— Я схібіла,— сказала яна,— гэта ты мусіш туды ісці. Ты станеш іхнім каралём, а не ён. Ты вялікі, ты моцны, у цябе кіпці і зубы...
— Як вам падабаюцца яе жарты? — спытаўся ў мяне граф.— Матухна, ці ты ведаеш дарогу? — пацікавіўся ён у старой.
Яна паказала яму рукой на лес.
— Туды? — перапытаў граф.— А балота? Як яго перайсці? Вы ведаеце, пане прафесар, там, дзе яна паказала,— непраходнае балота, возера вадкай гразі, зарослае зялёнай травой. Летась я параніў аленя, і ён кінуўся ў гэтае д’яблава балота. Я бачыў, як ён павольна, павольна апускаўся... Праз дзве хвіліны былі відны ўжо толькі рогі. Хутка ён знік увесь, а за ім два мае сабакі.
— Але я не цяжкая,— ашчэрылася старая.
— Я думаю, што ты пералятаеш балота вельмі проста — на мятле.
Вочы старой пыхнулі злосцю.
— Паночку,— зноў працяжна загугнявіла яна,— ці не дасі старой беднай жанчыне тытуню на люльку? — і дадала: — Лепш шукай дарогі праз балота, чым ездзіць у Даўгялы.
— Даўгялы! — граф пачырванеў.— Што ты хочаш сказаць?
Мімаволі я заўважыў, што слова гэтае зрабіла на яго дзіўнае ўражанне. Ён відавочна збянтэжыўся, апусціў галаву і, каб схаваць замяшанне, узяўся развязваць капшук з тытунём, што вісеў на тронку паляўнічага нажа.
— Не, не ездзі ў Даўгялы,— паўтарыла старая.— Белая галубка не для цябе. Так, Піркунс?
У гэты момант з-пад каўняра кажушка паказалася змяіная галава. Змяя паднялася да гаспадынінага вуха і, відаць, адмыслова навучаная, пачала разяўляць пашчу, быццам гаворачы.
— Ён кажа, што я маю рацыю,— дадала старая.
Граф сыпнуў ёй у руку жменьку тытуню.
— Ты мяне ведаеш? — спытаўся ён у яе.
— Не, паночку.
— Я — мядзінцілтаўскі гаспадар. Прыходзь да мяне гэтымі днямі. Я дам табе тытуню і гарэлкі.
Старая пацалавала графу ў руку і паспешліва адышла. Праз хвіліну яе ўжо не было відаць. Граф заставаўся стаяць у задуменні, рукі яго несамохаць завязвалі і развязвалі матузок капшука.
— Пане прафесар,— сказаў ён пасля доўгага маўчання,— вы, можа, будзеце смяяцца з мяне. Гэтая старая паскудніца ведае мяне лепш, чым вам здаецца, а дарога, якую яна мне паказала... Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Мяне ў наваколлі ўсе ведаюць, як аблупленага сабаку. Гэтая круцелька не раз бачыла мяне па дарозе ў Даўгялаўскі замак... Там ёсць панна на выданні, а гэтая каргота вырашыла, што я ў тую панну закаханы... Пасля які-небудзь малойчык даў ёй у лапу, каб яна абвясціла мне благі лёс... Усё гэта кідаецца ў вочы, і, аднак... яе словы мяне кранулі... Я амаль баюся. Вам смешна, і вы маеце рацыю... I праўда, я збіраўся ехаць у Даўгялы, а цяпер не ведаю, ехаць ці не... Але ж я і дурны! Ну, пане прафесар, вам вырашаць. Ці едзем?
— Абмяжуюся адной заўвагай,— засмяяўся я.— Што тычыцца жаніцьбы, я ніколі не даю парадаў.
Мы вярнуліся да коней. Граф спрытна скочыў у сядло і, адпусціўшы павады, крыкнуў:
— Хай конь вырашыць за нас!
Конь не вагаючыся ступіў на сцяжынку, якая, зрабіўшы некалькі паваротаў, вывела нас на брукаваную дарогу ў Даўгялы. Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі перад замкавым ганкам.
На тупат нашых коней з акна між фіранак высунулася бялявая галоўка. Я пазнаў падступную перакладчыцу Міцкевіча.
— Заходзьце, калі ласка! — запрасіла яна.— Вы прыйшлі ў самы добры момант, пане Шэмет. Мне якраз прывезлі з Парыжа сукенку. Вы мяне не пазнаеце — такая я буду прыгожая.
Фіранкі зашморгнуліся. Паднімаючыся на ганак, граф прабурчаў:
— Вядома ж, не дзеля мяне яна справіла гэтую сукенку...
Ён адрэкамендаваў мяне пані Даўгяле, цётцы панны Івінскай, яна сустрэла мяне вельмі прыязна і згадала мае самыя апошнія артыкулы ў «Навукова-літаратурнай газеце».
— Пан прафесар прыйшоў, каб паскардзіцца вам на панну Юльку, якая непачціва з яго пажартавала.
— Гэта яшчэ дзіця, пане прафесар. Трэба ёй прабачыць. Яна часта дакучае мне сваімі выбрыкамі. Я ў шаснаццаць год была разумнейшая, чым яна ў дваццаць, але яна ўсё ж добрая дзяўчына і мае ўсе адзнакі добрага выхавання. Яна выдатны музыкант, яна цудоўна малюе кветкі, яна аднолькава добра гаворыць па-французску, па-нямецку і па-італьянску... Яна вышывае...