— Хлопчыкі, ну колькі можна, зараз выключу тэлевізар, — праз плячо паўкрыкнула Анжэла.
— Стой! Дай дагляджу!
— Я п'ян...
Немчык нарэшце звярнуўся да Дзікуна:
— Слухай, турыст з далёкіх астравоў, любімец публікі і жэнскіх абшчэжыцій. У цябе від даўно неп'юшчага чалавека! Рады бачыць пачценную публіку. Дык давай ужо пазнаёмімся ізноў. Я Аляксандр, для сваіх — проста Немец.
— Станіслаў. Для сваіх — проста Дзікун.
Зноўку паручкаліся.
— Немчык, у цябе ўжо дзясятая адвёртка ці дванаццатая? — Гэта падышла сінявокая бландзінка гадоў трыццаці пяці. Як пасля дазнаўся Дзікун, таксама барвуменка, Даша.
— Ваня што — праўда на «пяцёрачку» перайшоў?! — Даша не хавала свайго жаху.
— Так, Дашусік, на яе, на хрукалку, на «пятачок», — пацвердзіў Немец.
Даша няўхвальна пахістала галавой:
— Як ён цяпер карцінкі для целіка і білборды будзе маляваць? За што будзе жыць?
Павісла паўза.
— Вось такая макля, — развёў рукамі Немец і павярнуўся да Дзікуна. — «Пятачок» — гэта не пра наркотыкі. Наркотыкі тут нахер нікому не патрэбныя. Тут і алкаголь п'юць хутчэй са звычкі — традыцыя такая. А мне толькі алкаголь патрэбны. Я б бросіл піць, но как жыць без мечты?
Немец праз Уладзіка перадаў сваю шклянку да барнай стойкі:
— Пралангіруйце, будзьце любезны, алкагалісьцічаскі сектар.
Павярнуўся да Дзікуна:
— Знаеш, пацанчык, чаму я табе дапамог? У цябе выраз твару не такі, як тут. Не як у гэтых шлёцэкаў, — паказаў углыб бару, — не як у мяне і не як у Вані. Хер паймі які выраз твару. Я такіх на астраўных хутарах не бачыў. Вумны сільна ці што. Хоць бачу, што баец.
Немец адпіў са сваёй шклянкі. Уладзік быў пацягнуўся цокацца, але Немец парыраваў, маўляў, «я па сваёй праграме», і працягнуў:
— Бачу, Дзікун, разводзяць цябе на КПП, як кампот. І бачу, што ў чэла з хер ведае адкуль з Усходу пры сабе кнігі! Кнігі! Прыкінь? І кампакты. І я кажу сабе: «Будзь любезен, старычок, памажы хлопцу». Гэта ж не проста пілігрыміна нейкая. Ты адкудава нарысаваўся такі, дружышча? Можа, у вас там многа кніжак на тваім дзікім хутары, можа, давай зганяем туды, забарыжым разам? Ілі ну яго нахер, за табой пацанва стаіць? А ты тут рынкі збыту вывучаць пад'ехаў?
Немец кідануў недапалак у манументальную старажытных часоў каменную сметніцу і прамазаў:
— О-ба-на, трохачковы няўдас... Па былой трасе М4 няма гарадоў, і людзей з гулькін нос на астравах жыве. У іх усе кніжкі паскупляныя даўно. Вунь пункт прыёму інфармацыі ў порце «Чыжоўка» даўно барыжыць кантрабасам з Менску, бо мала інфармацыі прывозяць. Панімаеш, Дзікун, і тут ты — пацанчык такі незамутнёны з чыстымі, амаль не карыстанымі, кніжкамі. Што скажаш, дружышча?
— Ну.
— Нашы тут спачатку ўсе кніжкі ў Менск спіхнулі, а гадоў праз пятнаццаць пайшла мода, ціпа элітарная, для ізбранных — чытаць, бл@ць! А поезд цю-цю. Няма чаго чытаць. Пакажы, што ў цябе за кніжкі.
Як навучыў Альгердыч, грошы і каштоўныя рэчы Дзікун узяў з сабою. Немец зірнуў апошнюю, што засталася, кнігу, прачытаў назву «Падарак первай ночы».
— У Менску нават на тры капейкі не абмяняеш — нахвіг там каму трэба слёзнае абы-што, на каленцы напісанае. А ў нас такое мясцовая «цілігенцыя» чытае. А часцей на паліцу ставіць — па-багатаму выглядае. Пакажы дыскі... О, вось гэта рэальна на вагу золата ў Горадзе-Героі. Калі камп'ютары ў Менск прадавалі, дык заадно з музычнымі файламі. Цяпер усе на падсосе ў плане рэпертуару. У Менск такое не прадасі, але можна самім зарабляць. На дыскатэках. Ці здаваць дыскі ў арэнду. Замуцім бізнес, Дзікун?
Але Дзікун не адказаў, бо ў гэты самы час побач з барам затармазіў грузавік сярэдніх памераў, які меў выгляд пакладзенай на бок шафы з закратаваным акенцам пасярод дзверак, з якой выскачылі тры міліцыянты ў чорных масках. Пакуль двое трымалі на прыцэле наведнікаў бару, трэці схіліўся да Вані і ладзіў пэўныя маніпуляцыі. Ага, узяў кроў з пальца і засунуў у нейкую машынку з далонь памерам. Агрэгат пікнуў, паказаў на экранчыку нейкія лічбы, Ваню імгненна запакавалі ў грузавік, які адразу газануў, як закрыліся дзверкі «шафы».
— Навошта Ваня папёрся на вуліцу? — заплакала Анжэлка.
— А то яны ў бары не заходзяць, калі хочуць, — сумна парыраваў Уладзік.
— Свінавоз, — звярнуўся Немец да Дзікуна. — Свінавоз вязе людзей на Свінакомплекс. З кожным годам усё болей і болей.