— Так, усе, мне надакучыла, я змарылася, — прастагнала Іра.
— Спадзяюся, што не ад мяне?
— І ад цябе, у некаторай ступені, таксама.
— Я тут заўважыў незвычайную адмысловасць: усе рыжыя са сваім асаблівым “прыветам”. Няўжо ўся справа ў колеры?
Іра зморшчыла лоб.
— Толькі не трэба несці гэтую абывацельшчыну, мяне зараз званітуе.
— Ты скажы калі, я адсунуся.
— І не падумаю.
Дзяніс пачаў вызваляцца з-пад яе рукі, але Іра не дазволіла.
— І ўсё ж, — змірыўся ён, — рыжыя людзі — цікавы феномен чалавецтва і майго жыцця прынамсі. Шчыра кажучы, паў гады таму, да дзяўчын з такім колерам валасоў я ставіўся негатыўна. Насамрэч рыжыя людзі не вылучаюцца прыгажосцю. Ёсць, вядома, выключэнні, але іх вельмі мала, як у, прыватнасці, і саміх золатавалосых стварэнняў.
— А як жа ірландцы і шатландцы — сярод іх каля дваццаці адсоткаў рыжых, і я б не сказала, што яны непрывабныя. Ірландцы — самы прыгожы рыжавалосы народ.
— Гэта таму што іх продкамі былі кельты.
— Гэта я і без цябе ведаю.
— Цікава, а кім былі твае продкі?
Іра задумалася.
— Табе не здаецца, што ў нас сёння з табой асаблівы дзень?
— Не, наадварот — самы звычайны, — ён паглядзеў на наручны гадзіннік. — Адзінае, — я ўпершыню сяджу з табой на даху дома.
— А мне здаецца, — настойліва сказала яна. — Занадта шмат тэм, пытанняў, спрэчак, успамінаў. Чаму такога не было раней?
— І праўда, чаму? Нам жа як раз усяго гэтага не хапала.
— Вось менавіта…
Яны змоўклі і толькі зараз адчулі, якім гарачым было паветра. У Дзяніса спацелі падпахі, але ён ведаў, што Іра звыкла адносілася да яго мужчынскіх пахаў.
— Горача, — сказала яна.
— Дык рускія ці палякі? — заладзіў Дзяніс. — Палякі ці рускія?
— Палякі і габрэі, — супакоіла яго Іра. — Палякі па бацькавай лініі, а габрэі па матчынай.
— Ага, цяпер зразумела, ад каго ў цябе такія вялікія вочы.
— Верагодна ад бабулі.
— А валасы?
— Ужо і не ведаю, — сказала Іра, — усе мае сваякі цёмныя.
— Магчыма, тваім продкам перадаўся ген неандэртальца. Я чуў, нядаўна даказалі, што рыжы колер валасоў пайшоў ад іх. Хаця, мне больш падабаецца палымяна-пякучая ірландка.
— Толькі не трэба мяне так называць, добра? — насупілася Іра.