— Чувакі нетутэйшыя, — узбуджана канстатаваў Гармозін, калі яны вярнуліся ў нумар.
— Бацькавы памагатыя, — дрогкім голасам азваўся Іван, закрыў твар рукамі і, па прыкладу вядомага кінагероя Казладоева, з роспаччу ў голасе дадаў: — Усё скончана!
— Э-э, браце, усё толькі пачынаецца. — Мішка сеў на ложак, укінуў у рот цыгарэту. — Ну, выганяць нас з гэтай канторы, дык хоць нейкай справай зоймемся.
Іван змаўчаў: пляснуўся поруч, пацёр знямелыя скроні. Хвілін пяць сядзелі моўчкі, і толькі калі ўнізе бразнулі дзверы, Іван ачнуўся і запытаў:
— Як там Нінэль?
— З’ехала ўчора.
— Куды?!
— У Крым. З Аўдошкам.
Іван адчуў раптам душэўную палёгку. Сэрца ягонае парывіста забілася, і ўваччу, зусім нечакана, паўстала Міла Сяргееўна. Жанчына ляжала на леапардавай шкуры, лашчыла мяцёлкай леапардавага хваста мочкі грудзей і клікала, клікала ў свае абдоймы.
Забойца анёла
У хаце, куды я ўладкаваўся на пастой, спяваў цвыркун, ціха рыпелі сцены і гучна, з хваравітым надрывам, кашляў гаспадар. Хата была вялікая, стаяла на высокім падмурку, і з вокнаў былі бачныя руіны царквы, лапікі руні на пагорках і шыхт згалелых таполяў на волжскім беразе…
Я напісаў гэтыя два сказы з неадчэпнай думкай: ці не перанесці дзею на родныя гоні? Бо што, уласна, зменіцца? Тая ж хата будзе ціха рыпець па начах, у цёмным запеччы будзе спяваць такі ж самы цвыркун, а на самой печы зойдзецца ад кашлю які-небудзь Ахрэм ці Базыль. Адно берагі будуць ужо не волжскія, а дняпроўскія, і на рачных берагах паўстануць не пірамідальныя таполі, а белабокія бярозкі. Палец ужо крануўся клавішы delete, каб сцерці набраны тэкст, ды тут жа адскочыў, падуладны ліхаманкавай думцы пра тое, што на дняпроўскіх берагах зроду не забівалі анёлаў.
У сакавіку 1988 года лёс закінуў мяне на Ніжнюю Волгу, у вялікую, на пяцьсот двароў, вёску Сіняглазку. У тых мясцінах, па глеістым волжскім дне, мусіла пралегчы нітка нафтаправода; я мусіў сачыць за тэхналогіяй зваркі труб, але будаўнікі часова з’ехалі на другі аб’ект і давялося цэлы тыдзень гультаяваць, блукаючы па рачных берагах, азіраючы руіны аграмаднай царквы, што грувасціліся пасярод Сіняглазкі, і штовечара чытаць мясцовую газетку «Комсомолец Каспия», якую выпісвалі гаспадары, у якіх кватараваў.
…«Я б на тваім месцы набыў ладны спінінг. Якраз лешч пайшоў», — казаў мне на развітанне напарнік — хударлявы дзядзька з татарскім прозвішчам Зіганшын, які дагэтуль кантраляваў якасць трубнай зваркі, а цяпер ехаў на адпачынак у родную Самару. Напарнік паклаў у бяздонны заплечнік пару балыкоў, вязанку сухарэбрыцы, спавіты ручніком трохлітровы слоік паюснай ікры: «Як трэба будзе ікра, звяртайся да чачэнцаў. Жывуць ля царквы, — ускінуў заплечнік на спіну і здушана прамовіў: — Толькі б да аўтобуса дацягнуць».
Хата стаяла на выселках, і да аўтобуса трэба было тупаць два кіламетры. Палову дарогі ішлі моўчкі — калега адно крэкаў ды тузаў напятыя лямкі, мне таксама было не да размоваў, бо руку адрывала цяжкая валіза, і толькі калі мы спыніліся, каб перавесці дух, Зіганшын зморана выдыхнуў: «Жыць тут можна… адно што хата далёка ад вёскі, ды гаспадар… таго… — палец напарніка крутнуўся ля скроні. — Блукае цэлымі днямі па двары, ні з кім не размаўляе».
Жыць у адной хаце з вар’ятам не надта хацелася, і я заклапочана пацёр навярэджаныя далоні.
«Ты не хвалюйся. Ён, Іван, ціхі: курыцы не пакрыўдзіць, — Зіганшын палез у кішэнь па цыгарэты, ды згадаўшы, што паліць няма калі — аўтобус праз дваццаць хвілін адыходзіў, — падхапіў заплечнік. — Кажуць, нармальны быў мужык: піў, на гармоніку граў. А гадоў пяць таму анёла падстрэліў».
«Як гэта?» — уразіўся я, намацваючы ручку валізы.
«Ну як… стрэліў у баклана, а з неба анёл зваліўся», — хмыкнуў Зіганшын, зірнуў на гадзіннік і патупаў, па-птушынаму ківаючы лысаватай галавою.
Аўтобус знік за паваротам, пакінуўшы па сабе гнятлівую цішыню і адбіткі колаў на тупкім жвіры. На душы стала непамысна, і я, не ведаючы, куды сябе падзець, два разы абышоў разбітую царкву, зірнуў пад знявечаныя скляпенні і, убачыўшы выяву Васіля Вялікага, траха не перахрысціўся: святы глядзеў на мяне з суровай пагардай, палічыўшы, відаць, што я забег у храм справіць малую патрэбу.
Да спісанай мацюгамі сцяны былі прыстаўленыя драбіны. Драбіны былі хісткія, небяспечна зыбаліся, і, пакуль па іх уздымаўся, ногі злёгку занямелі і сцяліся ад халодных дрыжыкаў. Па вышчарбленым уступе давялося сунуцца на карачках, а дапяўшы да цёмнага атвора, за якім пачыналіся вітыя ўсходы, я аддыхаўся і пашкадаваў, што палез на верхатуру.
Усходы заканчваліся невялічкай, спрэс заседжанай галубамі пляцоўкай, і першае, што ўбачыў, ступіўшы на рыплівы памёт, быў той самы чырвоны аўтобус. За хвілю рухавая кропка знікла з відавоку, і я з раўнівым сумам падумаў, што чырвоны мураш вернецца толькі праз месяц: гэтак жа павольна прапаўзе па стэпе і, ператварыўшыся ў рэйсавы аўтобус, страсяне на заднім сядзенні распаўнелага і пасвяжэлага пасля адпачынку Зіганшына.
Дзень быў пахмурным, краявід — урачыстым і простым, і чарада таполяў, што пазначала волжскі бераг, падзяляла сіратліва-насупленае неба і шэрую, нядаўна вызваленую ад снегу зямлю. Позірк слізгануў па хвалістым, падобным да дыяграмы павольнага дыхання, паску, за якім плыла матухна-Волга, і дзесьці над галавой незадаволена забуркавалі галубы. Я не ведаў птушынай мовы, але да сэнсу буркацення дапяў: галубы былі незадаволеныя тым, што я цэлы дзень блукаў па волжскіх берагах, а самой ракі так і не бачыў.
У стэпе відаць далёка, і далягляд здаецца блізкім, як дастаць рукою. Волжскі бераг таксама падаўся блізкім, але ішоў я да яго цэлую гадзіну, сюд-туд азіраючыся на бязвокую царкву, і радаваўся ёй, як старой сяброўцы, сустрэтай у далёкай і чужой краіне. Напачатку мясцовасць была пляскатай, як патэльня, потым пачалася шырокая лагчына, на дне якой ляжаў клін бруднавата-шэрага снегу, а калі я выбраўся з лагчыны і зірнуў наперад, дык не ўбачыў прырэчных таполяў. Перад вачыма распасціраўся неабсяжны стэп, і лінія небакраю была як ніколі высокай і раўнюткай. Шыхт шэраствольных, зачасаных угору таполяў знік у вечаровым сутонні, а разам з таполямі прыхавалася ад вачэй і вялікая расейская рака. Я прайшоў яшчэ пару сотняў метраў, пастаяў у непаразуменні, з трывогай назіраючы, як марнее дзённае святло, як цямнее і расплываецца відарыс царквы, і няпэўным крокам рушыў у адваротным напрамку. Пакуль ішоў лагчынаю, стала зусім цёмна, і я з вясёлым адчаем падумаў, што і Сіняглазка можа знікнуць, як зніклі прыбярэжныя таполі. Давялося паскорыць крок, потым кінуцца подбежкам і перавесці дых, пабачыўшы гронку мігатлівых агнёў на даляглядзе.
Цемра насунулася знянацку; яна пужала і адначас вабіла нейкай сваёй загадкавасцю. Мне чуліся далёкія крокі. Здавалася, нехта ішоў за мною, ступаючы след у след, і калі я спыняўся і наструньваў слых, да вушэй далятаў тупат ботаў і здушаны кашаль. Дзесьці я ўжо чуў гэткі кашаль, чуў грукат цяжкіх ботаў… Мне нават здалося, што ззаду ідзе гаспадар хаты! Здагадка халодным ледзяком кранулася душы, але тут жа растала, і я, працягла ўздыхнуўшы, падзівіўся сваім дзіцячым страхам.
Зрэшты, перапужацца было з чаго: незнаёмая мясціна, апраметная цемра… забіты анёл на балоце… Зіганшын распавёў пра анёла з вясёлым смяшком, маўляў, чаго не прытрызніцца па п’янцы. Але мяне той аповед уразіў. Уваччу нават паўстала карціна: балотная купіна, чалавек з дубальтоўкай і ля ягоных ног скрываўлены анёл — ляжыць, глядзіць на чалавека нежывымі вачыма. Карціна атрымалася такой яскравай, што давялося страсянуць галавой і — чаго раней ніколі не рабіў — перахрысціцца.
Я доўга блукаў у цемры. Мігатлівыя агні, на якія арыентаваўся, прывялі да нейкай фермы. На мяне накінулася вялізная псіна, якая сіпла брахала і намагалася куснуць за пятку. І, відаць, куснула б, калі б яе — кароткім мацюгом — не паклікалі з нутра прысадзістай, прапахлай выпетраным гноем будыніны. Псіна, падкурчыўшы хвост, пабегла на ферму, а я рушыў у супрацьлеглы бок, наіўна маракуючы, што менавіта туды і трэба ісці, а калі выйшаў на пагорак, убачыў за спінай новыя агні, і абуджаныя навакольныя сабакі віталі мяне залівістым брэхам.
Перад тым як пастукаць у дзверы, пацёр далонню тое месца, дзе білася знясіленае сэрца.
Адчыніў мне гаспадар — сівагаловы, сярэдняга веку чалавек: ён ліхаманкава бліснуў вачыма і засоплена, як пасля доўгай беганіны, адкашляўся.
«А раптам і сапраўды бег за мною? І ўляцеў у хату перад маім прыходам?» — я праслізнуў у пройму прачыненых дзвярэй, забег у свой пакой і, скінуўшы вопратку, падбіўся пад коўдру. Цела гуло ад стомы, павекі гарэлі ад недасыпу, але я баяўся іх звесці — неадрыўна ўзіраўся ў цёмныя вокны і слухаў, як рыпаюць масніцы, як роспачна, з глухім прыдыханнем кашляе гаспадар і дзесьці ў запеччы, як ніколі бадзёра і гучна, спявае цвыркун. Потым усё аціхла, вушы заклала пухнатай ватай; на кароткае імгненне я прачнуўся, бо здалося, што нехта — злавесны і няўклюдны — схіліўся над маім ложкам, і тут жа зноў абрынуў у сон, і ў сне, страшэнна стомлены, я ішоў голым стэпам і на даляглядзе дрыжэла і расплывалася ўваччу сцяна згалелых таполяў.