— Стаць добрым скамарохам не лягчэй, чым стаць арлом альбо сокалам,— сказаў дзед.— Бо хто ўмее лятаць у сваіх думках, у таго вырастаюць і крыллі. Эге! Але ёсць стварэнні, якія трубяць аб тым, што лятаюць, а яны толькі скачуць, як блохі. Эге! Прынясіце, дзеткі, палын і насыпце ў маёй каморцы. Кажуць, што блохі вельмі баяцца палыну.
Скамарохі
Заўтра раніцай дзед прыступіў да апавядання. Ён пачаў так:
— Думаць добра заўсёды, а выдумляць — не заўсёды. Калі б, скажам, скамарохі толькі выдумлялі, яны былі б вельмі кепокімі скамарохамі. На прыкла дзе аб козах і розных стракозах яны паказваюць жыццё... Скамарохам з Дзіда-дзедавай гісторыі прыходзілася паказваць Смерць, бо людзі хутка аб ёй забылі і ім прыходзілася напамінаць пра Смерць, каб больш шанавалі жыццё.
Цар скамарохаў затрымаў сваіх падданых у чыстым полі да глыбокай восені. Ён набыў для сябе асобную палатку. Кожны раз пасля вячэры пры вогнішчы, калі ўсе клаліся спаць, ён запальваў свечку ў сваёй палатцы на ўсю ноч і пісаў кароценькія п'есы, якія ўдзень вандроўцы рэпеціравалі. Ён іх пісаў, ведаючы сваіх акцёраў — вялікіх і малых. Кожнаму з іх, паводле асабістага характару акцёра, цар скамарохаў пісаў ролю. Былі Дзярыгорлы, Дзярыголавы, Сокалы, Арлы, Мудрыя, Адважныя ды іншыя такія прозвішчы. Цар скамарохаў дамагаўся, каб кожны з акцёраў граў самога сябе. Гэта было вельмі трапна прыдумана. Прад стаўленні скамарохаў па вёсках і мястэчках, нават па гарадах, вельмі падабаліся. Людзі смяяліся да слёз.
Цар скамарохаў вымуштраваў льва, ваўкоў, сабак, коней для спецыяльных цыркавых нумароў. П'есы ён пісаў лёгкія і маленькія. Яны раніцой пісаліся, вывучаліся, а вечарам ставіліся.
Так яны пражылі ўсю зіму ў двух-трох гарадках і вёсках. Вясной яны зноў перабраліся ў сваю палатку.
У чыстым полі цар скамарохаў пісаў драму пад назваю «Смерць у табакерцы». У першай частцы паказвалася паляванне на Зайца. У другой частцы — як Заяц шукаў сваю табакерку, У трэцяй — як Смерць папалася ў табакерку. У чацвёртай частцы — як табакерка трапіла ў рукі каралевы Лялі. У пятай частцы як у каралеўстве Пінг-Понга каралева Ляля няньчыла Смерць у выглядзе чорнага Мопсіка на залатым ланцужку.
Так Дзіда-дзеда прасіў цара скамарохаў напісаць, каб адкінуць след ад сябе. Дзіда-дзед, светлай памяці, быў скромны і не хацеў, каб яму надакучалі.
Сёмка, былы паляўнічы, і яго сабака Кудлаты гралі свае ўласныя ролі, Дзіда-дзед перадаў сваю ролю маленькай Люсеньцы, а іншыя гралі астатнія ролі. Прымусілі граць Смерць адну з дачок Саўкі, а паню Сарачынскую — адну з дачок Юркі. Сам бацька паехаў да знаёмага майстра, і той зрабіў яму патрэбную для сцэны табакерку.
Пры першай пастаноўцы не маглі вырашыць цяжкі момант, як «Смерці» зрабіцца маленькай ды ўлезці ў табакерку. Гэта адбывалася за спецыяльнай шырмай. Для гутаркі Дзіда-дзеда са Смерцю шырма была таксама выкарыстана. На адным баку шырмы з боку сцэны стаяў Дзіда-дзед, а на другім баку шырмы — Смерць. Дзіда-дзед трымаў у руках табакерку, і здавалася, што Смерць гаворыць з табакеркі. На шырме былі намаляваны лес і кусты.
Першы спектакль быў пастаўлены ў адным гарадку, дзе цар скамарохаў наняў у багатага чалавека вялізны сарай пад часовы тэатр-цырк.
Прадстаўленне «Смерць у табакерцы» карысталася вялікім поспехам. Прыходзілі і старыя і малыя...
З гэтым спектаклем скамарохі вандравалі аж два гады па розных мясцінах і краінах.
Сарокі паведамілі сваёй роднай пані Сарачынскай, гэта значыць каралеве Лялі, пра гэтае прадстаўленне. Каралева Ляля была вельмі задаволена і запрасіла скамарохаў у каралеўскі палац. Дзіда-дзед не захацеў туды ехаць. Тады каралева Ляля задумала прыехаць на адзін са спектакляў.
Кароль Пінг-Понг не меў на гэта вялікай ахвоты, але што было рабіць, калі жонка загадала. Кароль вельмі баяўся каралевы, каб не зацкавала яго Мопсікам-Смерцю.
— Ехаць, дык ехаць,— сумна сказаў ён.
— Чаго так сумуеш, дарагі муж! — сказала каралева.— Трэба ж хоць раз паказацца народу, а то мы ніколі народу не паказваемся. Вечна сядзім у палацы, як у мармурова-залатым астрозе. Для твайго здароўя, мілы Пінг-Понг, гэта паездка вельмі карысная.
Кароль і каралева, канцлер, міністры, і царадворцы, і фрэйліны, і пажы, і камергеры, і камердынеры — усе-ўсе рыхтаваліся ў дарогу.
Тысячы бегуноў, танканогіх, мускулістых, лёгкіх, як алені, загарэлых, без вопраткі, апрача пурпуровых кароткіх штаноў, трубілі па ўсіх дарогах у сярэбраныя трубы і крычалі:
— Саступайце з дарогі! Едзе кароль Пінг-Понг, а з ім каралева Ляля! Каралева Ляля трымае на залатым ланцужку Мопсіка-Смерць!
— Смерць! Смерць! Смерць! — перадавалі людзі адзін аднаму вельмі спалоханыя і не толькі саступалі з дарогі, але ўцякалі на некалькі міль ад дарогі.
Прыдарожныя вёскі, мястэчкі і гарады апусцелі. Насельніцтва пахавалася па лясах. Нягледзячы на тое, што каралева Ляля набыла славу добрай, людзі баяліся, каб яна не спусціла на іх Смерць з залатога ланцужка. Як гэта кажуць: авечка баіцца не пастуха, а яго пугі.
За тысячамі каралеўскіх бегуноў ішоў полк лейб-гвардыі і рассцілаў па дарозе пышны аксаміт. За войскам былі расстаўлены абапал дарогі скрыпачы і гарманісты, дудары і флейцісты, барабаншчыкі і арфісты, гусляры і цымбалісты. Яны і ўдзеыь і ўночы гралі маршы ў чэсць караля Пінг-Понга і каралевы Лялі. Па дарозе раз'язджалі каралеўскія пажы з пальмавымі галінамі ў правай руцэ і вядзерцамі з духмянамі ў левай. Яны апырсквалі духмянамі пышны аксаміт на дарозе, каб смачна пахла.
За пажамі ехалі на белых сланах каралеўскія кухары з паходнымі кухнямі, у якіх гатавалася ежа. За імі ішлі лакеі ў доўгіх рыжых парыках, апранутыя ў белыя рэйтузы, у жоўтыя камзолы з залатымі галунамі і расстаўлялі абапал дарогі сталы, засцеленыя пурпуровымі абрусамі. Яны расстаўлялі на сталах ежу і розныя дарагія віны з лепшых княжацкіх скляпоў усяго свету.
Гэта на той выпадак, калі па дарозе каралеўскай сям'і захочацца есці.
З правага і з левага боку кожнага століка стаяла па адной прыгожай нявольніцы з распушчанымі валасамі, у блакітным адзенні з крыллямі за спіною, па-мастацку зробленымі з белага шоўку. Яны чакалі праезду караля і каралевы другія суткі з бакалам віна ў правай руцэ і з веткай вінаграду ў левай.
Калі каралеўскія міністры агледзеліся, што апусцелі гарады і сёлы, яны паслалі войска ў лясы па народ, які зганялі на дарогу бізунамі. Народу было строга загадана стаяць абапал дарогі з сагнутымі да самай зямлі галовамі, пакуль не праедзе залатая каралеў ская карэта, якую вазіла дванаццаць ільвоў.
У людзей балелі спіны, кружыліся галовы, аднак, баючыся гневу каралевы, яны стаялі сагнутыя ў крук.
Урэшце каралеўская карэта, а за ёю цэлы карнавал бліскучай світы прыехалі на спектакль.