Элісан Лэнгдан правяла пакутлівую ноч. Яна не заснула, пакуль не ўзышло сонца і не пратрубілі пад’ём. Увесь гэты доўгі час яе непакоілі сумныя думкі. На світанні ёй здалося, і яна была амаль упэўненая, што сапраўды бачыла, як нехта выйшаў з дома Пендэртанаў і падаўся да лесу. Потым, ледзь Элісан нарэшце заснула, яе абудзіў страшэнны шум. Янахуценька накінула на сябе халат, сышла па лесвіцы і стала сведкай скандальнай і недарэчнай сцэны. У сталовай яе муж з чаравікам у руцэ ганяўся вакол стала за Анаклетам. Маёр бегаў у шкарпэтках, але пры поўным парадзе, з усімі атрыбутамі для суботняга ранішняга агляду, так што начэпленая шабля брынкала, ляпаючы яго па сцягне. Убачыўшы Элісан, абодва адразу спыніліся.
— Ён зрабіў гэта наўмысна! — зароў маёр голасам, поўным абурэння.— Я пазнюся. Мяне чакаюць шэсцьсот чалавек. А тут глянь, не, ты зірні, калі ласка, што ён мне прынёс!
Чаравікі сапраўды ўяўлялі сумнае відовішча. Здавалася, што іх шаравалі з вадой, загадзя абсыпаўшы мукой. Яна насварылася на Анаклету і прасачыла, каб ён пачысціў чаравікі як належыць. Анаклета жаласна румзаў, але яна знайшла ў сабе сілу волі, каб не супакойваць яго. Скончыўшы чысціць, Анаклета прабурчаў нешта пра тое, што ўцячэ з дому і пачне гандляваць бялізнай у Квебеку. Яна занесла начышчаныя чаравікі мужу і аддала іх, не сказаўшы ні слова, але з папрокам у вачах. Адчуўшы боль у сэрцы, яна зноў лягла і ўзяла ў рукі кнігу.
Анаклета прынёс ёй кавы, а потым з’ездзіў у гарнізонны магазін, каб купіць усё неабходнае на выхадны дзень. Праз нейкі час, калі яна скончыла чытаць кнігу і глядзела ў акно на сонечны восеньскі дзень, Анаклета зноў зайшоў у пакой. Ён быў вясёлы і зусім забыўся пра вымову за чаравікі. Ён распаліў моцны агонь у каміне і ціхенька адчыніў верхнюю шуфляду камоды, каб трохі ў ёй пакорпацца. Анаклета дастаў адтуль крышталёвую запальнічку, што па заказе Элісан зрабілі з старадаўняга флакона нюхальнай солі. Анаклету настолькі спадабалася гэтая цацка, што Элісан ужо некалькі гадоў назад падаравала яму запальнічку. Тым не менш ён трымаў свой падарунак разам з яе рэчамі, каб мець магчымасць на законнай падставе адчыніць шуфляду, калі яму толькі захочацца. Анаклета папрасіў яе пазычыць яму акуляры і доўга ўглядаўся ў ільняную дарожку на камодзе. Потым ён ухапіў нешта нябачнае двума пальцамі і панёс да скрынкі смецця. Ён пра штосьці гаварыў сам з сабою, але яна не звяртала ўвагі на яго шчабятанне.
Што стане з Анаклетам, калі яна памрэ? Гэтае пытанне ўвесь час непакоіла Элісан. Морыс, канешне, паабяцаў не пакінуць яго ў нястачы, але чаго варта будзе гэтае абяцанне, калі Морыс зноў ажэніцца, а гэта здарыцца абавязкова. Яна ўспомніла, як сем гадоў назад на Філіпінах Анаклета першы раз з’явіўся ў іх доме. Якое сумнае маленькае стварэнне гэта было! Яго так мучылі іншыя служкі, што ён цэлымі днямі, як сабака, хадзіў следам за ёй. Дастаткова было каму-небудзь глянуць на яго, як ён пачынаў залівацца слязьмі і заломліваць рукі. Анаклету было семнаццаць гадоў, але яго хваравіты, разумны, збянтэжаны твар быў наіўны, як у дзесяцігадовага дзіцяці. Калі яна збіралася вяртацца ў Штаты, ён папрасіў, каб яго ўзялі з сабой, і яна згадзілася. Удваіх з Анаклетам яны змаглі б неяк пражыць разам на гэтым свеце, але што будзе рабіць ён адзін, калі яна памрэ?
— Анаклета, ты шчаслівы? — раптам спыталася яна.
Філіпінчык быў не з тых, каго можна было здзівіць нечаканым інтымным пытаннем.
— Ну, а як жа,— адказаў ён, не вагаючыся ні хвіліны.— Калі толькі вы адчуваеце сябе добра.
У пакоі было светла ад сонца і агню ў каміне. На адной сцяне водсветы ўтварылі вясёлку, і яна назірала за яе скокамі, слухаючы адным вухам ціхія разважанні Анаклеты. «Што мне цяжка ўявіць, дык гэта тое, што яны ведаюць»,— мармытаў ён. Вельмі часта ён пачынаў размову з такой вось цьмянай загадкавай заўвагі, і таму Элісан спадзявалася, што праз нейкі час ёй удасца ўлавіць сэнс. «Толькі праслужыўшы ў вас доўгі час, я сапраўды паверыў, што вы ведаеце. Цяпер я веру ўсім, апрача містэра Сяргея Рахманінава».
Элісан павярнула твар у яго бок.
— Пра што ты гаворыш?
— Пані Элісан,— адказаў Анаклета,— вы і праўда верыце, што містэр Сяргей Рахманінаў ведае, што крэсла — гэта тое, на чым сядзяць, і што гадзіннік паказвае час? I што, калі я здыму чаравік, паднясу да яго вачэй і спытаюся: «Што гэта, містэр Сяргей Рахманінаў?» — ён адкажа, як любы іншы чалавек: «Як што, Анаклета? Гэта — чаравік». Мне цяжка гэта ўявіць.
Сольны канцэрт Рахманінава быў апошні, на якім яны былі, і, на думку Анаклеты,— найлепшы. Што да Элісан, то яе не вабілі канцэртныя залы з натоўпамі людзей, яна лічыла за лепшае траціць грошы на грамафонныя дыскі, але час ад часу добра было вырвацца з гэтага гарнізона, і гэтыя паездкі складалі радасць жыцця Анаклеты. Хаця б таму, што начавалі ў гасцініцы, а гэта выклікала ў Анаклеты захапленне.
— Як вы лічыце: можа, калі я ўзаб’ю падушкі, вам будзе зручней ляжаць? — спытаўся Анаклета.
А вячэра пасля таго канцэрта! Анаклета ганарліва прыплыў услед за ёй у рэстаран пры гасцініцы ў сваім аранжавым аксамітавым пінжаку. Калі надышла чарга рабіць заказ, ён паднёс меню да твару і потым заплюшчыў вочы. Ён загаварыў па-французску, тым самым вельмі здзівіўшы афіцыянта-мулата. Яна ледзь не пырснула са смеху, але ўсё ж здолела стрымацца і пераклала, стараючыся быць як мага больш сур’ёзнай, нібыта была дуэньяй ці фрэйлінай. Але як ведаў Анаклета французскую мову слаба, зроблены ім заказ быў даволі дзіўны. Лексікон быў узяты з падручніка, па якім ён вывучаў французскую мову, з урока пад назвай «Агарод», і таму на вячэру былі заказаны толькі капуста, фасоля і морква. Таму, калі з уласнай ініцыятывы Элісан да яго заказу дадала кураня, Анаклета расплюшчыў на момант вочы і кінуў на яе хуткі ўдзячны позірк. Афіцыянты ў белых смокінгах нібы мухі пазляталіся падзівіцца на гэткі цуд, што вельмі ж узрушыла Анаклету, ён нават не дакрануўся да яды.
— А што, калі мы паслухаем музыку? — спыталася яна.— Давай паставім квартэт соль-мінор Брамса.
— Fameux [6],— адказаў Анаклета.
Ён паставіў першы дыск і падрыхтаваўся слухаць, сеўшы на зэдліку каля каміна. Але не паспеў яшчэ скончыцца першы пасаж — прыгожы дуэт фартэпіяна і струнных інструментаў, як нехта пастукаў у дзверы. Анаклета перагаварыў з некім у калідоры, зачыніў дзверы і выключыў патэфон.
— Місіс Пендэртан,— прашаптаў ён, узняўшы бровы.
— Я ведала, што калі пастукаю ў дзверы на першым паверсе, то давядзецца стукаць да канца свету, пакуль вы мяне пачуеце,— сказала Леанора, зайшоўшы ў пакой. Яна плюхнулася на ложак з такой сілай, што, здалося, нават лопнула спружына. Потым, успомніўшы, што Элісан дрэнна сябе адчувае, Леанора таксама пастаралася зрабіць хваравітую міну, бо ў яе ўяўленні менавіта так трэба было паводзіць сябе ў пакоі, дзе знаходзіцца хворы.— Ну, як? Зможаш сёння вечарам?
— Што змагу?
— Божа мой, Элісан! У мяне ж сёння госці! Апошнія тры дні я толькі тое і рабіла, што рыхтавалася да іх. Такія вечары я і наладжваю два разы на год.
— I праўда,— сказала Элісан.— У мяне гэта зусім выскачыла з галавы.
— Слухай! — сказала Леанора, і яе свежы ружовы твар зачырванеў ад прадчування жаданага эфекту.— Каб ты толькі бачыла цяпер маю кухню! Слухай, як усё будзе. У сталовай я рассуну стол на ўсю шырыню, і кожны будзе падыходзіць і накладаць сабе, што захоча. Прыгатавала пару віргінскіх шынак, вялікую індычку, засмажаную курыцу, нарэзаную халодную свініну, шмат смажаных свіных рэбраў, розныя закускі — марынаваную цыбулю, масліны, радыску. Да таго ж гасцям будуць падаваць гарачыя булачкі і сырнікі, у куце будзе стаяць ваза з пуншам, а тым, хто не захоча разбаўляць, я прыгатавала на буфеце восем літровых бутэлек віскі «Кентакі-бурбон», пяць — жытнёвага віскі і пяць — шатландскага. I яшчэ я запрасіла з горада акардэаніста.
— Але хто ж, напрамілы бог, гэта ўсё з’есць? — спыталася Элісан, праглынуўшы сліну, бо ёй зрабілася моташна.
— Уся хеўра,— з энтузіязмам усклікнула Леанора.— Я абзваніла ўсіх, пачынаючы з жонкі Старога Мілёнка.
«Старым Мілёнкам» Леанора называла генерала — камандуючага гарнізона, нават і калі звярталася да яго. З генералам, як і з іншымі мужчынамі, яна паводзіла сябе раскавана і пяшчотна, і таму не дзіўна, што генерал, як і большасць афіцэраў гарнізона, паслухмяна падпарадкоўваўся ёй. Жонка ў генерала была тлустая, марудлівая, сентыментальная і зусім не прывабная.
— Вось яшчэ чаму я вырашыла зайсці з раніцы,— сказала Леанора.— Ці не змог бы Анаклета наліваць пунш гасцям?
— Ён будзе рады памагчы табе,— адказала за яго Элісан.
Анаклета, які стаяў на парозе, не выказаў асаблівай радасці. Ён з папрокам глянуў на Элісан і пайшоў на першы паверх гатаваць абед.
[6] Выдатна (фр.).