— Ён нікому не мог граць. Месяц таму назад, пад Браславам, на гары, проста ў яго ўдарыў Пярун! І давеку ўзяў яго з сабою. Мы тады ж пахавалі яго, праўдзівей, тое, што ад яго засталося, на ўзгорку на беразе возера.
Казаў ён гэта так, што ясна было, не хлусіць. Маладыя стаялі, нібы скамянелыя.
— А як жа мы... мы?... Як жа мы без яго?! І ён граў нам, граў... граў найлепшае, што чула зямля... Як быць нам?!
— Значыць, ён пашкадаваў ваша каханне... нават адтуль, дзе нічога не чуюць. Божа, ці станецца калісьці на такое мяне?! Ясна...
І тады тыя заплакалі. Такое на вяселлях бывае. Пачынаецца смехам, канчаецца слязьмі.
— Ясна, — сказаў Мірак. — Ясна, чаму ён быў першы. Заўсёды — першы.
— Пярун бярэ тых, каго ён любіць, — усё яшчэ ў слязах, сказаў Янук. — Але цяпер першы — ты. Нясі гэтую ношу.
— Першы... Так... Я першы... Божа! Божа мой! Я першы!.. Якое няшчасце!.. Якое вялікае гора! Я першы! Божа, якое няшчасце!
І ён заплакаў і стаў біцца галавою аб стол:
— Божа, вечна ваяваць... Без жонкі... без дзяцей... без радзімы, што пракляла... Божа! Быць першым!..
— Першым, — сказаў Янук. — Самым слабым і самым магутным на свеце.
— Самым няшчасным, — сказала Марта, — і самым укаханым.
— Самым жабрацкім, — сказаў Мірак. — І багацей за ўсіх у свеце.
— Самым рахманым і самым мужным, — сказалі ўсе.
І яны глядзелі ў ноч, куды клікала іх (і ніколі не перастане клікаць) ягоная песня, даўно пакладзеная з ім у дол.
Ды хіба можна пакласці ў дол чырвоныя арабіны, і тупат коней, і курганы, і спеў верасу на пустках, і сэрцы нашых людзей, і наш край?! Які б ты на ім драны-падзерты ні быў?!
А калі цяжка?
Уладзімір Караткевіч
Лятучы Галандзец
І
Паэт Лявон Касачэўскі даведаўся, што яму здрадзіла нявеста.
Месца, у якое ён уцёк гаіць сардэчную рану, было рыбацкім латвійскім гарадком, маленькім, як цацка. Уранку Касачэўскі прачнуўся, пачуў, як дождж шапаціць па лісцях, і засмяяўся, што няма больш нявесты, усё засталося ззаду, што прыйшла, магчыма, другая маладосць.
Але такое пачуццё было толькі ў першы дзень, пасля вярнулася туга. Ён сумаваў па Анэлі, па яе бязвольных далонях, па нахабных прыжмураных вачах. Пасля адышло і гэта, і толькі травяністы пах першых астраў нагадваў яму часам мінулую восень, шчасце.
Гарадок быў увесь заплецены мокрымі сецямі, прапахнуў рыбай і ёдам. Гэта была спрадвечная Балтыка, не захватаная да агіды рукамі цікаўна-абыякавых турыстаў. Пасівераныя рыбакі, бабулі з вялікімі чорнымі рукамі, бялявыя дзяўчаты.
І, вядома, дзюны — прыбалтыйскія піраміды з іхнім халодным пяском, спічастымі верхавінамі і жоўтай, таксама халоднай істужкай вячэрняй зары, што гарыць над імі.
Лявон атрымаў якраз ганарар за кнігу і вырашыў жыць тут, сціпла і бедна, да таго часу, пакуль хопіць грошай. Яму абрыдлі камяніцы горада, брудная рэчка, спрэчкі ў рэдакцыях. Абрыдла і вёска, дзе жыла яго адзіная сястра і дзе ён стаў амаль такім самым паважаным чалавекам, як Аўтух Купа, сын цёткі Юхіміхі, сяржант мінскай міліцыі.
Ён не хацеў сустрэч з людзьмі, і людзі не ведалі, што гэты непрыгожы чалавек год трыццаці — вядомы паэт. Яны проста бачылі яго нязграбную моцную постаць, шырокія крокі, якімі ён мераў чысцюткія вуліцы гарадка. А ён любіў толькі кампанію дзяцей і вельмі старых рыбакоў, ды і то рэдка.
Звычайна ён браў з сабою сабаку гаспадыні, істоту рухавую і дрэнна выхаваную, і забрыдаў на цэлы дзень куды-небудзь далёка ў поле або на дзюны. Надыбаўшыся да таго, што ставала млосна ў нагах, ён сядаў на пясок і сумленна дзяліў хлеб з сабакам, пасля клаўся на зямлю дагары тварам і сачыў за хмарамі, а сабака, атрымаўшы ўсё, што трэба, здрадліва кідаў яго і бег кудысьці па сваіх сабачых справах.
Лявону было цяжка... Да дваццаці васьмі год ён жыў жыццём чыстым і халодным, не разумеючы сяброў, якія проста так хадзілі "на вечарок" сёння да адной, праз тыдзень да другой і казалі, што гэта натуральна, што ўсім кабетам толькі таго і трэба. Ён быў па-пурытанску, насуперак усяму, упэўнены, што каханне — гэта зусім не тое, што рабілі сябры. Ён не папікаў сяброў, ён ведаў, што большасць людзей гэтага проста не ведае, — але для сябе выбраў другі шлях: або ўсё, або нічога.
І тут прарвалася тое, жахлівае, што аж дагэтуль мучыла ўсю яго істоту.
Яшчэ і яшчэ раз ставіў ён перад сабою пытанне, якое з пачатку дзён ставяць усе вельмі разумныя, але вельмі дурныя мужчыны: "Што я ў ёй знайшоў?" Гожая, з наўскос прарэзанымі вачыма, падобная на егіпцянку — людзі на вуліцах азіраліся на яе. Хіба што толькі гэта?