— Давайце глядзець на месяц, — сказала яна. — Я не магу без яго, сведкі маёй самай вялікай радасці. Здаецца, ён беражэ ўсе мае ўспаміны, і варта мне паглядзець на яго, як ён аддае іх. І нават... часам, увечары... я цешуся мілым спектаклем... мілым... мілым спектаклем... калі б вы толькі ведалі!.. Ды не, вы будзеце насміхацца з мяне... я не смею... я не магу... не... не... праўда не магу...
Я ўпрошваў:
— Якім? Скажыце, абяцаю не смяяцца... клянуся вам...
Яна вагалася. Я ўзяў яе за рукі, лядачыя, худыя, халодныя рукі, і пачаў па чарзе цалаваць іх, як рабілі калісьці тыя. Акторка была ўзрушаная. Яна думала.
— Вы абяцаеце не смяяцца?
— Клянуся.
— Добра, хадземце.
Яна паднялася. І калі маленькі, няёмкі ў сваёй зялёнай ліўрэі слуга адсоўваў фатэль, яна ціха і таропка нешта шапнула яму на вуха. Ён адказаў:
— Добра, пані, хвіліну.
Яна ўзяла мяне пад руку і павяла на веранду.
Аранжарэя сапраўды дзівіла хараством. Высокая поўня раскруціла пасярэдзіне срэбную сцежку — доўгі светлы прамень падаў на жоўты пясок паміж купак змрочных дрэў.
Дрэвы былі ўсыпаны кветкамі, і ў начы разліваўся густы духмяны водар. У цёмнай зелені віравала безліч светлякоў, агністых жучкоў, падобных на рассыпаную жменю зорак.
Я ўскрыкнуў:
— О! Якая аздоба для сцэны кахання!
— Праўда? Праўда? Зараз вы ўбачыце.
І яна пасадзіла мяне побач. Яна прашаптала:
— Вось чаму мне так шкада мінулага. Вы, сённяшнія мужчыны, зусім не думаеце пра гэта. Вы біржавікі, гандляры і дзялкі. Вы нават развучыліся размаўляць з намі. Калі я кажу «з намі», я маю на ўвазе маладых. У наш час каханне часцей за ўсё пачынаецца з ганебнага разліку выдаткаў на краўца. Калі вы лічыце, што цана вышэйшая за жанчыну, вы знікаеце, але згаджаецеся плаціць, калі жанчына вартая большай цаны. Нішто сабе звычаі... нішто сабе каханне!..
Яна ўзяла мяне за руку:
— Глядзіце...
Я быў збянтэжаны і зачараваны... Там, у канцы прысадаў, па месяцавай сцяжынцы, апавіўшыся, трымаючы адно аднаго за стан, паволі ступалі прыгожая дзяўчына і хлопец; яны то траплялі ў зыркія кроплі святла, то зноў хаваліся ў цемры. Ён быў у белай сацінавай вопратцы мінулага стагоддзя і ў капелюшы са страўсавым пяром. А яна — у шырокай сукні з фіжмамі, з высокай напудранай фрызурай, якую насілі знатныя модніцы часоў Рэгенцтва.
Пасярэдзіне прысадаў за сто крокаў ад нас яны спыніліся і манерна пацалаваліся.
І тут я пазнаў двух маленькіх слуг. Я ледзь не зляцеў з крэсла ад прыступу смеху, які раздзіраў мне грудзі. Зрэшты, я не засмяяўся, а сцяў зубы і трываў, ад чаго мне рабілася яшчэ горш. Уявіце сабе хворага, якому рэжуць нагу і замест таго, каб скавытаць ад жудаснага болю, ён змушаны маўчаць.
Але юнакі павярнуліся і пайшлі ў глыбіню прысадаў, постаці іх зноў сталі казачныя. Яны аддаляліся, драбнелі, знікалі, як знікае мара. Яны пайшлі. Бязлюдная дарожка выглядала сумна.
Я таксама пайшоў, пайшоў, каб больш ніколі сюды не вяртацца. Я зразумеў, што гэты спектакль паўтараецца вельмі часта і абуджае напоенае каханнем і тэатрам мінулае, прывіднае, уяўнае і вабнае мінулае, якое здаецца прыгожым і папраўдзе было такое. Яно і цяпер жывіла душу былой камедыянткі і былой каханкі.
Пераклад: Сяргей Мурашка
Знак
Маркіза дэ Рэндон яшчэ спала ў сваім прыцемненым і напарфумаваным пакоі, у сваім нізкім і мяккім ложку, у бялізне з лёгкага батысту, тонкага, як карункі, пяшчотнага, як пацалунак. Яна спала адна спакойным, глыбокім і шчаслівым сном разведзенай жанчыны.
Яе абудзілі гучныя галасы, што даносіліся з маленькага блакітнага салона. Яна пазнала сваю дарагую сяброўку, баранесу дэ Гранжры, якая, хочучы ўвайсці, спрачалася з пакаёўкай, што бараніла дзверы сваёй гаспадыні.
Тады маркіза паднялася, адсунула засаўку, павярнула ключ, падняла парцьеру і высунула сваю галоўку, схаваную пад воблачкам бялявых валасоў.
— Што ў цябе здарылася, — спыталася яна, — што ты прыйшла гэтак рана? Яшчэ не прабіла нават дзевятая.