у! – выдыхнуў ён, прыхінуўшыся да сасны. – Мужыкі! Мне здаецца, што ў будане робіцца нешта не тое... Схадзіць трэба. Хто са мной?
Мужчыны насцярожана глядзелі на Пырха, перакідваліся кароткімі позіркамі паміж сабой, і, здавалася, нічога не разумелі. Што ён, Сцяпан, за бязглуздзіцу вярзе? Дык, здаецца ж, цвярозы. А ў будане?.. Праўда, там і раней, кажуць, маладыя людзі цешыліся. Але хто бачыў? Не, трэба, трэба нарэшце падпаліць гэты будан к чортавай матары, ды і ўся размова на тым!
– Што, смелых няма? – зноў глядзеў на мужчын, чакаючы, Пырх.
– Схадзіць яно можна... – неяк няпэўна зморшчыўся яго равеснік Котаў. – Дык а дровы? Чаго мы ў лес прыехалі? Буданы пільнаваць?
Пырх не здаваўся:
– Дровы пачакаюць.
– Дык як, мужыкі? – папытаў Котаў.