Сяргеевіч вяртаўся дадому познім вечарам. У халодным паветры лёталі спяжынкі-матылькі, садзіліся на шапку, паліто, на твар чалавека, які ішоў, не заўважаючы іх…
ДВА ЛІСТЫ ДА БРАТА
Вось я і рашыўся нарэшце — як і абяцаў табе, дарагі Міхась,— адклаў усе свае справы, прыехаў у вёску, кінуў тут якар. Ведаю, ты з іроніяй усміхнешся: ці надоўга? Пакуль і сам не ведаю. Але жыву, як і дваццаць пяць год назад, у роднай Іскані, дыхаю паветрам свайго дзяцінства — і твайго ж, вядома, таксама! — на поўныя грудзі. Абжыў старую «бабіну» хатку, Аляксей Прылепаў зрабіў яшчэ ўлетку тут звычайную рускую печ, палю яе дровамі і торфам. Цёпла, утульна. I пішацца добра. Шкадую толькі, што не захапіў у горадзе лямпу-газоўку, яна б прыйшлася да месца. Тут, у вёсцы, яе і ў музеі не знойдзеш. Лямпа, дарэчы, пайшла з вёскі разам з намі, на пачатку шасцідзесятых. Хоць і марокі з ёю было — смуродзіла, а то і газа канчалася ў самы непатрэбны момант, з'ядала кнот, а нам жа ўрокі вучыць, нам жа чытаць! Цяпер нашы дзеці, відаць, і парадуюцца, калі патухне святло, а дзяжурны электрык загуляе. Хоць не... А як ім без тэлевізара? 3-пад зямлі дастануць электрыка — каб глядзець, каб «маг» слухаць. А кніжкі стаяць на паліцах... Шкада. У нас было мала іх, але ўсе зачытвалі ледзьве не да дзірак. Кніга перадавалася з хаты ў хату як вялікая каштоўнасць.
Дзяцінства, дзяцінства...
I хатка — дзяцінства. Яна хоць і маленькая, але ўтульная, мама прыбрала, заслала новы настольнік, іншы раз прыйдзе, сядзе побач, моўчкі глядзіць на мяне, уздыхае. Тады я адкладваю ўбок ручку, пагаворым. Бацька — бачу праз шыбку — топчацца на двары. Хапае клопату.
Вечарэе. Апранаю кажушок — трэба дапамагчы старым. Як і ў ранейшы час нясу бярэмя сена карове, вада таксама цяпер на мне, а яе многа трэба нанасіць: ад хатняй жыўнасці бацькоў не адарваць, трымаюць карову, двух парсюкоў, курэй, качак, трусоў, а цяпер завялі яшчэ індыкоў. Пытаю: «Куды вам столькі?» У мамы адзін адказ: «А што ж мы, сядзець павінны склаўшы рукі? Так жыць лягчэй, калі дзень за- няты». Іх не пераканаеш. I што цікава, малако самі не скарыстоўваюць, а карову трымаюць. Усё здаюць. Да кроплі. «Нам жа сена за малако...» Бачыш? Сена. Круг атрымліваецца: ты нам — малако, мы табе — сена. Ведаю, што выгоды ад каровы старым ніякай, але і пазбавіцца не могуць: прывыклі. Не толькі нашы бацькі — усе ісканцы такія. Нават бабкі старыя. Куды б ім ужо, здавалася? На карову і сена нарыхтуй, і пасвіць трэба. Бывае, што і па дваццаць пяць рублёў плацяць за чаргу, а яна падыходзіць кожны месяц. Вазьмі аловак, падлічы, колькі каштуе такое малако. Дарагаватае. Але зразумееш тую Дуню Ляпейка. Помніш яе? Канцавая хата, каля канюшні. Сама пасвіць не можа, упрошвае людзей, а рагулю не здае, бо для адзінокай жанчыны карова ўсё — і карміцелька, і жывая істота, якую можна пагладзіць, з якой можна пагаварыць, а то і шчакой прытуліцца...
У кожнага чалавека свая прычына, яна і не дае развітацца яму з рагуляй.
Сёлета сена ў цёткі Марусі пе бралі, так і засталося яно ў садку — на карані пажоўкла трава. Не знайшлося ахвотнікаў. Да каго ні звярталася, амаль бясплатна аддавала — усе адмовіліся. Праўду кажучы, дык яна, Маруся, сама вінавата — стаіць над душой, касцярыць: «Як косіце, шалапуты? Рукі б вам паадрываць! Вось мой Панас касіў — як лязом галіўся!» Васіль Старавойтаў памеўся быў купіць у яе соткі, а калі яна пачала яго, чалавека сталага, вучыць, як трэба касіць, плюнуў, касу на плячо — ды ходу. «Будзеш ты яшчэ мне тут нервы псаваць!»
I трава прападае каторы год. Старая скача на сваіх хадулях па гародчыку, бядуе, а сама за касу не возьмецца — інвалід. Смешна і грэшна, як гавораць, хоць і цётку Марусю зразумееш: чалавек стары, хапіла на яе вяку нястачы, гора, вось і цэніць кожную травінку, шкадуе. Маладзейшым, відаць, яе сёння цяжка зразумець, дзівачкай лічаць, скнарай.
Хоць у яе і гэтая рысачка ёсць, не адымеш. Помніш жа, як прасіла ў нас з табой парады, куды звярнуцца, каб радыё адрэзалі. «Навошта яно мне? Слухаць не слухаю, а толькі кожны месяц плаціць грошы трэба. Гэта яшчэ Панас падключыў... Хай адразаюць». А ў Кулазе ж, акрамя як па радыё, і голасу чалавека не пачуеш — усе хаты стаяць без людзей, рэдка ў якой жыццё цяпліцца. З'ехалі людзі. А каму было цяжка адважыцца на такі крок — дажываюць век там, як і цётка Маруся, Панасіха.
Нядаўна я зноў пабываў у Кулазе. Заглянуў у акно адной хаты, другой — і жудасна зрабілася. Усё ў пакоях так, як і пры жыцці гаспадароў. Ложкі стаяць, падушкі на іх, на стале міскі, талеркі, шклянкі, гарлачы, у парозе — вілачнік, чапяла... Быццам чалавек вось-вось вернецца, прапа- нуе: «Ну, заходзь, чаму гэта ты стаў перад акном?» Усё гэта і падштурхнула мяне напісаць п'есу «Вокны». А потым яшчэ і цётка Насця, Лявонава. Прыбегла з Кашалёвак да маці, каб тая ёй нітку ў іголку прасунула, вузельчык на канцы завязала. «Ой, Вольгачка, ледзьве вечара дачакалася— зразу да цябе, бядовачка: у дзіравай спадніцы хаджу. Сорам які! I латку падабрала, і іголку знайшла, а ніткай у вушка не пацэлю, яй-богу. I папрасіць няма каго — адны старыя засталіся, нямоглыя, у іх вочы, як і ў мяне, на адзін капыл!»
Сапраўды так: у вёсачках, што абляпілі з усіх бакоў нашу Іскань, засталіся адны старыя. У Трысціўцы, Лосеўцы, Доўгім, Негліве, у той жа Кулазе. А як жа быць з публіцыстамі, якія ўголас заяўляюць: «Кожная вёска павінна жыць!» Бяру наўздагад кнігу — панавёз, на мясцовую бібліятэку не разлічваю, бо ці ўпалюю за яе загадчыцай — сказаць не бяруся, цяпер нават рэдка хто і ведае дзяўчыну, да якой перайшлі на гэты раз ключы, і знаходжу... ну вось хоць бы ў Юрыя Вігора такія радкі: «Прыйдзе час, і я зноў вярнуся туды, у гэтыя ціхія вёсачкі, якія прытуліліся на краі зямлі, вёсачкі, якія не павінны знікнуць ні праз дзесяць, ні праз пяцьдзесят, ні праз сто год». Спраўдзілася б! I пра- чытаць бы, злавіўшы на слове, у таго ж Вігора гадкоў хоць бы праз некалькі шчасліва-ўсхваляванае: «Жывуць!»
Усе хочам, каб жылі вёскі, а як іх выратаваць — не ведаем. Ці мо проста не хочам? А мо і ўвогуле гэта заканамерны ход падзей, мо гэта ўмысна гісторыя ламае старое, падсоўвае нам горад, а ў тых жа вёсках — дамы на гарадскі манер: бярыце, жывіце!
Зайздрошчу аптымістам. Аптымізм — цудоўная рэч, і мы на яго багатыя, але ж ці будуць жыць Кулагі і Лосеўкі, калі яны, можна ска- заць, ледзьве дыхаюць ужо сёння., Яны нагадваюць мне старога, які шкрабецца на самы высокі наверх па прыступках, выбіўся з сілы, а ліфт не працуе — зламаўся. Ці дойдзе? Ці адужыць прыступкі? Мы ўсе глядзім на гэтага бедалагу і задаём аднолькавыя пытанні. I толькі. Дапамагчы не дапамагаем. На руках не панясеш — цяжкі. А карысці з таго, што ты за руку прытрымліваеш крыху — мала... Ісці збоку не тое самае, што па цаліку...
Хапелася б, вельмі хацелася б, каб жылі Кулагі і Лосеўкі, але ж на свае вочы бачыш: паміраюць яны, маленькія вёсачкі, адыходзяць. Ты ж помніш Боркі, Рабандзюгу, Плоскае? На месцы іх поле. Жыта расце, бульба, буракі — па кулаку, а то і па два, гэта гледзячы які ў каго кулак. А мо і добра, Міхась, што расце жыта? Хаткі стаялі амаль усе з забітымі крыж-накрыж вокнамі, адно што займалі месца. Можа, і няхай расце колас... I людзі задаволены: не наводшыбе, а ў добраўпарадкаваных вёсках, не трэба ўзімку снег мясіць, каб з магазіна прынесці хлеба.
Няпроста развітвацца з маленькімі вёскамі — як і з усім, што прырасло да чалавека моцна, на доўгія гады. Няпроста. Разумею. I жылі б яны, каб тыя хаткі аднолькава моцна прырасталі да кожнага, а не да абраных лёсам. Ім адным не ўтрымаць лейцы...
Не бяруся заглядваць у заўтрашні дзень, хоць таксама аптыміст, але вось што ўспомнілася. Гадоў пятнаццаць назад я быў сведкам, як пераязджаў з Кулагі Мікалай Трафімавіч Семчанка, па-вясковаму — каравашнік. 3 Кулагі! На той час, калі яшчэ так не пачалася міграцыя людзей, было дзіўна. Дзе, здавалася, лепшае месца для жыцця, чым у Кулазе? 3 усіх бакоў лясы: і бярозавы гай, і Зімніцкі змешаны, і Па- лянінавіцкі. Вятроў не ведалі людзі, жылі як у бога за пазухай. А побач балотца, маленькае, але сваё. Маліна, дурніцы, чарніцы. А торфу колькі... I для скаціны раздолле. А сады? А пчолы? Толькі вось нешта карэнны жыхар Кулагі сабраў пажыткі на машьгау, памахаў рукой землякам і паехаў не куды-небудзь, а ў Абідавічы, абмінуўшы нават сваю цэнтральную сядзібу — Іскань.
Людзі, помню, падыходзілі тады да Семчанкі, каля калодзежа машына спынілася, шафёр булькаў у радыятар ваду, пыталі:
— I чаму ж ты, Мікола, так далёка?
— Хоць бы ў нас тут атабарваўся, калі далёка табе ў краму хадзіць.
А ён словам, бы рукой — наводмаш:
— Ехаць — дык зразу, каб дзесяць разоў не грузіцца!
Вось так. Ён не дэзерцір, не. Ён бачыў, можа, далей, як ніхто іншы, ды і чуткам верыў, а яны ўжо пачыналі тады гуляць. «Кажуць, нас будуць да абідаўцаў далучаць. Бытта Плотнікаў забірае». Плотнікаў — старшыня суседняга калгаса. Гаспадар быў, але трагічна абарвалася яго жыццё: аўтамабільная аварыя. I пайшлі мяняцца ў Абідавічах старшыні! Не да Іскані было, тут хоць бы самім разабрацца, што да чаго.
Мне ж хочацца паразважаць пра дзядзьку Міколу. Чаму ён з курортнага мястэчка пераехаў у гаманлівую, вялікую вёску? Пакрыўдзіў- ся на каго? 3 суседзямі пасварыўся? Не тое, думаецца, і не другое. Чалавека пацягнула да магазіна, да клуба, да школы (на той час у яго вучыліся ўнукі), да шашы. Так-так, і да шашы! Бо яму да яе восем кіламетраў было, зімой не кожны адважыцца штурмаваць сумёты, а трэба з'ездзіць, бывае, і ўрайцэнтр, у Быхаў, па самых розных справах. На аўтобус зімой, увесну і позняй восенню, калі замецена і гразна, надзеі ма- ла: забіта дарога, нават калі і трактар пачысціць, аўтобуснікі сваё гнуць: «Не паедзем у Іскань, ведаем, як туды ехаць!» Хоць ты яго іншы раз за руку цягні, паказвай, што можна і праехаць. Не знойдзеш управы.
Зразумееш дзядзьку Міколу. Я часта яго бачу, калі дабіраюся з шашы. Пастарэў, сядзіць на лаўцы перад хатай, ківае сваім землякам і думае, відаць, праводзячы іх позіркамі: «Вам яшчэ ісці трэба, а я — дома! I ўнукі ў школу не ходзяць у белы свет, яна побач. I сельскі Савет тут во...»
3 маленькіх вёсак пераязджаюць і сёння людзі. Сем'ямі. У Быхаў, Доўск.. Але больш — у Іскань. Паміраюць старыя, хаты застаюцца — выбірай любую, жыві. Ніхто, праўда, не выбірае, не жыве...
Калі нашы бацькі пераехалі настаўнічаць у Іскань, гэта было на пачатку пяцідзесятых, то намыкаліся па кватэрах. У Іскані было цесна. Хапіла з тым кватараваннем. I мы добрай купкай, і гаспадары пад адным дахам — не павярнуцца. Ты ж помніш, як цудам жыць застаўся, калі абварыўся кіпенем, у чыгун з гарачай вадой плюхнуўся. Нагі не было дзе паставіць. А помніш, як будаваліся? Каб дах над галавой займець, дзед Якаў прадаў апошняга парсюка, а маці з бацькам ашчаджалі ва ўсім — толькі б хата свая. А сёння — займай, жыві. Вунь іх колькі! У цэнтры Іскані нават цэлая вуліца з цагляных дамоў, але ўсе пустуюць. Няма каму саграваць іх цяплом. Разлічвалі, што моладзь кінецца ў катэджы, а моладзь, як і раней, кінулася ў горад. Жытлом адным не прывабіш. Ім, бач ты, патрэбна нешта больш значнае.. А што? Неонавыя агеньчыкі рэклам на кінатэатрах і магазінах? Лаўка ў скверы і будка з марожа- ным? Паспрабуй загляні ў душу хлопцам і дзяўчатам, падбяры ключ. А калі ўжо на тое пайшло, то хто іх упрошваў застацца? Едуць — няхай сабе едуць. А можна ж было сказаць: «Заставайцеся, родныя, у вёсцы. Залатыя горы не абяцаем ні сёння, ні заўтра, а магчымасць такую даём — зрабіце самі горы гэтыя! Вось вам поле, вось вам фермы, вось вам наш БАМ!»
Быў такі момант у біяграфіі Іскані, калі людзі з трывогай пачалі думаць: хто ж заўтра тут будзе жыць, зямельку песціць? А потым пачала заставацца моладзь, сама па сабе, стыхійна, гледзячы адзін на аднаго. I гэта ўсяліла надзеі. Застаўся ў калгасе Анатоль Кавалёў, бацька цягнуў яго ў Мінск да сябе, але ён не паслухаўся, ажаніўся з Марыяй Панадысёвай. Ён — трактарыст, яна — медычка. Медычка! Для вёскі — знаходка. Усе браты Ляльковы засталіся — Васіль, Уладзімір, Міхаіл і Дзмітрый. Трактарысты. Дамы для сябе пабудавалі, з маці жыве толькі халасцяк Дзмітрый. Але і для яго наваселле зробяць, калі ў бацькоўскай хаце не ўжывецца. Як мурашы хлопцы, адзін каля аднаго. Праўду гавораць: брат моцны братам. Людміла Іванаўна, іх маці, не нарадуецца. I наша, гледзячы на Ляльковых, сказала неяк: «Зайздрошчу я Люсі». Я адразу лаўлю яе на слове:
— А ты ж хацела, каб твае дзеці ў гарадах жылі?
— Тады хацела, а цяпер і ў вёсцы добра,— адказвае маці.