Дзед спыніў апавяданне і дарваўся да тытуню. Унукі запыталіся:
— Кій дзесяты б'ецца?
— Кожны кій б'ецца, дзеткі мае, калі пападзе ў злосныя рукі... Ага! Добра што ўспомніў, дзеткі. Вазьміце парашок, што я ўчора купіў у аптэцы, і пасыпце на мой стол. На ім завяліся тараканы.
У караля Пінг-Понга
Пасля вячэры дзед запытаўся ва ўнукаў:
— Вы памятаеце пані Сарачынскую?
— Яна апранулася ў пер'е прыгожай Павы,— сказаў унук.
— Саўка даў ёй табакерку з ружай і запісачкай, але без Смерці.
— Згодзен! — узрадаваўся дзед.— Цяпер слухайце. Эге! Пані Сарачынская паляцела тады ціхачом да хірурга. Пацягнула за званок, яе ўпусцілі. Хірург — высокі, чарнявы заіка — здзівіўся. Пасля таго як Дзіда-дзед схаваў Смерць у табакерку, ніхто ў хірургах не адчуваў аніякай патрэбы.
— Вы, ма-ма-ма-ма-дам Пава, па якой справе? — запытаўся ён.
— Я,— сказала пані Сарачынская,— хачу, каб вы мне зрабілі аперацыю.
— А-пе-пе-пе-р-рацыю?! — здзівіўся хірург.— Цяпер?!
— Цяпер,— сказала пані Сарачынская.
— Што вам б-б-баліць?
— Нічога не баліць. Хачу нешта схаваць у жываце, каб ніхто не ўкраў,— тлумачыла Сарока.
— Пе-пе-першы в-вып-п-падак у маёй п-практы-цы,— здзівіўся хірург.— Што ж! Ап-п-перацыя лёгкая... Ніхто цяпер па-па-памерці не м-м-можа. Жыццю па-па-па-пагрозы няма. Што ма-ма-ма-мадам Пава хоча схаваць?
Пані Сарачынская паказала яму табакерку.
— С-с-с-са С-с-смерцю? — здзівіўся хірург і выпучыў на яе вочы.
— Са Смерцю! Толькі няхай пан хірург не баіцца, табакерка моцная. Смерць не выскачыць.
— Я не ба-ба-ба-баюся Смерці,— сказаў хірург.— Мы з ёй добрыя знаёмы-мыя!
Яны старгаваліся. Пані Сарачынская наперад заплаціла чыстым золатам. Хірург адзеў белы халат і ўзяўся за свае інструменты. Пані Сарачынская папрасіла хірурга, каб ён па памылцы не адрэзаў ёй крыло. Колькі ён не даваў ёй на сон — сон яе не браў.
— Мне балець не будзе,— сказала Сарока.— Бо разам са Смерцю прапаў і боль.
Калі хірург пачаў рэзаць жывот, ёй добра забалела, але яна сцярпела, сцяўшы рот, і была задаволена, што не заснула. Каб яна заснула, ён мог бы палажыць ёй у жывот камень, а табакерку сабе забраць. Табакерка была зашыта ў сарочым жываце моцнымі шаўковымі ніткамі.
Зараз жа пасля аперацыі пані Сарачынская паляцела ў свет.
Сарока ляцела ў свет, а яе цётка ляцела наперадзе і кракала на ўвесь свет, што табакерка са Смерцю знаходзіцца ў адной Павы-красуні. А наперадзе цёткі Сарокі ляцела родная сястра Сарокі і раструбіла, што прыгожая Пава схавала табакерку ў такім месцы, што ніхто яе ніколі не знойдзе. А ў другім канцы свету другая сястра Сарокі выдумала, нібы прыгожая Пава кладзе залатыя яечкі з дыяментавымі бялкамі і рубі навымі жаўткамі. А ў трэцім канцы свету трэцяя сястра Сарокі нахлусіла, што ў цудоўнай Павы ёсць на востраве Гайда-Гайда палац з белага мармуру і што яна прынцэса і катаецца на шасцёрцы арлоў у залатой карэце. А чацвёртая сястра Сарокі пусціла чутку, што гэта не Пава, а пераапранутая ў Паву дачка караля Траляляя з зямлі Гуляляя і яе сапраўднае імя — Ляля.
Гэтыя чуткі дайшлі да вушэй маладога караля Пінг-Понга за трыдзевяць зямель, за марамі-акіянамі.
Кароль Пінг-Понг насіў тады чорную жалобу па чорнай Смерці, палон якой атруціў яму жыццё і спыніў усе яго радасці. Бо раней ён кожны дзень перад снеданнем для прыемнасці ўласнай рукой адсякаў галаву аднаму са сваіх падданых, а калі Смерць апынулася ў табакерцы, гэта прыемнасць кончылася. Як ён не спрабаваў размахваць мячом, яго рука не магла апусціцца на галаву чалавека, каб забіць яго.
Кароль Пінг-Понг перастаў есці, засумаваў і высах так, што страшна было на яго зірнуць. Кароль за вочы палюбіў прынцэсу Лялю, дачку караля Траляляя. Ён паслаў свайго канцлера да невядомага караля ў невядомую зямлю перадаць бацьку прынцэсы Лялі багатыя падарункі, нізкі паклон і просьбу, каб той аддаў яму, Пінг-Понгу, прынцэсу Лялю за жонку.
Тым часам пані Сарачынская ў пер'ях Павы, з табакеркай у жываце, нібы зацяжараная Смерцю, даведалася, што ў яе закахаўся кароль Пінг-Понг, і паляцела адразу ў яго каралеўства.
«Вечная будзе цяпер любоў Пінг-Понга да мяне»,— думала фальшывая Пава і да таго ўзганарылася, што задзірала нос перад арламі і сокаламі.