— Абодва мы з ім, з гаспадаром бору, старыя дзяды. Пара было нам памірыцца і частаваць адзін аднаго з табакерак. Але дзе там! Не хоча воўк з зайцам сябраваць — вольнаму воля. Ведаеце, што я вам скажу, дзеткі мае?
— А што, дзядок?
— Сёння ў лазню пайду. Пасля лазні буду доўга спаць. Таму хачу тут ля гэтага карча прадоўжыць апавяданне гісторыі нашага Дзіда-дзеда. Эге! Толькі вы, малыя, слухайце вушкамі, а вочкамі глядзіце направа і налева, каб нечакана стары воўк зноў не трапіў сюды. Бо калі возьме за вушы хоць старымі зубамі,— усё роўна не выпусціць. Хто ж тады нашы грыбы есці будзе?
Дзед працягваў спыненае ўчора перад сном апавяданне:
— Дзіда-дзед нёс дахаты табакерку з палонніцай. За пазухай, на голых грудзях халоднае серабро табакеркі пякло яго агнём. Ён прыціскаў рукой маленькую скрыначку, за якую любы кароль аддаў бы ўсё сваё каралеўства. За гэту скрыначку народы гатовы былі насіць на руках Дзіда-дзеда, як героя, як вызваліцеля усяго свету ад тысячагадовай бойні. Ён, Дзіда-дзед, іццявіў нясмелую мару ўсяго жывога на зямлі: запаланіў адвечную грабежніцу жыцця, выцер слёзы з усіх вачэй, знішчыў страх небыцця.
Адчуванне Дзіда-дзеда было дзіўнае. Думкі ў галане пераскоквалі адна праз адну, як вырай птушак, які спяшаецца ў вечнае лета. Яму здавалася, што ўсё гэта не ява, не сапраўднасць, а сон, казка. Пакуль што ён усё будзе трымаць у вялікім сакрэце. Нават сваім родным, вечна напалоханым зайчыкам не раскажа.
Дзіда-дзед аглядаўся навокал — на возера, на лес, на неба, на паплавы і ўзрадаваўся: «Мне ж цяпер не трэба баяцца нікога і нічога». Раптам пачуў здалёк грукат фурманкі і крык чалавека на каня: «Но-о-о! Но-о-о!» Дзіда-дзед па старой прывычцы трывожна навастрыў вушы, але тут жа схамянуўся і зарагатаў на ўвесь голас:
— Го-го-го-о-о! — і закрычаў чалавеку, які не чуў яго: — Ці ведаеш ты, чалавеча, якім ты стаў шчаслівым? Калі едзеш з хворым дзіцем да доктара — вярніся дахаты! Доктар ужо нікому не патрэбны. Няма Смерці! Чуеш? Няма Смерці! Няма!
Ён глядзіць на сонца, на птушак у небе, I ў яго галаве не тоўпіцца вялікая на ўвесь свет радасць... «Заўсёды, заўсёды буду на ўсё гата глядзець... На месцы ранейшых магільнікаў цяпер зацвіце яблыня». Ён пачаў падскокваць, танцаваць, кружыцца, як уюн. Свет стаў цесны ад радасці. Ён заспяваў:
Раптам ён спыніў песню і пачаў узірацца ў бярэзнік. Вочы яго напоўніліся роспаччу і расчараваннем. Ён акамянеў. Вось што Дзіда-дзед, вечная памяць яму, угледзеў.
Па сцежцы з усіх сіл імчыцца воўк — малады, аграмадны, магутны. Яго ногі пругкія, і лёгкія на скаку. Ён знекуль цягне авечку... Ці ж так? Не! Не! Не! Дзіда-дзед пачаў супакойвацца. Беласнежная авэчка ляжыць на воўчай спіне, гайдаецца, як на пярыне, і зусім не баіцца. Вочы яе лагодныя. Яна не бляе, а пазірае з цікавасцю на белагрудыя бярозкі колеру яе шэрсці.
Вочы ў ваўка, спачатку злыя, з драпежніцкім жоўтым бляскам, пакрысе робяцца добрымі, спакойнымі, бадай-што такімі, як у авечкі. Нібы нутро звера пачынае астываць ад таго страшнага пекла і смагі ў крыві, якое паліла яго самога, яго бацькоў і дзядоў. Воўк змяншае свой тон, пакуль зусім не спыняецца. Крыху прыхіляе пярэднія ногі, і з яго спіны павольна, нібы з карэты, злазіць авечка.
I авечка і воўк пачынаюць з цікавасцю абнюхваць адно аднаго. У іх выгляд брата і сястры, якія дагэтуль шмат год не бачыліся. Яны ліжуцца, кладуць галовы адно аднаму на карак з нязведанай дагэтуль пяшчотай. У ваўка пачынаюць нараджацца новыя, незнаёмыя яму самому гукі: ён буркуе, як голуб.
Доўга паглядаюць яны адно на аднаго, пакуль авечка пачынае мірна шчыпаць траву. Воўк доўга нюхае траву, ліжа языком, дзівіцца нечаму ледзь не з чалавечым выразам у вачах і постаці, круціць галавой і кідаецца з наскокам на траву, як на падатлівае горла авечкі. Пару разоў ён выплюнуў траву, прысеў на заднія лапы і давай ірваць траву пярэднімі лапамі і зубамі — і глытаць камкамі, нібы мяса. Пакруціў галавой, шпарка ўскочыў і схапіў авечку за гарляк.
Авечка ўслужліва падставіла ваўку горла, ніба хацела сказаць: «Калі табе прыемна, рэж мяне...» Воўк з агідай адскочыў ад авечкі, прыпаў бокам да бярозы і завыў. Выццё павольна перайшло ў сабачы радасны візгат.
Воўк высока падскочыў, нібы хтосьці мацнейшы за яго падкінуў яго ўгору, і пачаў кружыцца на адным месцы ў радасным вар'яцтве. Сам ён захапіўся сваім танцам і пачаў падбрыкваць. Пры гэтым хвост скручваўся ў абаранак і зноў раскручваўся.
Воўк гулліва падсунуўся да авечкі і давай ілбом бадаць яе ў бок. Авечка строга патупала нагой, грэбліва на яго зірнула і накіравалася назад у вёску. Воўк, апусціўшы галаву, як вінаваты, ціха патрусіў за ёю.
Дзіда-дзед з захапленнем назіраў за ваўком і авечкай. Што гэта? Міра зямлі? Ці ж так? Што ж... без ветру і дуб не шуміць. Калі Зміцер хіцер, дык і Матрона не варона. Паспрабую і я!
Доўга не думаючы, Дзіда-дзед скокнуў ваўку на спіну. Воўк задрыжаў, спудзіўся, павярнуў галаву і лізнуў Дзіда-дзеда ў калена. Дзіда-дзед дастаў з кішэні доўгу вяровачку, накінуў на галаву ваўка, як аброць, і пакіраваў ваўка ў бярэзнік. Вазіў я цябе сваімі касцьмі, павязі ж ты мяне хоць на спіне! Ты ж, Мікіт М, не хвор...
Воўк паслухмяна павярнуўся і патрусіў дробным крокам.
Першы раз у жыцці Дзіда-дзед, каб яму лёгка ікалася на тым свеце, зрабіўся казаком — на ваўку конна паехаў. Стукнуў ён пару разоў пяткамі, нібы шпорамі, ваўка ў бакі — і воўк памчаўся па лясной сцяжынцы. Дзіда-дзед радаваўся ды толькі вусамі вадзіў направа і налева.
Тым часам вядомая на ўсю аколіцу пляткарка і звадыятка сарока-белабока мо ў дзесяты раз звоніць ва ўсе сарочыя званы і трубіць ва ўсе сарочыя трубы:
— Калі Смерць падышла да Зайца, ён вельмі спалохаўся. Гэта ж на ўсім свеце вядома баязлівасць зайцаў. Аб гэтым людзі ў сваіх кнігах друкуюць. Заяц глядзіць на Смерць, дрыжыць і не ведае, што рабіць. Я тады падскочыла, вырвала ў Зайца табакерку, адчыніла яе і кажу да Смерці: «Нюхай, матулька, нюхай, цётачка! Нюхай, золатца! Нюхай, ягадка! Нюхай, карміцелька наша, абараніцелька наша!» Яна, Смерць, прыгнула нос да табакеркі, а я, доўга не чакаючы, кульнула яе ў табакерку і хлоп табакерку на ўсе замочкі! Я, мае родныя, павесіла на табакерцы замок з пуд. «Не вылезеш, гадаўка, кажу. Сядзі і не свавольнічай, кажу. Тытунь, кажу, нюхай і паганыя лыткі свае чухай!» Каб у мяне крыллі адваліліся, калі не так! Каб мне раса вочы выела, калі не так! А Заяц зайцам — баязлівы і хітры — прыстаў да мяне смалой: «Аддай табакерку!» Яго ўласная, кажа, табакерка! I давай бэсціць мяне на чым свет стаіць. «Ты, кажа, такая, ты сякая, ты і гэткая!» Аж у мяне вушы вянулі ад яго брыдкіх слоў. Я зазлавалася ды тыцнула яму табакеркай у зубы. «Нюхай, кажу, калі твая табакерка!» Ён — табакерку за пазуху ды нават не падзякаваў... Наадварот — вылаяў: «Шышкі, кажа, глытай і смалой запівай».
Едзе сабе Дзіда-дзед на ваўку, слухае, як сарока меле языком і смяецца. Бяда яму, калі сарока выдумляе хлусню. На тое ж сарока! Ці ж разумнаму Дзіда-дзеду адгуквацца на яе брахню? У разумнага вочы і на патыліцы сядзяць. Ён ведае ўчарашні дзень, ён без акуляраў бачыць і заўтрашні.
Дзіда-дзед разумеў, што Сарока сарокай астанецца, хоць яна цяпер і неўміручая. Каб увекавечыць яе асабіста, ён і не стараўся б пасадзіць Смерць у табакерку. Эге!
А тым часам у лесе такая радасць, нібы ўсе толькі што выратаваліся ад страшнага пагрому, які цягнуўся з тых далёкіх часоў, як свет стаіць на сваіх уласных ножках.
Птушкі спявалі як ніколі. А якія птушкі? — ранейшыя лютыя між сабой ворагі. Каршуны і вераб'і, арлы, галубкі, сокалы, вароны, крумкачы, дразды, дзятлы, буслы, плісачкі, сініцы, зяблікі, удоды, зязюлі, качкі, селезні і многія-многія іншыя розных парод і плямён.
Навокал іх кружацца мухі, пчолы, авадні, осы, матылькі, жукі і жучкі. Арол пасадзіў сабе на магутную спіну статак кволых гусянят ды вандруе, лунае з імі над лесам асцярожненька, каб яны не зваліліся ўніз. I не бяда, калі зваляцца, бо не заб'юцца.
Муха вучыцца ў павука ткаць. Ці ж яна хоча стаць ткачыхай?
Смерць запалонена. Усе жывыя істоты цяпер не ўміручыя. Як жа ім не радавацца ды не гуляць?