Адсутнасьць палонных на тым месцы, дзе яны пакінулі іх, надзвычайна зьдзівіла піратаў. Чайкі стаялі на месцы. Яны падумалі, што Джон Гоф павёў іх у глыб вострава пагуляць. Яны пачалі клікаць яго, як маглі, але адказу ня было. Яны страшэнна лаяліся, бо, як відаць, ня ведалі, што рабіць: ці шукаць палонных на востраве, ці зварачацца на карабель.
Толькі адзін з матросаў прапанаваў пайсьці шукаць, а ўсе іншыя протэставалі і казалі, што ня варта бадзяцца па незнаёмым востраве.
На гэта адзін з іх заўважыў, што пападзе ім, калі яны вернуцца без таварыша. Нарэшце, яны рашылі сесьці і чакаць прыходу Гофа.
Стомленыя падарожаю, а таксама сваім бунтарствам, яны паступова адзін за адным моцна заснулі.
Я асьцярожна дапоўз да іх. Яны так моцна спалі, што я лёгка выцягнуў у іх пісталеты.
Толькі я скончыў гэту справу, як убачыў капітана, Джон Гофа, містэра Эвэліна і ўсіх іншых. Цяпер яны добра былі ўзброены, і праз колькі хвілін бунтары сталі палоннымі.
Капітан пачаў хваліць мяне. Містэр Эвэлін пачаў гутарыць з Рэйхардт. У гэты момант, калі я гутарыў з капітанам, раптам кінуўся да мяне містэр Эвэлін, абняў і назваў мяне сваім унучкам.
Тайна хутка высьветлілася. Містэр Эвэлін меў за апошнія часы гандлёвыя няўдачы. Сын яго былога канторшчыка, капітан карабля, які належаў Паўднёва-Амэрыканскаму таварыству, зьбіраўся ў гэты час у плаваньне.
Містэр Эвэлін рашыў далучыцца да яго. Ён хацеў пашукаць сваю даўно прапаўшую дачку і яе мужа. Ён даўно ня меў ад іх ніякіх вестак.
Мы накіраваліся да мае хаткі. Па дарозе ён пытаўся у Рэйхардт, як мае імя, і відаць было, што ён вельмі зацікаўлены мною. Рэйхардт падрабязна расказала яму ўсю маю гісторыю і гісторыю Джаксона і запэўніла яго ў тым, што хоць ён страціў сваю дачку, сын яе бязумоўна ёсьць, і ніхто іншы, як гэты „Маленькі дзікун", які толькі што выратаваў яго з бяды.
Рэйхардт вярнулася з намі ў Англію на караблі капітана Монвэрса. Калі дзед даведаўся, што яна многа чаму наўчыла мяне, ён рашыў, што яна будзе жыць з намі да канца свайго жыцьця. Перад ад‘ездам з вострава мы паказалі дзеду і ўсім іншым усё, што мы стварылі за час свайго побыту на ім.
Усе страшэнна былі зьдзіўлены тым, што мы амаль на голай скале стварылі такую прыгожую фэрму. Я паказаў ім тыя месцы, дзе вёў барацьбу з пітонам, акуламі.
Мы хутка і шчасьліва прыехалі ў Англію. Чытачы будуць вельмі здаволены, што „Маленькі дзікун“ высадзіўся ў Плімуце і яго з радасьцю спаткалі ў Лёндоне, у доме свайго дзеда.