— Волечка, я не навучыўся рашаць задачы ў перспектыве. Нешта паўстане, тады і будзем думаць, праўда ж? — усміхнуўся бадзёра ў адказ.
— Можа, вы і правільна робіце, калі так… Віталь Андрэевіч, я не ведаю, чым аддзячыць вам. Не-не, не толькі за гэтыя дні. За гады. Вы столькі для мяне зрабілі, столькі вучылі…
— А вось тут стоп, — спыніў ён Волю. — Калі людзі шчыра сябруюць, яны заўсёды нешта адзін аднаму даюць, нечаму вучаць. І ты мяне навучыла…
— Я? Вас? Навучыла? Чаму? — шчыра здзівілася Воля.
— Вельмі важнаму, — сур’ёзна адказаў Віталь. — Ты навучыла мяне радавацца поспехам іншага чалавека, які табе быццам і ніхто, больш за тое — быццам і канкурэнт. А такая навука каштуе дорага. Не смейся. Не дзіва, калі на тое, што нехта больш таленавіты, больш паспяховы, больш папулярны людзі быццам закрываюць вочы. Зайздросціць і ігнараваць сёння людзі навучыліся. А вось радавацца поспехам іншага — гэта надзвычай цяжка. Прыняць, што нехта ўмее лепш за цябе — удвая цяжэй. Але, калі навучышся прымаць, дык тады і радасці ў тваім жыцці ўдвая больш.
— Не чакала, па шчырасці, — крыху сумелася Воля, памаўчала, быццам раздумваючы над тым, якое пытанне задаць, і спытала нечакана для Віталя:
— А можна я задам вельмі асабістае пытанне?
Ён уздрыгнуў, але кіўнуў згодліва:
— Калі яно не надта сакрэтнае…
— Чаму вы не жанаты?
Віталь сеў, падкінуў галля ў касцёр — ён бачыў, як Воля ціснецца бліжэй да агню і час ад часу дробна ўздрыгваюць яе плечы.
— Прабачце…
Віталь азірнуўся на Волю і ўсміхнуўся ветла:
— Дзівачка, за што прабачэння ппросіш?
Сеў, пачаў гаварыць, асцярожна выбіраючы словы, быццам адкрываў нейкую надзвычай важную таямніцу:
— Ведаеш, Волечка, калі б ты мне задала такое пытанне да гэтага вострава, дык я б табе, не задумваючыся, адказаў: не склалася. З першай не склалася, пасля не складвалася з іншымі жанчынамі. Мы, людзі, прыдумалі для сябе гэтае ўніверсальнае «не склалася». І што за ім — ніхто надта не імкнецца спасцігнуць. Так прасцей, так лягчэй. Не твая віна, не твая параза, а нешта нейкае недзе там у нябёсах не склалася…
— А што змянілася на гэтым востраве? — асцярожна спытала Воля, бо Віталь замаўчаў.
— На гэтым востраве ты. І з табой я зразумеў вельмі важную рэч. І зразумеў, чаму я не жанаты, чаму ў мяне не складвалася.
— Я падказала? Якім чынам? — ажно трошкі напалохалася Воля.
— Ты падказала, Воля. Ты мне падказала, што каханне — гэта не толькі гатоўнасць аддаць усяго сябе, ахвяраваць. Каханне — гэта яшчэ і ўменне прыняць…
8
Распалілі вялікі касцёр, накідалі ўсё, што назбірала Воля ўчора. Рабілі гэта больш па заведзенай звычцы, чым па неабходнасці. Бязветраны ранак даваў дыму ўзнімацца слупам. Снедалі рэшткамі разагрэтых на агні кавалкаў чаплі.
Усе разам прыйшлі да берага канала, дзе горкай ляжалі тонкія сасновыя бярвенцы.
— Ну, Данік, давай будзем рабіць наш плыт, на якім мы паплывём дадому!
Цёмная вада канала была як гарачая, туман над ёй падаваўся парам. Віталь не стаў марудзіць, выбраў дзве папярэчыны, паклаў іх канцамі ў ваду, на іх — таўсцейшае бярвенца.
— Самае галоўнае нам зараз — добра пачаць, — тлумачыў ён. — Ты, Воля, трымай гэтую папярэчыну, а ты Данік — гэтую. Прысядзь, хапі яе, ага, вось так… Не, не цісні, не цягні, проста трымай, каб яна не спаўзла раней патрэбнага ў ваду. А я буду прывязваць…
З даўжэйшай вяроўчынай, звязанай учарашнім вечарам ля вогнішча, ён рушыў у ваду, сцепануўся — яна была халодная, даходзіла да грудзей. Прымусіў сябе забыцца на холад, зрабіў першы вузел, пасля другі на іншай папярэчыне.
— Малайцы, пачатак пакладзены! Цяпер адпускайце… Волечка, давай па чарзе бярвенцы нашыя, кладзі на папярэчыны, соўгай да мяне…
Ён, ашчаджаючыся, перахопліваў крыж-накрыж па два, па тры бярвенцы з папярэчынай. Калі перайшоў мацаваць на другі бок, Воля, пабачыўшы, як яму не вельмі зручна, зайшла ў ваду, войкнула ад неспадзяванага холаду:
— А з выгляду дык і цёплая, — апраўдалася яна і прапанавала: — Давайце, кажыце мне, як і што трымаць…