На твары варожкі адбілася ліловая водцень бліскавіцы, і гэта надало моманту жудаснай урачыстасці. Макеіха паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася разгубленай і насцярожлівай.
— А куды ж гэта мяне павязуць? Ці не на машыне з елачкамі?
— Ціпун табе на язык, — прамармытала былая настаўніца, хацела яшчэ нешта сказаць, ды тут знадворку так гакнула, што са столі, акурат на чырвовую дзясятку, сыпанула пацяруха.
Вятрыска шпурнуў у аконную шыбу жменю лёгкага пяску, следам паляцелі галінкі ссохлай вішні, што стаяла пад вокнамі, па даху штосьці настойліва заляскатала — ці не адарвалася шыферына, — і Макеіха, падхапіўшыся на ногі, улякнута заенчыла:
— Авой-авой, а ў мяне ж парнік не зачынены! Парве ветрам!
Па-старэчы трымаючыся за паясніцу, хістаючыся, як качка, Макеіха кінулася ў сені.
— Плашч накінь, змокнеш! — крыкнула ўслед ёй Аўрора Леанідаўна і таксама падалася з хаты.
…Поліэтыленавы парнік і сапраўды хадзіў ходырам і ўжо гатовы быў сарвацца з месца. Макеіха толькі і паспела прычыніць парніковыя дзверцы, як наляцела залева. Буйныя кроплі секанулі па твары — старой нават падалося, што гэта былі не кроплі, а дробныя каменьчыкі, — і сярод пошуму ветру і лапацення кропель па напятым поліэтылене пачула немы вокліч: «Глянь, ляціць!» І цяжка было зразумець, хто гэта крыкнуў: ці то суседка Аўрора, што стаяла на ганку, ці то сам Пярун са свайго грымотнага прадоння.
Штосьці вялізна-шаргатлівае мільганула над галавой, і ў той жа момант усё знікла: і сагнутыя ў дугу бярэзіны на ўзмежку агарода, і раз’юшаныя бліскі маланкі ў небе, і попельна-шэрая завеса дажджу навокал. Стала задушна, цёмна, і толькі кроплі-шраціны аглушальна ляскаталі дзесьці над самай галавою.
«Смертухна мая прыйшла», — з гэтай думкай старая прапаўзла пару метраў, але тут жа і самлела, тыцнулася носам у качан лапушыстай капусты.
— Дзе ты? — крыкнула тым часам Аўрора Леанідаўна, але вокліч яе пакрыў аглушальным выбух грому.
Напачатку Аўрора падумала, што Макеіха прыхавалася ад дажджу пад піўным намётам, што гэтак дарэчы абрынуў з неба, а потым, крыкнуўшы яшчэ раз, з жахам падумала, што небараку прыбіла маланкай.
Дождж лупіў як мае быць, і на двары ўтварылася разлеглая лужына, якую раз’юшана бамбардзіравалі непамерна вялікія кроплі. Аўрора скочыла з ганка, паслізнулася, плюхнулася ў лужу. Памкнулася ўстаць, ды неба над галавой раздзерла траскучая маланка, і выбірацца з лужы давялося на карачках.
Сцяна дажджу была такой шчыльнай, што за два метры не было нічога бачна, дый вочы засцілі струмені вады. Залева прыбіла піўную летамку да зямлі, яна пляската ляжала на лехах і толькі ў адным месцы прыкметна пукацілася.
— Ці жывая ты? — запыталася Аўрора, абмацаўшы Макеішын азадак. — І праз шалёнае лапаценне дажджу аб цырату Аўроры падалося, што пад намётам ціха застагналі. Кабета адкінула намёт, схапіла небараку пад пахі, паспрабавала сцягнуць з капусных лехаў.
— Суседаўна, чуеш?… толькі не памірай!
Макеіха, падобна, была жывая, бо пад пахамі ў яе было цёпла і вусны злёгку варушыліся. Падцягнуўшы суседку да паркана, Аўрора зморана плюхнулася на лясе, уголас пралепятала:
— Божухна, а куды ж я цябе цягну?
Перабіраючы рукамі штыкеціны, жанчына стала выбірацца з агарода, падабрала па дарозе згубленую басаножку і ўжо амаль непрытомная ўвалілася ў хату.
Пальцы зусім занямелі, і «хуткую дапамогу» Аўрора набрала толькі з чацвёртага ці пятага разу. Потым яна зняла з сябе прамоклую сукенку і, пашнарыўшы вачамі па пакоі, падхапіла з крэсла лінялы Макеішын халат.
Жанчына выйшла на ганак, і навакольны свет падаўся ёй дзіўным і незнаёмым. І гэта ад таго, што пад вокнамі ўжо не было старой вішні — яна, як і яе гаспадыня, ляжала ля паркана, наставіўшы ўгору востра-зламаны, брунатнага колеру камель. Завеса дажджу рассунулася, наўкол павіднела, і Аўрора адчула раптам, што глядзіць на свет іншымі вачыма і што навальніца змяніла не толькі двор, але і саму яе. Штосьці змянілася, перайначылася ў душы. У той момант яна нават забылася на Макеіху і проста стаяла пад паветкай, з дзіўнай асалодай назіраючы, як аціхае залева. Старая настаўніца ўсё жыццё пражыла на самоце і саромелася гэтага. І заўсёды прыспешвала крок пад слінявымі позіркамі суседак — старых пенсіянерак, што днямі поркаліся ў агародах, пад вечар глядзелі серыялы, а ўвечары збіраліся тут, ля Макеісішынай хаты, каб папляткарыць ды панаракаць на сваіх баламутных зяцёў ды нявестак. Яна і варажыць пачала — на картах і на кававай гушчы — каб убіцца да іх у давер, і нават пачала гаманіць на іхнай мове. І вось цяпер, дыхнуўшы азону, адчула, як сорам выпетрыўся з душы і замест яго там угняздзілася высакамерная грэблівасць да гэтых цёмных і неадукаваных пляткарак, да гэтай вуліцы і да ўсяго гэтага няўклюднага свету.
Струмені вады, што ліліся з паветкі, зрабіліся зусім ценькімі, разбэрсаныя хмары яшчэ кінулі некалькі буйных кропляў, уваслед ім сыпанула цёплая імжа, прыемна крануўшыся шыі, але неўзабаве і яна сунялася. І апошняя грымота пакацілася за далягляд — усё адно як хтосьці вялізны і грозны пратупаў па небе. І да яе незласлівага вуркатання далучыўся перарывісты гуд машыны «хуткай дапамогі».
На двары з’явіліся дзве маладухі ў белых халатах. Яны ўважліва абміналі лужыны, пра штосьці гаманілі, але, убачыўшы мокрую і завэдзганую хворую, што ляжала скраю агарода, збянтэжыліся. Але толькі на імгненне, бо тут жа скочылі праз лехі, прыселі на кукішкі. Маладая лекарка прыўзняла хворай павекі, намацала пульс, штосьці — каротка і няўцямна — сказала медсястры. Тая адчыніла валізу, дастала шпрыц, і Аўрора Леанідаўна, якая надта ж баялася ўколаў, адышла да весніц. Паклаўшы рукі на брамку, зірнула ўздоўж вуліцы. Па вулцы, збоку крамы, шпаркай хадою ішлі трое мужчынаў. Яны круцілі галовамі, заклапочана азіраліся, і Аўрора Леанідаўна махнула ім рукой.
Праз вецце зламанай грушы было бачна, як маладухі паклалі хворую на піўны намёт — галава пры гэтым уперлася ў літару «О», а ногі спачылі на літары «В», — лекарка цісканула гумовую грушу, моўчкі кіўнула сястры, і тая пабегла да машыны, скалануўшы паветра агідным пахам лекаў. Сівагаловы кіроўца выцягнуў з машыны насілкі, гэтаксама моўчкі кіўнуў рабацягам, што падышлі да хаты, і неўзабаве, сапучы і дробна перабіраючы нагамі, мужчыны вынеслі Макеіху з двара.
— Што ж вы сваю халеру не замацавалі? — Аўрора Леанідаўна паспрабавала надаць голасу суровыя ноткі.
— Н-не п-паспелі… в-віхор наляцеў, — праз сілу выдыхнуў адзін з рабацяг, зачапіўшыся плечуком за пацямнелае ад дажджу шула весніц.
«Хуткая» ад’ехала не адразу. Праз акно было бачна, як хворай ставяць кропельніцу — нечая рука трымала бутэлечку. Нарэшце машына завялася, праехала колькі метраў, заднія дзверы прачыніліся, і медсястра, вытыркнуўшыся з проймы, радасна крыкнула:
— Ажыла! Просіць, каб вы хату замкнулі ды нейкай Людзе патэлефанавалі.
Аўрора Леанідаўна доўга глядзела ўслед легкавушцы, якая паволі калывалася па вуліцы: Прафінтэрнаўскую ўвесь час перакопвалі, і асфальт скрозь прасеў, — і калі тая, даехаўшы да крамы, павярнула направа, уголас прамармытала:
— А вось жа паехала на казённай машыне…