— Няма ў мяне ніякага брата.
— А Серафім табе хіба не брат?
Зося не адказала, павярнулася і пайшла ў хату. Паўліна засталася гутарыць з Леванюком, жадаючы згладзіць дзёрзкасць нявесткі, якая неабачліва магла сказаць усё, што ў галаву ўзбрыдзе. Леванюк жа — старшыня сельсавета, начальнік. Яшчэ напіша каму трэба — мала не будзе: муж жа — вораг. Вунь солтыса Баранчыка, як ворага, узялі разам з жонкаю. Дзе яны зараз — нават дачка не ведае. Так што трэба маўчаць.
14
Зося злавала на Серафіма і ягоную жонку. Лічыла іх вінаватымі ў смерці бацькі, нават вестка пра смерць брата не змякчыла яе сэрца, напоўненае трывогаю за мужа. Вайна скончылася, той-сёй з мужчын, хто быў на фронце, вярнуўся дамоў. Але ж на большасць прыходзілі пахавальныя, маўляў, загінуў смерцю храбрых... Пра Гардзея яна нічога не ведала. Было такое адчуванне, быццам спыніўся час. Зося нешта рабіла на полі ці ў хаце, а ўсё думала пра Гардзея, шкадавала, што не паспела ні нагледзецца на яго, ні нажыцца з ім.
— Зося, Серафіма заўтра будуць хаваць, — сказала Паўліна, заходзячы ў хату. — Леванюк кажа, што там такая галеча, няма нават з чаго труну зрабіць. У нас ёсць некалькі дошак. Можа б.
Зося павярнула да Паўліны злосны твар і сказала:
— Гэта мае дошкі! А яму няхай сельсавет дасць!
— Нядобра гэтак, Зося.
— Майго бацьку таксама без труны недзе закапалі па дарозе ў Сібір, а Серафім і пальцам не паварушыў, каб яго выратаваць. Вырас жа на нашым хлебе. На гэтай лаве спаў!
— Бог з табою, рабі, як хочаш. А я пайду на пахаванне.
— Бульбу трэба капаць, а не шукаць прыгод.
— Бульба пачакае, а чалавека трэба ў апошні шлях правесці. Няма ў мяне ніякае маёмасці, дык хоць паплачу. Можа ад маіх слёз яму лягчэй на тым свеце будзе.
На другі дзень Зося з сынам капала бульбу. Не пусціла яго ў школу, няхай памагае. Хлопчык з задавальненнем гробся ў зямлі. Школу ён не любіў. Неяк піянерважатая ўпікнула Ораста, што ягоны бацька служыў у немцаў. Хлопчык адчуў у яе словах варожасць да сябе, стаў пазбягаць сустрэч з ёю. У піянеры яго не прынялі.
Ораст не вылучаўся сярод вучняў, але словы піянерважатай запалі ў душу. І ён спытаў у маці:
— Чаму кажуць, што мой бацька — вораг народа?
Зося выпрасталася, ласкава паглядзела на сына і адказала:
— Толькі дурань можа такое казаць. Не слухай нікога. Ніякі ён не вораг.
Яна абняла сына, прытуліла да сябе і сказала:
— Аднойчы ён вернецца, і ты ўбачыш, што твой бацька самы разумны, добры і прыгожы чалавек на свеце.
— Але ж ён працаваў на немцаў.
— Ён працаваў, каб мы з табою не памерлі з голаду, хоць сам быў хворы. Часта ў яго балела галава. А ён не думаў пра сваю хваробу, а клапаціўся, каб ты быў здаровы. У цябе ёсць адзін бацька, іншага не будзе, любі яго, які ёсць. Няхай яны на сваіх бацькоў глядзяць і іх судзяць. А ты свайго любі! — паўтарыла Зося. — А цяпер давай працаваць, бо нас тут з табою і зіма напаткае.
Ораст задумаўся, пачаў моўчкі выбіраць бульбу, дапамагаць маці.
Па абедзе да іх далучылася Паўліна, якая прыйшла з пахавання Серафіма.
— А чаму ты на памінкі не засталася? — здзівілася Зося, — убачыўшы яе.
— Якія там памінкі? Можа, Надзя і паставіць якую пляшку самагонкі ды міску гуркоў на закуску тым хлопцам, што магілу выкапалі. Пахавалі Серафіма ў скрынцы. Астанкі нейкага немца выкінулі, а туды яго паклалі. Палатном накрылі ды апусцілі ў магілу. А Леванюк яшчэ і прамову нейкую сказаў. Не сорамна яму! — Паўліна ўсхліпнула, выцерла вочы, села на зямлю, стала разграбаць корч бульбы.
— Ад чаго ён памер?
— Счарнеў увесь. Кажуць, жоўць разышлася. Увесь год хварэў.
У Зосінай душы варухнулася жаласць да брата, бо не салодкае жыццё выпала яму, сіраце. Усялякі саб’ецца з тропу без падтрымкі і нагляду. Рос, як трава пад плотам, хто наступіць, хто прытопча, хто плюне.
— А Надзя засталася з двума дзецьмі на руках. Той немчык яшчэ зусім малы. А такі прыгожанькі, як лялька.