– А запісвацца будзем на тваю «Ноту». – Бас-гітарыст пасьпяваў першым рэагаваць на словы бубнача.
– Годзе цырк ладзіць, мы сур’ёзнае пытаньне абмяркоўваем. Як карабель назавеш, так далей і паплывеш. – Алесь Кузьмін, якога сябры звалі дзіўнай мянушкай Фула, вакаліст гурта, вырашыў навесьці парадак на сходзе калектыву. Засталося яшчэ алоўкам пастукаць па графіне.
– Ну вось і я кажу: заёбіста паплывем. – Бубнач зноў засьмяўся сваім дэфэктыўным сьмехам, адкідваючыся ўсім целам назад.
– Ну дэбіл, што зь яго возьмеш. – Бас-гітарыст устаў, падыўшоў да бубнача і выпісаў яму поўху.
– Толькі бяз рукапрыкладства, – працягваючы сьмяяцца, бубнач накрыў сваю галаву рукамі.
– Макс, сядзь на месца. А ты, Сьвідрыцкі, харэ блазнавацца. – Фула павярнуўся да лідар-гітарыста і сказаў: – А ты чаго, Дракеша, маўчыш? Скажы хоць штосьці.
– Сьвідрыцкі, і праўда, харэ хернёй займацца. Няма часу зубы сушыць. Давайце па-сур’ёзнаму.
– Час – гэта грошы, толькі чамусьці я гэтых грошай ніколі ня бачыў, – Сьвідрыцкі перастаў сьмяяцца і змяніў тэму.
– Заўважу, што мясцовы час ужо дваццаць сорак. Крамы вось-вось зачыняцца. – Макс паглядзеў на гадзіньнік і пляснуў рукой па сьцягне. Затым дастаў з кішэні нагавіц гаманец, палічыў у ім стосік дробных банкнотаў.
– А чаму б не назваць наш гурт «Мясцовы час»? – неяк няўпэўнена, нібыта пускаючы пробны шар, прапанаваў Фула. – З аднаго боку і патрыятычна атрымліваецца, маўляў, прыйшоў наш уласны час – беларускі. І, зь іншага боку, ня ў лоб. Хто ня ў тэме, той не зразумее.
– «Мясцовы час» дык «Мясцовы час» – пара разьбягацца, – Макс зноў дастаў з кішэні гаманец.
– Сьвідрыцкі, палова назвы твая, палова – Фулы. Таму вы і прастаўляеце, – адчуўшы, што кампраміс блізкі, узрадаваўся Дракеша.
– А ўсё ж «Заёбісты час» лепш. Але лады, супраць калектыву не пайду.
На твары Сьвідрыцкага зноў зьявілася блазнаватая ўсьмешка. Відавочна, бубнач быў задаволены, што ягонае выдурваньне завершылася канструктыўна.
– Ну тады ў першым чытаньні прымаем пастанову пра назву гурта – «Мясцовы час». Хто за – падняць руку. Хто ўстрымаўся? Хто супраць? Прынята адзінагалосна! – Фула ўстаў і запляскаў у далоні. Астатнія таксама паўскоквалі са сваіх месцаў.
Кожнага чакалі ўласныя справы. Толькі Сьвідрыцкі нікуды не сьпяшаўся. Ён сеў за свае бубны і талеркі і выканаў троххвіліннае сола.
* * *
Я сустрэў яго выпадкова. У цэнтры Полацка віравала сьвята горада. Усё гудзела і рухалася ў нейкім млявым, павольным рытме. Са сцэны на плошчы кагосьці віншавалі. А аднекуль зь іншай сьвяточнай пляцоўкі далятала занудная, траскучая музыка, якая глушыла словы выступоўцаў, ператвараючы ўсё ў балаган.
Ён стаяў пасярод пляца Свабоды зь дзьвюма дзяўчынамі… Дракешу я ня бачыў, магчыма, гадоў пятнаццаць. Лідар-гітарыст «Мясцовага часу» зусім не зьмяніўся. Толькі яго гнілыя пярэднія зубы сьведчылі, што час няўмольны. Мы цёпла павіталіся і нават абняліся.
– Як ты? – спытаць нешта больш сэнсоўнае ў мяне адразу не атрымалася.
– Я па-ранейшаму пры музыцы. У Доме культуры… – Дракеша таксама ня ведаў зь якой старонкі постмясцовагачасу пачаць распавядаць.
– Чуў, што няма ўжо Сьвідрыцкага. – Я даведаўся пра гэтую трагедыю ад Руслана, клявішніка «Мясцовага часу», зь якім пэрыядычна кантактаваў праз Фэйсбук і скайп.
– Ну так, няма Свідрыгона, – Дракеша глыбока ўздыхнуў і заціх.
Я чакаў, што ён нешта распавядзе, удакладніць. Але Дракеша зь нейкай штучнай усьмешкай на твары маўчаў.
– І што здарылася? – усё ж я хацеў пачуць вэрсію трагедыі ад Дракешы.
– Забілі. Знайшлі ў пад’езьдзе зарэзаным, – сказаў і зноў змоўк. Распытаваць далей не схацелася. Трэба было зьмяніць тэму і я спытаў зусім пра іншае:
– А праўда, што напачатку тэксты для песень пісаў Сьвідрыцкі?
– Ну так. Галоўным чынам ён і пісаў. Гэта затым ужо Фула да гэтай справы далучыўся.
Дракеша быў нешматслоўным, што абсалютна нехарактэрна для музыкаў. Звычайна ўсе яны гаваркія, а пра свае музычныя посьпехі могуць расказваць гадзінамі. За свае журналісцкія гады я ўдосталь наслухаўся ўзьнёслых маналёгаў.
Недзе за сьпінай гучна зайграў аркестр. Барабан манатонна адбіваў пульс. Я пачаў згадваць, ці сьпяваў калі-кольвечы на гэтай галоўнай полацкай сцэне «Мясцовы час». Не прыпомнілася. У 90-х такіх маштабных гуляньняў на Дзень горада не наладжвалі.