— Цяпер шмат хто шукае лёгкага хлеба, едуць, хто на цаліну, хто на Украшу, — адказаў хлопец. — А ў Крачках вы дзе жылі?
— На хутарах.
На тым гаворка скончылася. Воз пратарахцеў па брукаванцы, звярнуў на палявую дарогу, якая хутка прывяла ў невялікі лес, і раптам адкрыліся Крачкі. Гардзей з хваляваннем адразу заўважыў тры новыя будыніны побач з поплавам, астатнія хаты лёгка пазнаваў, згадваў гаспадароў, зазіраў у двары, дзе бавіліся нечыя дзеці і ўнукі. Жыццё ішло і не звяртала ўвагі на страты. Можа, толькі цяпер Гардзей з усёй трагічнасцю зразумеў самотнасць і неабароненасць чалавека, які мусіць трымацца за блізкіх людзей, бо нікому, акрамя іх, ён не патрэбны.
У канцы вёскі Рахубы папрасілі вазака спыніцца, падзякавалі і пайшлі да свайго хутара па дарозе, добра ўбітай калёсамі. Яны прыглядаліся да дрэваў, удыхалі родныя пахі і прыспешылі крок — хацелася хутчэй пабачыць свой хутар, хоць і ведалі з лістоў Паўліны, што хаты даўно няма, застаўся садок.
Сям’я спынілася на спустошаным двары, ад якога не засталося нічога, акрамя каменнага грудочка, дзе стаяла печ, якая некалі грэла і цешыла, якая карміла і радавала, а цяпер нагадвала магільны курганок. Ораст сарваў зялёны яблык, надкусіў, пажаваў, зморшчыўся і выплюнуў.
— Усё расцягнулі, — злосна сказала Зося.
— А ты думала, што цябе тут палац чакае? — пахмурна пасміхнуўся Гардзей.
— Хоць бы печ пакінулі!
— Печ кожнаму трэба.
— Гардзей, як ты можаш быць такім спакойным?
— Я шчаслівы, што мне галаву не адкруцілі, а хату паставім новую.
Раптам знаёмы голас аклікнуў іх:
— Каго я бачу! Рахубы вярнуліся! Каб вы здаровенькія былі!
Да іх, накульгваючы, ішоў Леванюк, ведучы ў руках веласіпед.
— Здароў быў, землячок, — стрымана адказаў Гардзей.
— Ну што, разнёс хату, а цяпер прыехаў нашаму няшчасцю парадавацца? — пайшла ў наступ Зося.
— Дарэмна ты на мяне. Праўленне калгаса забрала вашу маёмасць, я тут ні пры чым, — пачаў апраўдвацца Леванюк. — Няма пра што шкадаваць, старая ваша хата была, нічога не вартая. На дровы пусцілі. Купляйце новае дрэва, я вам такую хатку выштукую! Ого-го!
Зося грэбліва акінула постаць Леванюка і спытала:
— А чаго гэта ты з начальства ў простыя лезеш?
— Ды я даўно ўжо ў простых хаджу. Прыйшлі нам на змену маладыя, граматныя. А мы сваё адпрацавалі, адслужылі Айчыне.
— Як твая Надзя, як сям’я? — спытаў Гардзей.
— Няма Надзі, пахаваў. Паляжала з месяц у бальніцы ў Жабінцы. Потым дактары кажуць, маўляў, забірайце, няхай дома далечваецца. Нейкіх там парашкоў надавалі. Яна іх піла, піла. Аднойчы не прачнулася. Лёгкая смерць. Дай божа кожнаму. У труне ляжала такая прыгожая, заспакоеная, нават не верылася, што нежывая. Застаўся адзін, з дачкою Аленаю. — Леванюк шморгнуў носам.
Зося згадала Серафіма і сваю віну перад ім, што не пайшла на пахаванне, нічога не зрабіла, каб пахавалі яго па-чалавечы і спытала:
— Дзе пахаваў яе? Побач з Серафімам?
— Яшчэ чаго не хапала! Я яе сапраўдны муж, са мною побач яна і павінна ляжаць.
— Адыходзяць людзі, — ціха прамовіў Гардзей.
— Адыходзяць. Адна вайна колькі забрала....
— Годзе стаяць, як на могілках, — сказаў Гардзей.
Рахубы рушылі да хутара Карпа, дзе жыла аўдавелая цётка Агатэля.
— Дык майце на ўвазе: я вам хату пастаўлю! — крыкнуў наўздагон ім Леванюк, сядаючы на веласіпед.